Вам не свеціць? Ляхавічане скардзяцца на адсутнасць святла за спартыўнай школай

З прыходам асенне-зімовага сезона пачынаецца перыяд «іду на працу – яшчэ цёмна, іду з працы – ужо цёмна». Каб трохі прыўнесці хоць і не сонечнага, але святла ў цёмныя будні, камунальнікі сочаць за станам асвятлення ў горадзе. І даволі паспяхова – «падсветлены» і цэнтр, і аддаленыя ад яго вуліцы. Але не ўсе…

Літаральна днямі ішла ўвечары праз сквер каля сярэдняй школы № 2. У дзяцей скончыліся ўрокі, рабяты высыпалі з дзвярэй школы.

Кагосьці сустрэлі бацькі, хтосьці разбіўся на невялікія кампаніі і ўжо разам з сябрамі адправіўся дадому. І калі ў скверы ўсе ліхтары працавалі спраўна, то пры падыходзе да спартыўнай школы станавілася ўсё цямней. А калі прайшла за школу – святло і зусім знікла.

Дарога з пліт, якая вядзе да дамоў на вуліцы Будаўнікоў, абрамлена з аднаго боку ліхтарамі, але яны чамусьці не працавалі. Ці варта казаць, што такая прагулка «ўсляпую» трохі напружыла і мяне, дарослага чалавека. Што ж гаварыць пра дзяцей…

Добра, калі па шляху тваім аднакласнікам, і можна дайсці з імі. А калі дзіцяці трэба ісці аднаму? Такія думкі агучыў і бацька аднаго са школьнікаў, які сустракаў сваё дзіця.

– Ліхтары ж ёсць, яны да нядаўняга часу працавалі, – абураўся мужчына. – А ў плітах і ямкі, і няроўныя стыкі – лёгка можна зачапіцца. Нібыта ў пацвярджэнне яго слоў, хлапчук спатыкнуўся аб край пліты.

Для чысціні эксперыменту на наступны дзень вечарам зноў вырашыла прайсціся па гэтым жа маршруце. І зноў за спартыўнай школай пачалася «змрочная зона».

Гэты кавалак дарогі ажыўлены: людзі ўвечары вяртаюцца з працы, дзеці – са школ, секцый і гурткоў, пажылыя людзі па неасветленай дарозе ходзяць у аптэку. І святло тут проста неабходна. Некалькі замененых лямпачак у ліхтарах як мінімум асветляць дарогу, а як максімум зберагуць ад траўмаў.

Дарога за спартыўнай школай сустрэла карэспандэнта «ЛВ» цемрай.

Ірына КУЗЬМІЧ.

Фота аўтара.