Павага да памяці. Рабяты з Дараўскай школы прынялі ўдзел у акцыі «Аднаўленне святыняў Беларусі»

Добрая традыцыя БРСМ – шэфстваваць над помнікамі і абеліскамі Вялікай Айчыннай вайны. Гэта выхаванне не на словах, а справай. 13 жніўня рабяты з Дараўскай школы прынялі ўдзел у акцыі «Аднаўленне святыняў Беларусі».

Помнік салдату Вялікай Айчыннай, што стаіць на пастаменце ля аўтадарогі Ляхавічы – Баранавічы ў Дараве, устаноўлены на брацкай магіле больш за шэсць дзесяцігоддзяў назад. Дрэвы, якія «ахоўвалі» спакой загінулых воінаў-вызваліцеляў, з часам атрымалі статус аварыйна небяспечных і былі спілены. Школьнікі па ініцыятыве райкама БРСМ вырашылі дапамагчы сельвыканкаму ў добраўпарадкаванні тэрыторыі пасля выдалення дрэў. Актыўна падмяталі, зграбалі галлё, а пасля з усведамленнем важнасці зробленай справы занатавалі важкі момант у фотакадрах.

– Відавочна, што ад укладу кожнага з нас у навядзенне парадку, чысціні, залежыць агульны выгляд нашых населеных пунктаў. Патрыятызм пачынаецца з любві да бацькоў, малой радзімы, павагі да памяці тых, хто адстаяў мір і незалежнасць. І, канешне, без удзелу маладога пакалення – нашай будучыні, тут не абысціся, – адзначыў першы сакратар райкама БРСМ Яўгеній Сініла.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.