Калі справа не толькі ў цукры. 14 лістапада сусветная грамадскасць адзначае Дзень барацьбы з дыябетам і «ЛВ» задаў хвалюючыя пытанні ўрачу-эндакрынолагу Ляхавіцкай ЦРБ

Напярэдадні падзеі «ЛВ» задаў хвалюючыя пытанні ўрачу-эндакрынолагу Ляхавіцкай ЦРБ Вользе БАРТАШЭВІЧ.

– Вольга Анатольеўна, што ўяўляе сабой гэта хвароба?

– Цукровы дыябет – хранічнае парушэнне абмену рэчываў, у аснове якога ляжыць дэфіцыт утварэння ўласнага інсуліну і павышэнне ўзроўню глюкозы ў крыві. Ва ўсім свеце гэтай хваробай пакутуюць каля дзесяці працэнтаў насельніцтва, калі ўлічыць схаваныя формы захворвання, то гэта лічба можа быць у 3-4 разы вышэйшая.

– Як сцвярджаюць медыкі, каранавірусная інфекцыя ўяўляе асаблівую небяспеку для тых, у каго дыягнаставаны цукровы дыябет.

– Сапраўды, людзі з дыябетам, як і пацыенты з сардэчна-сасудзістымі захворваннямі,  сутыкаюцца з больш высокай рызыкай ускладненняў каранавіруснай інфекцыі. Усё таму, што імунітэт працуе не так добра, і арганізм атакуюць інфекцыі. Дыябет выклікае фонавы запаленчы працэс у арганізме, што запавольвае працэсы рэгенерацыі і імунны адказ. Таму хворыя на цукровы дыябет павінны прытрымлівацца ўсіх мер перасцярогі ўдвая. Абавязкова насіце маскі, мыйце рукі з мылам, пры адсутнасці такой магчымасці апрацоўвайце іх антысептыкамі, старайцеся не наведваць месцы, дзе многа людзей, захоўвайце сацыяльную дыстанцыю. Зрабіце неабходны запас лекавых прэпаратаў, кантралюйце ўзровень цукру ў крыві, для чаго пад рукой павінен быць глюкометр з запасам тэст-палосак. Акрамя таго, прытрымлівайцеся дыеты, часцей праветрывайце памяшканне. Каб выпісаць рэцэпт на набыццё лякарстваў, трэба ўсё ж прыходзіць у паліклініку.

– Якія фактары правакуюць развіццё дыябету?

– Дыябет не ўзнікае на пустым месцы. Перадумоў нямала. Сярод іх і генетычны фактар. Кароткі шлях да дыябету – атлусценне, бо пры вялікай колькасці тлушчавай тканкі адбываецца зніжэнне яе адчувальнасці да інсуліну, што садзейнічае развіццю дыябету. Парушэнні ў харчаванні, сардэчна-сасудзістыя захворванні –атэрасклероз, гіпертанія, хранічныя стрэсавыя сітуацыі, прыём некаторых лякарстваў.

– Але і сам цукровы дыябет можа стаць прычынай
развіцця іншых захворванняў…

– Пры дыябеце праяўляецца цэлы комплекс парушэнняў у арганізме чалавека, якія садзейнічаюць, у тым ліку, прагрэсіраванню сардэчна-сасудзістых паталогій, парушэнню функцый пячонкі. У пацыентаў развіваецца сардэчная недастатковасць, пашкоджваюцца артэрыі галаўнога мозга, сэрца, ног, далучаюцца хваробы нырак. Рэзкія перапады цукру ў крыві выклікаюць пагражаючыя для жыцця станы: гіпа- і гіперглікемічную комы.

– Што, у першую чаргу, павінна насцярожыць чалавека і падказаць, што ў яго павышаны ўзровень цукру ў крыві?

– Развіццё цукровага дыябету І тыпу праходзіць імкліва, ІІ тыпу –наадварот, паступова. Даволі часта адзначаецца схаванае, бессімптомнае цячэнне хваробы, і яна выяўляецца выпадкова, напрыклад, пры праходжанні медагляду падчас лабараторнага вызначэння ўзроўню глюкозы ў крыві ці мачы або пры абследаванні зроку ў афтальмолага. Клінічна дыябет І і ІІ тыпаў праяўляецца па-рознаму, але ёсць і агульныя прыкметы: смага, сухасць у роце, частае мочаспусканне, павышаны апетыт, гнайнічковыя інфекцыі скуры, парушэнне сну, мляўкасць, зніжэнне працаздольнасці, парушэнне зроку, сутаргі ў мышцах.
Пацыенты з дыябетам ІІ тыпу  часта вылучаюцца атлусценнем, доўгатэрміновае цячэнне хваробы прыводзіць да парушэнняў усіх абменных рэчываў у арганізме, што, адпаведна, адмоўна адбіваецца на імунітэце, які зніжаецца і не можа належным чынам супраціўляцца інфекцыям.

– Вольга Анатольеўна, як дыягнастуецца цукровы дыябет?

– Пра наяўнасць гэтага захворвання сведчыць утрыманне глюкозы ў капілярнай крыві (узятай з пальца) нашча больш за 6,2 ммоль/л. У норме ў мачы глюкоза і ўвогуле павінна адсутнічаць, бо затрымліваецца ў арганізме ныркавым фільтрам. Пры паказчыку больш за 8,8-9,9 ммоль/л гэты бар’ер не спраўляецца з ускладзенымі функцыямі і прапускае глюкозу. Даследаванні пры падазрэнні на цукровы дыябет наступныя: вызначэнне ўзроўню глюкозы ў крыві, глюкозы і кетонавых цел у мачы. Таксама бярэцца аналіз крыві на вызначэнне ўзроўню гліказіліраванага гемаглабіну. Важныя даныя бярэ ўрач і пасля правядзення нагрузачнага тэсту – тэсту талерантнасці да глюкозы.
Для дыягностыкі ўскладненняў цукровага дыябету праводзяцца дадатковыя даследаванні: ультрагукавое абследаванне нырак, органаў брушной поласці, электракардыяграма, на кант-
роль ставіцца артэрыяльны ціск і іншыя.

– Як лечыцца цукровы дыябет?

– Выбар прэпаратаў залежыць ад тыпу захворвання. Пры захворванні І тыпу пацыентам паказана інсулінатэрапія; ІІ тыпу –
дыета і цукразніжальныя сродкі, а інсулін прызначаецца, калі таблеткі неэфектыўныя або развіваецца кетаацыдоз і перадкаматозны стан, а таксама пры туберкулёзе, хранічным піеланефрыце, ныркавай і пячоначнай недастатковасці. Цукразніжальныя прэпараты ў форме таблетак прызначаюцца пры інсулінанезалежным цукровым дыябеце ў дадатак да дыеты.
Нагадаю, што прэпараты беларускай вытворчасці выдаюцца хворым на цукровы дыябет (калі яны стаяць на ўліку ў паліклініцы) бясплатна і толькі па рэцэпце. Лекі замежнай вытворчасці трэба купляць за ўласныя грошы, але таксама па рэцэпце.

– Якія прадукты на карысць дыябетыкам, а якія, наадварот, ім шкодзяць?

– Для таго, каб збалансаваць узровень цукру, неабходна абавязкова прытрымлівацца дыеты. Акрамя таго, ёсць пэўныя прадукты, якія лічацца карыснымі, але не для тых, хто мае дыябетычныя праблемы. Да максімуму скараціце ўжыванне белага рысу, хлебабулачных вырабаў з белай мукі. Што тычыцца малочнай прадукцыі, то табу – тлусты ёгурт, сметанковы сыр, тлустае мяса. А вось мясу курыцы, індычцы, рыбе – зялёнае святло. Дыябетыкам зусім не падыходзяць смажаныя стравы, газіраваныя напіткі, магазінныя канцэнтраваныя сокі. Любімыя многімі бананы, дыні, персікі таксама багатыя на цукар, таму імі не трэба захапляцца.

– Ці можна знізіць узровень цукру ў крыві без дапамогі лякарстваў?

– Канешне, аптымальны варыянт – прымаць медыцынскія прэпараты. І рабіць гэта трэба толькі па прызначэнні ўрача. Самалячэнне недапушчальнае.
Дапамагаюць справіцца з павышаным узроўнем цукру ў крыві прадукты, народныя рэцэпты, якія асабліва карысныя тым, хто знаходзіцца ў пераддыябетычным стане. Рызыка захварэць цукровым дыябетам на чвэрць зніжаецца ў здаровага чалавека, які штодня ўжывае хаця б дзесяць грамаў клятчаткі, напрыклад, аўсянку на сняданак. Любіце грэцкія арэхі – вашы сасуды скажуць толькі дзякуй, знізяцца ўзровень дрэннага халестэрыну і рызыка трапіць у палон дыябету ІІ тыпу.
Ешце памідоры, багатыя каліем, клубніцы, грэйпфруты. Аднак, трэба памятаць: лішак калію не менш небяспечны, чым яго недахоп. Не забывайце пра ёгурт (ён павінен быць без цукру). Прабіётыкі, якіх многа ў кісламалочных прадуктах, паляпшаюць адчувальнасць да інсуліну і змяншаюць запаленчыя працэсы. Баіцца дыябет яблыкаў, чарніц. Калі есці іх хаця б двойчы на тыдзень, рызыка захварэць змяншаецца на 25 працэнтаў.

– Якіх правілаў трэба прытрымлівацца людзям з дыябетам, каб захаваць здароўе?

– Пацыенты з выяўленым цукровым дыябетам ставяцца на ўлік да ўрача-эндакрынолага. У Ляхавіцкай ЦРБ з такім дыягназам на дыспансерным уліку знаходзяцца 1153 чалавекі, з якіх у 48 дыягнаставаны цукровы дыябет I тыпу. Пры арганізацыі правільнага ладу жыцця, харчавання, лячэння пацыент можа адчуваць сябе здавальняюча доўгія гады. Ускладняюць прагноз цукровага дыябету і скарачаюць працягласць жыцця вострыя і хранічныя ўскладненні.
Прафілактыка захворвання зводзіцца да павышэння супраціўляльнасці арганізма інфекцыям і выключэння таксічнага ўздзеяння на падстраўнікавую залозу. Таксама сярод папераджальных мер – недапушчэнне развіцця атлусцення, карэкцыя харчавання. Папярэджанне дэкампенсацыі і ўскладненняў цукровага дыябету заключаецца ў яго правільным, планамерным лячэнні. Галоўнае, дакладна выконваць рэкамендацыі ўрача-эндакрынолага: прымаць, не прапускаючы, прызначаныя лякарствы, захоўваць індывідуальную дыету і адмовіцца ад шкодных звычак – курэння, злоўжывання алкаголем.
У Ляхавіцкай ЦРБ прыём хворых з дыягназам «цукровы дыябет» вядзе ўрач-эндакрынолаг.
Цукровы дыябет – небяспечнае захворванне, але не прыгавор. Трэба навучыцца з ім жыць. Выкананне рэкамендацый урача, самакантроль, лячэнне дазваляюць істотна запаволіць ці пазбегнуць ускладненняў і жыць паўнацэнным жыццём.

Гутарыла Галіна КАНЬКО.

Ва ўсім свеце на дыябет хварэюць больш за 200 мільёнаў чалавек.
Калі ўлічыць схаваныя формы захворвання, то гэта лічба можа быць у 3-4 разы вышэйшая.
У Ляхавіцкай ЦРБ з дыягназам «цукровы дыябет» на дыспансерным уліку знаходзяцца 1153 чалавекі, з якіх у 48 дыягнаставаны цукровы  дыябет I тыпу.