Чаму яблыкі даражэйшыя за бананы? Карэспандэнт «ЛВ» высвятліў, чаму так

Яблычная дыета – адна з самых выніковых для арганізма. На календары хоць і лета, але парадаваць сябе адпаведнай фруктовай дыетай – задавальненне не з танных і даволі адчувальна адбіваецца на кашальку. Справа ў тым, што цэны на яблыкі апошнім часам выраслі ў паўтара, а то і больш разоў.

Падпісчык «ЛВ» у тэлеграм-канале, звярнуў увагу на кошт яблыкаў у магазінах нашага райцэнтра і задаў канкрэтнае пытанне – як могуць яблыкі каштаваць па 6-8 рублёў за кілаграм: «Сёлетнія веснавыя замаразкі нанеслі значную шкоду будучаму ўраджаю, але гэта акалічнасць ніяк не апраўдвае такі рост цэн…»
Карэспандэнты раёнкі пабывалі ў многіх гандлёвых кропках раёна рознай формы ўласнасці. У магазіне «Хіт» заўважылі яблыкі коштам ад 7 да 8 рублёў за кілаграм. У магазіне «Усходні» – польскія «голден» каштавалі па 8,2 рубля за кілаграм.
У многіх магазінах райпо вітамінныя фрукты перыядычна адсутнічаюць у продажы. Прадаўцы тлумачылі гэты факт тым, што тавар не паступае на склады.
Напрыканцы мая 2025 года Урад Беларусі зняў забарону на ўвоз і рэалізацыю ў краіне яблык, бульбы, агародніны з так званых несяброўскіх краін, уключаючы краіны ЕС. Так, у Беларусі зноў з’явіліся польскія фрукты. Вось толькі цэны на тыя ж яблыкі «кусаюцца». Як узгадвалася вышэй, яблыкі «голден» каштуюць ад 8 і вышэй рублёў за кілаграм. І для параўнання: побач на паліцы – бананы па 5,8 рубля за кілаграм. Як гаворыцца, адчуйце розніцу.
– Пастановай Савета Міністраў ад 16.10.2024 года № 713 былі ўнесены карэкціроўкі ў парадак фарміравання цэн на свежую агародніну і яблыкі ў перыяд з 21 кастрычніка 2024 года па май 2025 года. Так, з 2.04.2025г. максімальная рознічная цана на яблыкі была ўстаноўлена ў памеры 4,21 руб-ля за кілаграм. Аднак, з 16.04.2025г. пазіцыя «яблыкі» са спісу выключана. Але кантроль за цэнамі і на гэту садавіну прадаўжаецца. Акрамя таго, дадаткам 1 да пастановы
№ 713 у адносінах да свежых яблыкаў прадугледжана захаванне гранічнай максімальнай аптовай і гандлёвай надбаўкі ў памеры 30 працэнтаў, – тлумачыць начальнік аддзела эканомікі райвыканкама Святлана Валуй.
Нягледзячы на неўраджай і скачкі цэн, яблыкі на паліцах магазінаў павінны быць. Прэзідэнт Беларусі падпісаў Указ № 232 ад 11.06.2025г. «Аб асаблівасцях пастаўкі плодаагародніннай прадукцыі для рэспубліканскіх дзяржаўных патрэб». Дакумент накіраваны на тое, каб забяспечваць стабільнасць на спажывецкім рынку і наяўнасць у гандлёвых аб’ектах плодаагародніннай прадукцыі.
Напрыклад, устанаўліваецца абавязак пастаўшчыкоў забяспечыць для гандлёвых сетак пастаўку садавіны, агародніны, фруктаў. У сваю чаргу гандлёвыя сеткі павінны быць у адказе за наяўнасць гэтай прадукцыі ў магазінах у міжсезонны перыяд.

Калі ў грамадзяніна ўзніклі пытанні па рэгуляванні цэн ці маецца падазрэнне на парушэнне, можна звярнуцца на гарачую лінію Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю па тэлефоне (8017) 325-92-02 ці праз сайт МАРГ. Таксама можна накіраваць пісьмовы зварот на адрас: 220030, г. Мінск, вул. Кірава,8, корпус 1 ці электронны зварот.

Галіна КАНЬКО.