Хто ў адказе за сабак. Тэлефанаванне з просьбай разабрацца ў сітуацыі раёнка атрымала ад жыхароў вёскі Альхоўцы

Тэлефанаванне з просьбай разабрацца ў сітуацыі раёнка атрымала ад жыхароў вёскі Альхоўцы. Яны паскардзіліся, што гаспадары аднаго з дамоў па вуліцы Юбілейнай трымаюць чатыры сабакі, якіх не навязваюць і не зачыняюць. Жывёла небяспечная, бо кідаецца на людзей. Вяскоўцы звярталіся са сваёй праблемай у міліцыю. Альхоўскі сельвыканкам, камунгас, але справа так і не зрушылася з месца.

«ЛВ» звярнуўся за каментарыямі ў розныя службы.
– Так, ведаем пра гэту праблему, якая сапраўды ёсць і непакоіць людзей даўно. Неаднойчы я асабіста выязджаў па ўказаным адрасе, размаўляў з гаспадарамі дома, аднак ніякія ўшчуванні на іх не ўплываюць. Пададзены некалькі пісьмовых заяў у  КУМВП ЖКГ «Ляхавіцкая ЖКГ» для адлову сабак. Калі работнікі камунгаса прыязджалі, то сабак на вуліцах вёскі не было. Будзем зноў пісаць заяву ў камунгас, бо праблему, якая тычыцца бяспекі, трэба вырашаць, – адзначае старшыня Альхоўскага сельвыканкама Вячаслаў Кулак.
Займалася гэтай праблемай і міліцыя.
– У РАУС неаднойчы паступалі паведамленні ад жыхароў Альхоўцаў аб тым, што безнаглядныя сабакі ўтвараюць небяспеку для людзей. Супрацоўнікі міліцыі выязджалі ў гэты населены пункт, праводзілася разбіральніцтва. Як высветлілася, сабакі нічыйныя, «прыбіліся» да аднаго з падворкаў па вуліцы Юбілейнай.
Гаспадыня дома не супраць прыняцця мер адносна бадзяжнай жывёлы. Адпаведныя матэрыялы былі накіраваны для далейшага рэагавання ў Ляхавіцкі камунгас, які займаецца гэтым
пытаннем, – патлумачыў начальнік аддзела аховы правапарадку і прафілактыкі РАУС Сяргей Хмарук. Як адзначылі ў РАУС, праверка паказала, што за гэтай жыхаркай Альхоўцаў не зарэгістраваны ніякія жывёлы. Калі б сабакі належалі ўказанай гаспадыні, то, згодна з пунктам 2 артыкула 12 Закона «Аб адказным абыходжанні з жывёлай», гаспадар жывёлы павінен прымаць неабходныя
меры бяспекі для папярэджання нанясення жывёлай, якая яму
належыць, шкоды жыццю ці здароўю фізічных асоб ці жывёлы, а таксама маёмасці.
У артыкуле 26 Закона пазначана, што рэгуляванне колькасці бяздомнай жывёлы ажыццяўляецца шляхам яе адлову з далейшай перадачай у пункты ўтрымання, прытулкі і г. д.
У Ляхавіцкім раёне рашэннем райвыканкама функцыя адлову бяздомнай жывёлы ўскладзена на КУМВП ЖКГ «Ляхавіцкая ЖКГ».
– Калі гаварыць непасрэдна пра сельскую мясцовасць, то неабходна, каб з адпаведнай заяўкай у камунгас звярнуўся старшыня сельвыканкама, пасля чаго ва ўказаную мясцовасць выедзе наш спецыяліст, які займаецца адловам сабак, – расказаў дырэктар камунгаса Андрэй Чайкоўскі.