Заслужана народныя. Чарговы экзамен нядаўна трымалі 10 калектываў Ляхавіччыны

Ляхавіччына таленавітая – гэта і 21 калектыў, што ў розныя гады атрымаў ганаровыя званні «народны», «заслужаны», «узорны». Але такія тытулы не даюцца назаўжды. Раз у тры гады неабходна пацвярджаць права на статус перад кампетэнтным журы. Трэба аддаць належнае мастацкім калектывам нашага раёна, якія пастаянна ўдасканальваюць свой выканальніцкі ўзровень, павышаюць майстэрства, пашыраюць рэпертуар.
 перад прадстаўнічым журы, у склад якога ўваходзяць у асноўным спецыялісты Брэсцкага абласнога грамадска-культурнага цэнтра, трымалі 10 калектываў Ляхавіччыны.

33 гады назад заявіў пра сябе народны ансамбль народнай песні «Крыніца» (кіраўнік Людміла Ламака) ГДК. Калектыў – жаданы госць на фестывалях, конкурсах, канцэртных праграмах. А як яго чакаюць падчас жніва работнікі палёў! І на гэты раз вердыкт журы: прафесійнае выкананне, прыгожыя тэмбральныя галасы, зладжанае гучанне і шматгалоссе. Асабліва адзначана мужчынская група ансамбля. Хормайстар ГДК Людміла Ламака расказала і пра пранікнёнае, паспяховае выступленне народнага акадэмічнага хору настаўнікаў (кіраўнік Анатолій  Немец). У яго выкананні шматгалоссе гучала інтанацыйна зладжана і чыста. Экспрэсія, непаўторная манера выканання, шквал энергіі – усё гэта народная эстрадная студыя «Экспрэс» (кіраўнік Юрый Грынь) метадычнага цэнтра культурна-асветніцкай работы. Перад непаўторнасцю, яскравым гучаннем галасоў «Экспрэса» не ўстаяла і журы.
Якія толькі сцэнічныя пляцоўкі ні пакарыла народная эксперыментальная вакальная група «Берагіня» (кіраўнік Людміла Іваноўская) Дараўскага СДК. Вакал яе ўдзельнікаў – гэта нешта фантастычнае. А яшчэ калектыў прываблівае разнастайнасцю рэпертуару.
Неабыякавыя творчыя землякі залатога ўзросту – удзельнікі народнага аматарскага клуба ветэранаў «Сівізна» (кіраўнік Сафія Марчык) МЦКАР – на справаздачным канцэрце выступілі з літаратурна-музычнай кампазіцыяй «Жывуць у маім сэрцы вершы» паводле твораў нашага земляка Вячаслава Вайшэвіча.
Віртуознасць ігры на музычных інструментах – адна з творчых візітовак народнага інструментальнага ансамбля «Джаз-Арт» (кіраўнік Барыс Шабановіч) ДШМ. Захоўваючы творчыя традыцыі свайго славутага папярэдніка, заўжды з поспехам выступае народны Падлескі хор (кіраўнік Вольга Якуніна) Падлескага СДК.
Народная эстрадная група «Пачатак» (мастацкі кіраўнік Святлана Полазава) ГДК статус пацвярджала ў Брэсце. Журы пакарылі прафесійны рост «пачаткоўцаў», арыгінальнасць кампазіцый, а маладыя выканаўцы парадавалі майстэрствам.
– Канчатковы вердыкт журы вынесе пазней. Аднак, адназначна: народныя калектывы Ляхавіччыны выступілі дастойна і паказалі высокі ўзровень, – адзначае дырэктар раённай цэнтралізаванай клубнай сістэмы Юрый Грынь.
А тэатр лялек «Чароўная краіна» ГДК хоць і не мае яшчэ звання «народны», імкнецца да гэтага тытула. Як расказала Людміла Ламака, яго праграма журы спадабалася і атрымала высокую адзнаку і запрашэнне на фестываль «Тэатральнае Палессе».
Галіна КАНЬКО.