Водныя працэдуры па правілах. Якая прадугледжана адказнасць за купанне ў неўстаноўленых месцах

Летні сезон – час доўгачаканага адпачынку каля вады. Аднак разам з радасцю купання і сонечных ваннаў прыходзіць і павышаная рызыка няшчасных выпадкаў. Па выніках 2024 года ў Ляхавіцкім раёне было зафіксавана два выпадкі ўтаплення грамадзян.

Галоўная ўмова бяспекі – купанне толькі ў спецыяльна адведзеных месцах. У адпаведнасці з рашэннем Ляхавіцкага райвыканкама ад 3.04.2025 № 455 «Аб мерах па далейшым паляпшэнні аховы жыцця людзей на водных аб’ектах Ляхавіцкага раёна на 2025 год», у Ляхавіцкім раёне месцамі, дзе купанне дазволена, прызнаны пляж на рацэ Ведзьме ў г. Ляхавічы і пляж на вадаёме для аздараўленчага лагера «Чайка». Купанне ў іншых вадаёмах раёна забаронена. Адказнасць за купанне ў неўстаноўленых месцах наступае па артыкуле 24.42 КоАП Рэспублікі Беларусь і можа пацягнуць накладанне адміністрацыйнага спагнання ў выглядзе штрафу ў
памеры ад адной да трох базавых велічынь.
На жаль, не адзінкавыя выпадкі трагедыі на вадзе з дзецьмі, якія адбываюцца ў асноўным з-за няўважлівасці дарослых. Дзіця павінна знаходзіцца каля вады толькі пад наглядам бацькоў. Нават на мелкаводдзі малышы могуць страціць раўнавагу і захлынуцца за лічаныя секунды.
Купанне ў стане ап’янення – адна з асноўных прычын гібелі на вадзе. Алкаголь зніжае рэакцыю, парушае каардынацыю і прытупляе пачуццё небяспекі.
Бяспека на вадзе – гэта адказнасць не толькі выратавальных службаў, але і кожнага адпачывальніка. Выконваючы простыя правілы, можна папярэдзіць трагедыі і захаваць жыццё сабе і блізкім.
Сяргей КУНІЦКІ, участковы інспектар РАУС.