Не вучэбная сесія. Члены Маладзёжнага парламента пры абласным Савеце дэпутатаў сабраліся ў Брэсце, дзе адбылося чарговае пасяджэнне

Адносна новая структура, якая актыўна і рэзультатыўна дзейнічае ў Беларусі на розных узроўнях – ад гарадскога да рэспубліканскага, Маладзёжны парламент. Такая пляцоўка для юнакоў і дзяўчат адкрывае выдатныя магчымасці для рэалізацыі шматлікіх ідэй, гэта школа раўнення на дарослых вопытных калег, якія заўсёды побач з маладымі дэпутатамі. Напрыканцы верасня члены Маладзёжнага парламента пры абласным Савеце дэпутатаў сабраліся ў Брэсце, дзе адбылося чарговае пасяджэнне.

Насычаная праграма дня пачалася з віншавальных прыемнасцяў. Маладыя людзі атрымалі ўзнагароды за ўдзел у конкурсе «Времён связующая нить». А пасля старшыня маладзёжнага дэпутацкага корпуса Юлія Рагашчук уручыла ўдзельнікам сесіі пасведчанні.
Ад імя Брэсцкага абласнога Савета дэпутатаў удзельнікаў сесіі вітала старшыня пастаяннай камісіі аблсавета Тамара Паўлюковіч. Яна адзначыла высокую актыўнасць маладых дэпутатаў, рэзультатыўнасць іх работы. Юнакі і дзяўчаты актыўна далучыліся да калег у складаны эпідэміялагічны перыяд і аказалі падтрымку тым, каму яна была неабходна. Парламентарыі заўсёды з ініцыятывай выступаюць у пытанні добраўпарадкавання сваёй малой радзімы. Нельга не згадаць пра заўсёдны ўдзел у мерапрыемствах у рамках 75-годдзя Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. Моладзь ведае праблемы, якія сёння хвалююць равеснікаў, і можа прапанаваць мноства варыянтаў вырашэння, бо размаўляюць на адной мове.
Пытанні, якія парламентарыі паставілі для абмеркавання, датычылі кааптацыі членаў. Зацверджаны склады пастаянных камісій, выбраны старшыні. У зоне адказнасці пяці камісій пытанні сацыяльна-эканамічнага развіцця і маладзёжнага прадпрымальніцтва, правапарадку і законнасці, сацыяльна-культурнай сферы і сацыяльнай абароны насельніцтва, экалогіі і аховы навакольнага асяроддзя, фізічнай культуры, спорту і турызму.
Важна, што напрыканцы сустрэчы кожная з камісій абмеркавала свае планы работы, прадставіла розныя варыянты праектаў, сярод якіх і пляцоўка для пераймання вопыту ў прадпрымальнікаў, што дасягнулі пэўных поспехаў у сваёй дзейнасці. Не менш важныя ў гэтым плане прававы аспект і юрыдычная граматнасць. Прагучала прапанова стварыць для маладых спецыялістаў пляцоўку для супрацоўніцтва і ўзаемаразвіцця.
Адукацыйны праект «Школа дэпутата» прэзентавала рабятам памочнік дэпутата Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь сёмага склікання кіраўнік праекта Святлана Цюга. Арганізатарамі праекта сталі Брэсцкі абласны Савет дэпутатаў, Брэсцкі абласны выканаўчы камітэт і Брэсцкі дзяржаўны ўніверсітэт імя А. С. Пушкіна. Каштоўнасць такой адукацыйнай прапановы ў тым, што ў рабят ёсць магчымасць бясплатна атрымаць веды, накіраваныя на фарміраванне прафесійных кампетэнцый і павышэнне прававой культуры слухача. Сярод задач праекта – і выхаванне палітычнай культуры. Не менш важна і фарміраванне рэзерваў кіруючых кадраў.
Шчыры і адкрыты дыялог адбыўся з начальнікам аддзела па справах моладзі аблвыканкама Ігарам Саюком.
Другая палова дня была экскурсійнай. Маладыя дэпутаты наведалі Маладзёжны патрыятычны цэнтр, цэнтр алімпійскага рэзерву па футболе.
Прыемным завяршэннем дня сталі каментарыі рабят у мэ-сэнджарах пра тое, што сустрэча надала зарад бадзёрасці, энергіі, мора пазітыўных эмоцый.

У ТЭМУ

25 верасня Магілёў адкрыў чараду маладзёжных форумаў «Беларусь – гэта мы». Яго ўдзельнікамі сталі чатыры тысячы чалавек.
«Мне хацелася б, каб кожны з вас памятаў, што будучае Беларусі нельга пабудаваць, калі адмовіцца ад мінулага і разбурыць сучаснае. Нас шмат, і мы розныя, але Беларусь у нас адна», – адзначыў Намеснік Кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Андрэй Кунцэвіч, вітаючы ўдзельнікаў маладзёжнага форуму.

Маргарыта КУХТА.

Фота аўтара.