З днём нараджэння, Ляхавічы!

Гэты знак ведаюць усе, хто праязджае наш утульны прыгожы гарадок. Восенню тут асаблівая атмасфера. Хочацца збавіць скорасць і атрымліваць асалоду ад краявідаў Ляхавіч. Дарэчы, на знаку ёсць важная для нашага роднага месца дата. Менавіта ў 1492 годзе зафіксавана першае згадванне пра Ляхавічы. Свой 528-ы дзень нараджэння адзначае горад, які можа ганарыцца сваёй гісторыяй і сучаснасцю.

●Якія словы гавораць у дзень нараджэння? Самыя шчырыя і светлыя, добрыя і пяшчотныя. А калі віноўнік свята – самы любімы родны горад, хочацца сабраць усе лепшыя пажаданні вам, Ляхавічы. Утульныя, светлыя, прыгожыя – галоўнае, адзіныя і непаўторныя. Так, упэўнена, думае кожны, хто тут нарадзіўся, хто лічыць гэты куточак сваёй малой радзімай. Тут кіпіць жыццё і ніколі не стаіць на месцы: горад будуецца, аднаўляецца, пераапранаецца, радуе. Паглядзіце, колькі ў нас мястэчак, што заварожваюць, куды хочацца вяртацца зноў і зноў, многія ўжо занялі месца ў памяці смартфона і стужках Instagram. Безумоўна, у кожнага ляхавічаніна сваё месца для натхнення – паркі, сквер, набярэжная, пляцоўка ля кінатэатра, фантан або варкаўт-пляцоўка, але яно тут, з роднай геалакацыяй – Ляхавічы.
І людзі тут ветлівыя, добразычлівыя, працавітыя і адданыя сваёй зямлі. Яны штодня будуюць жыццё для сваіх нашчадкаў, праслаўляюць Ляхавіччыну ў дасягненнях, перамагаюць на спартыўных арэнах, здзіўляюць працоўнымі вынікамі. Адным словам, любяць і шануюць родны куток. І гэта самыя лепшыя пажаданні ў дзень горада.
З днём нараджэння, Ляхавічы!

На самыя вялікія святы нашай краіны ляхавічане традыцыйна прыходзяць сюды, на плошчу Перамогі. Аддаць даніну павагі героям Вялікай Айчыннай вайны, людзям, якія цаной уласнага жыцця заваявалі для наступных пакаленняў права жыць пад мірным небам, справа гонару ўдзячных нашчадкаў. Таму – кветкі да помнікаў, урокі памяці і ганаровая піянерская варта, а самыя пачэсныя месцы на святах – для ветэранаў, якія ў поўным сэнсе адчуваюць на сабе дзяржаўны клопат.
Сёлета ў ліпені ў райцэнтры з’явіўся музей пад адкрытым небам «З глыбіні стагоддзяў». На беразе Ведзьмы размясціліся 14 макетаў славутасцяў Ляхавіччыны. Над міні-копіямі шчыравалі настаўнікі і школьнікі раёна. Своеасаблівы музей дэманструе краязнаўчую і
турыстычную прыцягальнасць нашага краю.

На левым беразе ракі Ведзьма калісьці стаяла Ляхавіцкая фартэцыя, якая вытрымала не адну варожую асаду. На гэтым месцы больш за два дзесяцігоддзі назад усталяваны памятны камень-валун з выявай герба Ляхавічаў і ахоўным знакам.
Спорт і здаровы лад жыцця ў пашане ў ляхавічан розных узростаў. Не змяншаецца колькасць жадаючых займацца дзюдо, футболам, гандболам, лёгкай атлетыкай у СДЮШАР. Як і тых, хто жадае жыць здорава, і дзеля гэтага прыходзіць на гарадскі стадыён «Колас» ці тутэйшую варкаўт-пляцоўку.
Кінатэатр «Кастрычнік» нядаўна запрашаў на другое адкрыццё. А яшчэ менавіта гэта месца стала любімым у моладзі. Ужо другі год запар тут збіраюцца таленавітыя і актыўныя юнакі і дзяўчаты на музычную пляцоўку «Адкрыты мікрафон».
Апошнім часам у Ляхавічах з’явіліся новыя гандлёвыя кропкі, аб’екты грамадскага харчавання сучаснага фармату. Саліруе тут не толькі раённае спажывецкае таварыства, усё часцей радуюць гараджан і гасцей новымі аб’ектамі прадпрымальнікі.
Сёння парк па вуліцы Дзесюкевіча стаў цэнтрам дзіцячага прыцягнення. Тут усталяваны цудоўны гульнёва-спартыўны гарадок для юных ляхавічан і сямейнага адпачынку, у тым ліку і за спонсарскія сродкі прадпрыемстваў і арганізацый.
Дарэчы, у многіх дварах шматкватэрнікаў райцэнтра з’явіліся новыя дзіцячыя пляцоўкі з арэлямі і пясочніцамі, спартыўнымі пляцоўкамі.
За апошнія некалькі гадоў Ляхавічы прыраслі новым жылым мікрараёнам па вуліцы Інтэрнацыянальная.