Другое жыццё паперы і палімераў. Дзе ў Ляхавічах размешчаны прыёмныя пункты другасных матэрыяльных рэсурсаў
Паперы, палімерам, а таксама шклу, зношанай аўтатрактарнай гуме, бытавой тэхніцы і іншаму патэнцыяльна рэсурснаму матэрыялу мы можам і павінны дапамагчы адрадзіцца наноў.
За што і экалогія, і эканоміка скажуць нам шчырае дзякуй.
І, што адметна, асаблівых намаганняў для гэтага не патрабуецца. Неабходна спісаныя сшыткі-блакноты не выкідваць хаатычна, а кампанаваць у стос разам з учарашнімі газетамі, часопісамі, розным кардонам. Прынцыпова такой жа схемы пажадана прытрымлівацца і ў абыходжанні з адходамі шкла, «стомленай» бытавой тэхнікай, вырабамі з поліэтылену. А калі гаварыць у маштабах юрыдычных асоб, у прыведзены пералік варта ўключыць нефункцыянальную колавую гуму і адпрацаванае, напрыклад, маторнае масла. Усе гэтыя матэрыялы ўваходзяць у спіс другасных матэрыяльных рэсурсаў, падлягаюць збору і здачы ў прыёмныя пункты з мэтай наступнай перапрацоўкі.
Такіх кропак на тэрыторыі Ляхавіцкага раёна некалькі. Камунгас трымае пункты па прыёме ДМР на вуліцы Южакова, 16 і 19,
а таксама на Чкалава, 5б у Ляхавічах. Прыняць вашы «другасныя нарыхтоўкі» могуць па двух ляхавіцкіх адрасах райпо – на вуліцы Савецкай, 67 і завулку Вакзальным, 3. Райпо таксама запусціла перасоўны пункт па прыёме ДМР, што асабліва прывабна для сельскіх жыхароў – прыедуць у прамым сэнсе да брамкі, забяруць, заплацяць. Напрыклад, за кілаграм макулатуры ад насельніцтва заплацяць 20 капеек, за такую ж масу пэт-бутэлек і бытавой тэхнікі –
25 капеек. Канешне, багацця на ДМР не зробіш, але дапаможаш сабе капейкай, экалогіі – ашчаднымі адносінамі, а дзяржаве – сэка-
номіць на спажыванні першасных матэрыяльных рэсурсаў.
Што адметна, шкло можна перапрацоўваць ледзь ці не бясконцую колькасць разоў, папера здольна вытрымліваць да шасці перапрацоўчых цыклаў, а пластык – шматразова. І вельмі падобна, што іменна гэты матэрыял стаў за апошні час ўсё больш частым у выкарыстанні і, адпаведна, выйшаў на вядучыя ролі ў фарміраванні аб’ёмаў адходаў. Сёння куды ні глянь – усюды пластык. Ён ледзь
ці не выціснуў з ужытку паперу ў якасці ўпаковачнага матэрыялу, з’яўляецца танным настолькі, што пасля аднаразовага выкарыстання,
напрыклад, пакет не шкада і выкінуць. Што вельмі часта і адбываецца, і ад чаго з дзесяцігоддзямі вырастаюць сапраўдныя пластыкавыя «астравы».
– Можна меркаваць, што ў тым ліку і з гэтай прычыны збору і перапрацоўцы пластыкавых адходаў у нашай краіне надаецца ўсё большая ўвага. Назаву некалькі лічбаў «за» гэту тэорыю: даведзенае раёну заданне па зборы ДМР перавышае мінулагоднія паказчыкі. Але калі па шкле, макулатуры, шынах, масле, бытавой тэхніцы лічбы сёлетняга задання ад мінулагодняга адрозніваюцца не істотна, то па пластыку адзначаецца значны рост. За 2025 год прадпрыемствам, арганізацыям і насельніцтву Ляхавіцкага раёна неабходна сабраць-здаць 400 тон палімерных адходаў. Супраць 150 леташніх, –
гаворыць галоўны спецыяліст аддзела архітэктуры, будаў-
ніцтва і жыллёва-камунальнай гаспадаркі райвыканкама
Наталля Маслоўская.
Па даных спецыяліста, за студзень – красавік з агульным
заданнем Ляхавіччына справілася на 18 працэнтаў – з сукупна неабходных 1 945 тон сабрана менш чым 350. Найбольшую актыўнасць мы праяўляем у зборы-здачы на перапрацоўку
макулатуры, шкла, зношаных шын і асобных іншых пазіцый ДМР.
Параўнальна нядаўна – каля двух гадоў назад пад Баранавічамі адбылася мадэрнізацыя станцыі па сартаванні і перагрузцы адходаў. Па сутнасці, гэта даволі тэхналагічны завод, які з паступіўшых на прадпрыемства цвёрдых камунальных адходаў вылучае другасныя матэрыяльныя рэсурсы: паперу, канешне ж, пластык і іншае. Гадавая вытворчая магутнасць аб’екта перавышае 70 тысяч тон. Разлічаны на аб’ёмы цвёрдых камунальных адходаў з суседніх тэрыторый, у тым ліку і з Ляхавіцкага раёна.
І даны працэс пачаў ужо выбудоўвацца: апошнім часам камунальнае смецце сабранае ў горадзе Ляхавічы, накіроўваецца на сартаванне ў суседнія Баранавічы. Пакуль гаворка вядзецца іменна пра Ляхавічы, але верагодна, што ў недалёкай будучыні падобная «лагістыка» чакае і ЦКА, якія нашы камунальнікі збіраюць у вёсках і аграгарадках Ляхавіччыны.
Удзельнічаць у зборы ДМР – справа агульная. Але, як адзначыла Наталля Маслоўская, той факт, што ў кантэйнерах для паасобнага збору смецця сустракаюцца самыя розныя – «няпрофільныя» – рэчы, дазваляе гаварыць пра тое, што яшчэ далёка не ўсе жыхары горада і раёна пранікліся «экалагічна чыстай» ідэяй.
Іван КАВАЛЕНКА.

