15 сакавіка- Дзень спажыўца

Нельга сказаць, што супрацоўнікі раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі жаданыя госці ў гандлёвых кропках. Тым не менш, праверкі санстанцыі былі і прызначаны ў першую чаргу для таго, каб абараніць нас, пакупнікоў, ад набыцця няякасных тавараў, пракантраляваць адпаведны санітарна-гігіенічны стан памяшканняў для гандлю. Такім чынам санэпідэмработнікі стаяць на варце правоў і законных інтарэсаў спажыўцоў.
Як расказаў урач-гігіеніст райЦГіЭ Віталій Дзегцяроў, у мінулым годзе было праверана каля 50 аб’ектаў гандлю розных формаў уласнасці. Падчас праверак на большасці з іх выяўлены факты парушэння санітарных нормаў і правілаў. У 36 магазінах рэалізоўваліся харчовыя тавары з сышоўшым тэрмінам прыгоднасці. У асноўным гэта прадукты, што хутка псуюцца: каўбасы, малочныя і кісламалочныя, кулінарныя вырабы і г.д. Хаця сустракаецца і пратэрмінаваная кансерваваная прадукцыя. З’еў такую «смакату» — трапіш з атручваннем на бальнічны ложак.
— Яшчэ адно даволі частае парушэнне — незахаванне тэмпературнага рэжыму для прадуктаў. Загадчыкі магазінаў ці прадаўцы ўступаюць у спрэчку, калі, напрыклад, знаходзім замарожаную курыцу, якая захоўваецца больш як месяц, маўляў, тэрмін захоўвання гэтага паўфабрыкату 3 месяцы. Але не ўлічваюць, што захоўваць такі час можна пры пэўнай тэмпературы, а ў халадзільніку на момант праверкі яна, як правіла, значна вышэйшая, — тлумачыць Віталій Дзегцяроў.
Кожнаму пакупніку трэба быць уважлівым у магазінах і абавязкова звяртаць увагу не толькі на тэрміны прыгоднасці тавару, але і на тэмпературны рэжым і суседства прадуктаў. Пракуратурай раёна сумесна з аддзелам эканомікі райвыканкама і райЦГіЭ летась праводзіўся маніторынг захавання заканадаўства аб абароне правоў спажыўцоў і гандлю ў магазінах і аўталаўках. Як адзначыў у тлумачальнай запісцы пракурор Ляхавіцкага раёна Аляксандр Ярашэвіч, падчас сумесных рэйдаў былі правераны 11 кропак гандлю райпо ў сельскай мясцовасці. У кожнай выяўлены парушэнні (незахаванне таварнага суседства, тэмпературнага рэжыму, іншых санітарных патрабаванняў) і выдадзены рэкамендацыі па іх ухіленні. І яшчэ адно даволі частае парушэнне — недастатковы асартымент па асобных таварных пазіцыях. Старшыні праўлення райпо вынесена прадстаўленне.
Што неабходна ведаць нам, пакупнікам? Калі вы купілі ў краме тавар і дома заўважылі, што тэрмін прыгоднасці яго сышоў ці смакавыя якасці пагоршыліся з-за незахавання правілаў захоўвання, вяртайцеся з гэтым прадуктам назад у магазін. Вам абавязаны вярнуць грошы ці памяняць тавар на якасны — гэта па законе. Можна паведаміць пра гэты факт у цэнтр гігіены і эпідэміялогіі. Каб на такую вудачку да нядобрасумленных гандляроў не трапілі іншыя.
Галіна КАНЬКО.

Фота з сайта http://vecherniy.kharkov.ua

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *