Давядзецца пачакаць. Мінуў месяц, як апламбіраваны калонкі ў Ляхавічах па вуліцы Леніна. Калі будуць падключаны

У чат-бот тэлеграм-канала «Ляхавіцкага весніка» падпісчыца звярнулася з пытаннем наконт тэрмінаў уключэння газавых калонак у чацвёртым пад’ездзе дома № 37 па вуліцы Леніна ў райцэнтры. Ужо мінуў месяц, як газавыя воданагравальнікі апламбіраваны пасля няшчаснага выпадку, які здарыўся ў адной з кватэр.

«ЛВ» за каментарыем звярнуўся да намесніка старшыні райвыканкама Аляксея Галяка. Ён патлумачыў, што камісія, створаная пры райвыканкаме, працуе над высвятленнем прычын, якія прывялі да няшчаснага выпадку.
– Добра разумеем хваляванне жыльцоў кватэр і тыя нязручнасці, што выклікае адключаная калонка. Але назваць канкрэтную дату ўключэння газавых воданагравальнікаў пакуль немагчыма, бо праводзіцца комплекс неабходных тэхнічных мерапрыемстваў. Па іх выніках і будзе вынесена адпаведнае рашэнне, – адзначыў Аляксей Галяк.
Напрыканцы чэрвеня прадстаўнікі КУШВП ЖКГ «Ляхавіцкая ЖКГ» і Ляхавіцкага раёна газазабеспячэння пакватэрна тлумачылі жыльцам механізм правядзення расследавання няшчаснага выпадку і ўмовы, пры якіх магчыма падключэнне газавага абсталявання. Галоўнае зараз – не аператыўнасць уключэння газавыкарыстоўваючага абсталявання, а бяспека жыцця-дзейнасці насельніцтва.
Як патлумачылі ў раёне газазабеспячэння, у бліжэйшы час будзе праведзены агульны сход жыльцоў, на якім можна будзе атрымаць адказы на хвалюючыя пытанні.