Майстры рабіць парадак на зямлі— меліяратары Ляхавіцкага ПМС

У Ляхавіцкім прадпрыемстве меліярацыйных сістэм адбыўся справаздачны сход, на якім былі падведзены вынікі працы за мінулы год.
Дырэктар прадпрыемства Сяргей Юшкевіч расказаў калектыву, як спрацавала ПМС, і акрэсліў задачы, што стаяць сёння перад меліяратарамі. Адным з важных пытанняў, што вырашаліся на сходзе, стала прыняцце новага калектыўнага дагавора.
Не абышлося без уручэння ўзнагарод. Сёлета па прапанове прафсаюза ў арганізацыі вызначалі чалавека года ПМС. Ім стаў заслужаны меліяратар Беларусі экскаватаршчык Іван Краўчук, чый стаж работы больш за 30 гадоў. Такі статус сведчыць пра высокія прафесійныя дасягненні і надзвычай адказныя адносіны да працы. Атрымалі граматы і грашовыя прэміі лепшыя працаўнікі па выніках года — заслужаны меліяратар Беларусі экскаватаршчык Аляксандр Гутырчык, экскаватаршчык Андрэй Лашко, вадзіцель Уладзімір Шлег, бульдазерыст Уладзімір Халецкі, бухгалтар Валянціна Рыжко і трактарыст Сяргей Клімовіч.
Меліяратары ўдала спалучаюць вытворчыя дасягненні з шэфскай дапамогай. Вось ужо каторы год калектыў цесна супрацоўнічае з Мядзведзіцкай СШ: дапамагае школьнікам у добраўпарадкаванні тэрыторыі, арганізоўвае для іх экскурсіі на свае аб’екты для папулярызацыі прафесіі меліяратара. Вучні ўдзячны шэфам і на сход прыехалі з канцэртам, каб павіншаваць і пажадаць «пакарыцелям балот» новых вытворчых дасягненняў.
Дарэчы, прафарыентацыі на прадпрыемстве надаецца асаблівая ўвага. У ПМС зацікаўлены ў прытоку маладых спецыялістаў, гатовы заключыць дагавор на аплату навучання і ажыццяўляць даплаты да стыпендыі тым, хто выбярэ прафесію майстра па меліярацыі зямель, механізатара (экскаватаршчыка-бульдазерыста).
Моладзь тут вітаюць. Многія маладыя працаўнікі — члены БРСМ. На 6 бээрэсэмаўцаў прыбыло ў «палку» падчас сходу. Разам з білетам яны атрымалі ад кіраў-ніцтва арганізацыі каштоўныя падарункі.
Між іншым, адміністрацыя ўсяляк падтрымлівае работнікаў, арганізуе не толькі належныя ўмовы працы, але і адпачынак. Напярэдадні 23 лютага для мужчын была арганізавана паездка ў музей старадаўніх народных рамёстваў і тэхналогій «Дудуткі». У сакавіку плануецца паездка ў Мінск, каб атрымаць добры настрой ад цыркавога прадстаўлення. У планах — стварэнне музея меліярацыі, матэрыялы для якога збіраюць ужо сёння, каб паспець адкрыць яго да прафесійнага свята.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *