Ваш выхад, камбайнеры!. Мінулая нядзеля на Ляхавіччыне адзначылася важкім стартам – жніво дало каманду «па машынах!»
Загудзела, зашумела і пасыпала… Пачалася самая прыгожая пара,
а разам з тым складаны і адказны час для аграрыеў. Менавіта ў залатых спелых каласах зашыфраваны код дабрабыту народа. А мінулая нядзеля на Ляхавіччыне адзначылася важкім стартам – жніво дало каманду «па машынах!».

БОЛЬШ ФОТА -НА САЙЦЕ ЛВ
І хоць вялікая ўборка яшчэ чакае сваёй пары, азімы ячмень распачаў уборачную рэпетыцыю.
А вось маштабы і лічбы гэтых стартаў не жартоўныя. Гаспадаркам Ляхавіччыны належыць убраць 1 260 гектараў гэтай культуры.
На жніўнай карце раёна аднымі з першых «засвяціліся» хлебаробы ААТ «Шлях новы». У нядзелю пяць экіпажаў працавалі на агульны намалот, а жніўную каманду гаспадаркі сёлета прадстаўляюць
10 тандэмаў: сярод іх камбайнеры, вядомыя пераможнымі вынікамі, ёсць і новыя імёны.

– Пакуль азімы ячмень убралі на 50 гектарах. Вынікі радуюць: ураджайнасць палеткаў – каля 70 цэнтнераў з гектара. Усяго на гэту культуру ў гаспадарцы прыпадае больш за 160 гектараў. Канешне, спадзяемся на вынік: людзі падрыхтаваныя, тэхніка гатова, надвор’е цяпер – галоўны рэжысёр! – адзначае дырэктар ААТ «Шлях новы» Андрэй Коктыш.
Карэспандэнты «ЛВ» прыбылі на поле каля Каранёў у разгар падвячорка: камбайнеры падсілкоўваюцца, абмяркоўваюць надзённае, атрымліваюць ад галоўнага агранома Кірыла Бясшапашнікава заданні-маршруты, па якіх пачнуць наразаць жніўныя кругі.
Сёлета ў гаспадарцы дэбютавала на полі адна з самых маладых жніўных каманд раёна: знаёмцеся – Алексей Рабцэвіч і Анатолій Высоцкі.
– Веды атрымалі падчас вучобы ў каледжы, тут, у гаспадарцы, пад настаўніцтвам вопытных калег удасканалілі навыкі і сёлета выйшлі ў поле. Першы дзень – мора эмоцый! Прыгожы від з кабіны, спякота не палохае – ёсць кандыцыянер, а гарачыя абеды і падвячоркі – тое, што трэба. Ці складана? Нават калі і будзе, галоўнае, не падвесці гаспадарку, будзем працаваць. Пяць бункераў ужо запоўнілі, яшчэ на столькі ж разлічваем сёння. Хочацца, канешне, трапіць у пераможную табліцу. Як селі за штурвал «Палесся», адразу адчулі дух здаровай канкурэнцыі. Клас! – адзначае камбайнер Аляксей Рабцэвіч.
А вось прозвішча Камінскіх не раз гучала ў ліку лепшых. Сёлета леташні бронзавы пераможца раённага спаборніцтва Аляксандр Камінскі ўступае ў жніўную гонку разам з братам Жэнем. Для яго гэта першы сезон. І ён абяцае быць спякотным.
– Сюды прыйшоў на практыку, пакуль вучуся на механіка ў Пружанскім дзяржаўным аграрна-тэхнічным каледжы. Проста неабходны вопыт для пачынаючых механікаў: тэорыя і практыка ад роднага чалавека. З братам працаваць мне камфортна – усё падкажа і даступна раскажа. А ў яго вопыту досыць, – гаворыць Яўгеній Камінскі.
– У гэта жніво гаспадарка папоўніла аўтапарк новенькім камбайнам. «Свежым» «Гомсельмашам» кіруюць камбайнеры Мікалай Курловіч і Аляксандр Суднік (на здымку).
Настрой добры, няхай тэхніка не падводзіць і надвор’е спрыяе. А людзі ў нашым ААТ – адказныя і працавітыя! – адзначае Кірыл Бясшапашнікаў.
Маргарыта
КУХТА-МАСЛОЎСКАЯ.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

