Футбол па-сямейнаму. Фестываль «Тата, мама, я – футбольная сям’я!» прайшоў у Ляхавічах

Захапляльна, здорава, цудоўна, весела – так можна ахарактарызаваць дзейства, якое адбывалася ў мінулую суботу на гарадскім стадыёне «Колас». Каля 40 сем’яў ляхавічан, а таксама гасцей з Баранавічаў прынялі старт у спартыўным фестывалі «Тата, мама, я – футбольная сям’я!».

Знаёмцеся – адна з дружын-удзельніц. Капітан каманды пенсіянер Аляксандр Біза. Яго дочкі – трэнер СДЮШАР па гандболе Аксана Лойка, настаўніца геаграфіі і біялогіі Падлескага ДС – БШ Дзіяна Карнеенка, унукі Максім і Іван.

– Любоў да спорту ў нас сямейная традыцыя. Калісьці ў дзяцінстве менавіта дзякуючы бацьку я захапілася футболам. Гуляла не горш за хлопцаў. Таму, мусіць, і прыйшла ў спорт, стала трэнерам. Сын Максім таксама займаецца гандболам, марыць трапіць у склад знакамітага БГК імя Мяшкова, – расказвае Аксана Лойка.

– Наша задача не спорт высокіх дасягненняў, галоўнае – аздаравіцца, пасябраваць, правесці час са сваёй сям’ёй. Цудоўна, што столькі землякоў сябруюць са здаровым ладам жыцця, – падкрэсліў галоўны суддзя спаборніцтваў каардынатар футбольнага праекта ў Ляхавіцкім раёне Генадзій Новік, адкрываючы фестываль. Інструктар-метадыст ФСК «Колас» сакратар аргкамітэта фестывалю Марына Бусько адзначыла, што такое мерапрыемства, ініцыяванае Беларускай федэрацыяй футбола, праводзіцца на Ляхавіччыне другі год запар і збірае самых апантаных прыхільнікаў аднаго з папулярнейшых гульнявых відаў спорту – футбола.

Поле стадыёна было раздзелена на чатыры сектары. У кожным спаборнічалі асобна каманды: мужчын, прадстаўніц прыгожай паловы, а таксама дзіцячыя, падзеленыя на дзве ўзроставыя групы.

– Памідоркі, – так ласкава звяртаецца да самых юных футбалістаў у чырвоных майках дырэктар СДЮШАР Валянціна Русакевіч, – падыходзьце да мяне і зараз пачнём гульню.

Хто сказаў, што футбол не жаночая справа? Якая яшчэ жаночая, толькі больш эмацыянальная, узрушаная і вытанчаная. Што і пацвердзілі зямлячкі-ляхавічанкі, якія выдатна спраўляліся з мячом.

Энергія, сіла, моц, вытрымка – вызначальныя ў гульні, якую на футбольным полі дэманстравалі мужчыны. Форы ніхто нікому не даваў. Назіраць за міні-матчамі – супер- задавальненне, эмоцыі не саступаюць прафесійнаму футболу.

Сярод удзельнікаў фестывалю – медыкі, педагогі, супрацоўнікі пад-раздзяленняў Міністэрства па над- звычайных сітуацыях, пазаведамаснай аховы, дзяржслужачыя, работнікі СДЮШАР, камунгаса і інш.

– Штодня пачынаю раніцу з зарадкі. Прывучаю да гэтага і сыноў – трохгадовага Рому і сямігадовага Дзіму. Калісьці сам займаўся адзінаборствамі, цяпер вось старэйшы сын – футболам, другі год наведвае СДЮШАР, – расказвае супрацоўнік ваенізаванай аховы Беларускай чыгункі Генадзій Патоцкі.

– Люблю футбол, асабліва падабаецца быць абаронцам. Разам гуляюць мае сябры. Трэнер у нас самы леп- шы – Сяргей Рылко, – гаворыць Дзіма Патоцкі.

– Такія мерапрыемствы аб’ядноў-ваюць сям’ю, дзеці знаходзяць сяброў, ды і ў дарослых пашыраюцца магчымасці камунікатыўных зносін. З інтарэсам удзельнічалі ў фестывалі летась, таму прыйшлі і сёлета, – далучаецца да размовы мама – галоўны бухгалтар райсельгасхарчу Яўгенія Патоцкая.

Прагучаў фінальны свісток, і суддзі аб’явілі пераможцаў. Першае месца ў сям’і з аграгарадка Нача ў скла-дзе дзядулі Васілія Пастарнакевіча, яго дачкі Аляксандры Смаршчок і трох унукаў. Другое месца за сям’ёй Біза – Лойка – Карнеенка. На трэцюю прыступку паднялася сям’я Аляк- сандра Будавея – яго бацька Іван, жонка Алена і двое дзяцей. Дарэчы, 66-гадовы Іван Будавей атрымаў таксама прыз як самы ўзроставы ўдзельнік, а Ромка Уласень, якому няма нават трох годзікаў, – як самы маленькі. Вызначаны і самы трапны балельшчык, ім стаў Улад Філіпчык.

Пераможцы і прызёры ўзнагароджаны кубкамі, медалямі. Удзельнікі раённага этапу атрымалі майкі, футбольныя мячы – падарункі ад Беларускай федэрацыі футбола. А галоўны прыз фестывалю – добры настрой і выдатная атмасфера свята – дасталіся кожнаму, хто ў мінулую вераснёўскую суботу стаў удзельнікам ці гледачом спартыўнага дзейства.

Галіна КАНЬКО.

Фота аўтара.