Дзюймоўка і здаравячок. З шасці красавіцкіх хлопчыкаў тры атрымалі імя Цімафей, а таксама Марат, Эмір і Арсеній

У красавіку на Ляхавіччыне зарэгістравана нараджэнне дзевяці дзяцей, з якіх пяць атрымалі пасведчанні аб нараджэнні ў сельвыканкамах: два ў Навасёлкаўскім, па адным у Жарабковіцкім, Конькаўскім і Востраўскім.

З шасці красавіцкіх хлопчыкаў тры атрымалі імя Цімафей, а таксама Марат, Эмір і Арсеній, расказала «ЛВ» начальнік аддзела загса Вольга Новік.
Дзяўчынак назвалі Вольгай, Евай і Дзінарай.
Дзюймоўкай месяца стала Вольга, вага якой пры нараджэнні склала 3 260 грамаў пры росце 53 санты-метры, здаравячком – Эмір, які нарадзіўся вагой 4 110 грамаў, а яго рост – 56 сантыметраў.
Сярэдні ўзрост красавіцкага бацькі – 27 гадоў, маці – 29. Самыя юныя – 22-гадовы бацька, 23-гадовая маці, старэйшыя – 40-гадовы бацька, 44-гадовая маці.
Першынец нарадзіўся ў трох сем’ях, другое дзіця – таксама ў трох сем’ях. У дзвюх сем’ях зарэгістравана нараджэнне трэцяга дзіцяці, у адной – чацвёртага.
З дзевяці красавіцкіх шлюбаў восем цырымоній адбыліся ў аддзеле загса ў Ляхавічах, адна – у Начаўскім сельвыканкаме. Сярэдні ўзрост жаніха – 34 гады, нявесты – 33.
Самай юнай красавіцкай нявесце 17 гадоў,
а жаніху – 19. Сталі мужам і жонкай 55-гадовы і 54-гадовая жыхары раёна. Марш Мендэльсона гучаў для маладых і ў люстэркавую дату – 25.04.2025.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.