СААТ «Ляхавіцкі малочны завод». Абнаўленне – прыкмета стабільнасці

Больш як палова агульнага аб’ёму прамысловай прадукцыі раёна сёння на рахунку СААТ «Ляхавіцкі малочны завод». Доля прадпрыемства ў аб’ёме раённага экспарту таксама перавышае 50 працэнтаў.

Дырэктар завода Вячаслаў Емяльяненка з калектывам ІТР.

За лічбамі статыстыкі, агучанай у аддзеле эканомікі райвыканкама, – пастаянная работа прадпрыемства па тэхнічным і тэхналагічным абнаўленні, нарошчванні вытворчых магутнасцяў, удасканаленні арганізацыі вытворчасці, пашырэнні асартыменту, рынкаў збыту і павышэнні якасці прадукцыі. А яшчэ – і гэта, як перакананы дырэктар СААТ Вячаслаў Емяльяненка, абавязковы складнік поспеху – штодзённая адказная праца завадчан, іх прафесіяналізм, любоў да справы, гонар за гандлёвую марку «Ляхавічок», па якой пакупнікі ў розных кутках Беларусі ведаюць не толькі прадпрыемства, але і Ляхавічы.

Калектыў вытворчай лабараторыі.


У больш як 75-гадовай гісторыі завода – няпросты шлях ад падраздзялення Ляхавіцкага раймаслапрама да сучаснага перапрацоўчага прадпрыемства з саліднай рэпутацыяй. На самым пачатку тут перапрацоўвалі 600 літраў сырадою. Зараз штодзень на Ляхавіцкі малочны завод паступае ў сярэднім 165 тон малака, і ўся сыравіна перапрацоўваецца на працягу сутак. На выхадзе – высакаякасная прадукцыя, што неаднойчы станавілася пераможцай у рэспубліканскіх конкурсах. З нядаўняга – чатыры медалі на міжнародным дэгустацыйным конкурсе якасці харчовай прадукцыі «ПРАДЭКСПА: Традыцыі. Якасць. Інавацыі».
Залатымі ўзнагародамі былі адзначаны смятана масавай доляй тлушчу 15 працэнтаў і тварожны дэсерт «Лакамка» з кавалачкамі жэле з водарам лімона і маліны, а «серабром» – смятана 20-працэнтнай тлустасці і тварог «Рассыпісты» масавай доляй тлушчу 5 працэнтаў.

Начальнік лабараторыі Ірына Няхай. спецыяліст Кацярына Праўлоцкая
Маслароб Дзяніс Елісееў.
Вырабнік тварагу Алёна Сайко.


Кожная ўзнагарода, адзнака ў галіне якасці – плён агульных намаганняў, праца ўсіх падраздзяленняў і кожнага завадчаніна на сваім працоўным месцы.
Ва ўмовах жорсткай канкурэнцыі на малочным рынку СААТ «Ляхавіцкі малочны завод» не проста працуе – развіваецца. Штогод пацвярджае адпаведнасць сістэме міжнародных стандартаў бяспекі харчовых прадуктаў. Прыкладна палова вырабленай прадукцыі адпраўляецца на экспарт. Асноўныя экспартныя накірункі – Расія (казеін і масла), Польшча (казеін). Ляхавіцкае масла купляюць у Арменіі і Малдове. Зараз прапрацоўваецца магчымасць экспартаваць казеін у Кітай.

Машыніст РУМ Галіна Пішч.
Наладчык Андрэй Пішч.

Мадэрнізацыя  нон-стоп
Каб прадукцыя адпавядала высокім патрабаванням, мадэрнізацыя вытворчасці не спыняецца.
За апошні час поўнасцю рэканструяваны тварожны цэх. У выніку рэканструкцыі цэха казеіну з’явілася магчымасць глыбей перапрацоўваць сыравіну – павялічыць атрыманне бялку з сыроваткі. А гэта – плюс да вытворчасці стратэгічнай экспартнай прадукцыі і эканомія газу. Лічы, удвая павялічыў прадукцыйнасць працы на лініі новы фасовачны аўтамат для фасоўкі смятаны ў стаканчыкі.
– У цэхах практычна не засталося ручной працы. А аўтаматызацыя вытворчасці – адна з акалічнасцяў, што ўплывае на якасць прадукцыі і дазваляе, не мяняючы склад прадукту, без выкарыстання кансервантаў павялічыць тэрміны прыгоднасці. Так, калі раней тэрмін прыгоднасці тварагу быў 7 сутак, то сёння – 12, рассыпістага тварагу – 30 сутак замест ранейшых 20, смятану замест 30 сутак можна ўжываць 35 і гэтак далей. Эканамічная выгада ад такой прыбаўкі відавочная, – тлумачыць начальнік вытворчасці Галіна Мельнікава.
Вячаслаў Емяльяненка не хавае гонару, калі агучвае факт: мясцовая вытворчая лабараторыя – адна з лепшых у рэгіёне. А ад аснашчанасці і прафесіяналізму супрацоўнікаў гэтага важнага звяна вытворчага ланцужка залежыць вельмі многае.
– На ўзбраенні лабараторыі – сучаснае абсталяванне і навейшыя методыкі, што дазваляюць у самыя кароткія тэрміны правесці асноўныя аналізы ў сырым малацэ і гатовай прадукцыі. Прыбор CDR FoodLab, набыты сёлета, дазваляе правесці экспрэс-вызначэнне працэнтнага ўтрымання мачавіны ў сырым малацэ, масавай долі лактозы ў безлактознай прадукцыі, хларыдаў у вадзе, –
знаёміць са сваёй гаспадаркай начальнік вытворчай лабараторыі Ірына Няхай.
У параўнанні з леташнім, закупкі сыравіны на прадпрыемстве выраслі на 16 працэнтаў. Завод зацікаўлены не толькі ў аб’ёме, а і ў высокай якасці малака, па гэтым пытанні з гаспадаркамі шчыльна супрацоўнічае тутэйшы аддзел закупак.
Высокім стандартам адпавядае экалагічная палітыка прадпрыемства. Летась Ляхавіцкі малочны завод стаў адной з пляцовак, дзе ўдзельнікам калегіі Мінпрыроды дэманстраваўся ўзорны падыход да пытання абыходжання з адходамі. І гэта не выпадкова: на заводзе практычна ўсе адходы сартуюць і перадаюць для перапрацоўкі ў якасці другаснай сыравіны.
Зараз СААТ вядзе будаўніцтва лакальных ачышчальных збудаванняў. Санкцыйныя цяжкасці зацягнулі будаўніцтва на некалькі месяцаў, але яны паспяхова пераадолены.
– У лютым 2024 года плануем запусціць першую чаргу будоўлі – фізіка-хімічную ачыстку, а ў 2025-м ачышчальныя збудаванні будуць уведзены ў эксплуатацыю, – расказвае галоўны інжынер Сяргей Страмавус. – Праект стаў для нас, без перабольшання, глабальным. Пад яго правялі замену інфраструктуры, у тым ліку пабудавалі новыя калектары. Наогул, за апошні час поўнасцю заменена сістэма каналізацыі і халоднага водазабеспячэння. Да канца года плануем запусціць уласную свідравіну  для бесперабойнага забеспячэння вадой.
А яшчэ на заводзе абнавілі абсталяванне для холадазабеспячэння і бесперабойнага забеспячэння сціснутым паветрам. Маецца памяшканне для мыйкі і дэзынфекцыі транспарту, абсталявана памяшканне для зарадкі акумулятараў электрапагрузчыкаў –
такое убачыш не ўсюды. Тут не шкадуюць сродкаў на забеспячэнне бяспекі і аховы працы. Завяршаецца абнаўленне сістэмы апавяшчэння аб пажары і пажаратушэння. Наладжана сістэма абароны ад падзення пры рабоце на вышыні.

Смачны брэнд
Не сакрэт, што толькі якасцю і натуральнасцю прадукцыі спажыўца сёння не ўтрымаць. На заводзе праводзіцца пастаянная работа над пашырэннем асартыментнага пераліку, які зараз уключае каля паўсотні найменняў. Больш за 8 працэнтаў у аб’ёме адгружанай прадукцыі (а за 9 месяцаў гэта 1953 тоны) – інавацыйная (прасцей кажучы, новая ці створаная па істотна абноўленай тэхналогіі).
Так, запушчана ў вытворчасць лінейка безлактозных прадуктаў. Сёння можна купіць у магазінах безлактозныя малако і вяршкі «Ляхавічок», лінейку плануецца пашырыць за кошт тварагу – і гэта выдатная альтэрнатыва для дзяцей і дарослых, якія не могуць ужываць звычайныя малочныя прадукты з-за непераноснасці лактозы – малочнага цукру. Цікавая для спажыўца прапанова – упакоўка пюр пак (той самы кардонны пакет). Ён, дарэчы, для вяршкоў цяпер бывае і ў міні-фармаце 250 грамаў.


А, напрыклад, лінейку высокатлустай прадукцыі «Аўтарскі рэцэпт» сёлета папоўніла смятана тлустасцю 30 працэнтаў.
Масла на заводзе фасуюць не толькі ў звыклую для пакупнікоў упакоўку, але і порцыямі па 10 грамаў (такі фармат запатрабаваны, напрыклад, у гасцінічным бізнесе ці ў авіяперавозчыкаў): на імпарт у Расію – «Прэзідэнт» (як вядома, прадукцыя пад гэтым вядомым брэндам таксама выпускаецца на Ляхавіцкім малочным), для ўнутранага рынку – «Ляхавічок». Навінка была прэзентавана на выставе «Белагра-2023», дзе наш завод прадставіў дэгустацыйную пляцоўку.
Сёння на прадпрыемстве працуюць 244 чалавекі, сярэдні ўзрост калектыву 38-39 гадоў. Сярод працуючых – і тыя, для каго за дзесяцігоддзі завод стаў другім домам, і нядаўнія выпускнікі ССНУ і ВНУ, якія не спяшаюцца змяніць працоўнае месца
з дастойнымі ўмовамі і стабільнай зарплатай на нешта іншае; сямейныя дынастыі, чый агульны заводскі стаж вылічваецца многімі дзясяткамі гадоў, і маладыя сем’і завадчан.
Дарэчы, калектыў малочнага завода прымае актыўны ўдзел у грамадскім жыцці, літаральна ва ўсіх раённых справах – ад патрыятычных мерапрыемстваў да спартыўных спаборніцтваў і дабрачынных акцый. У гэтым, безумоўна, заслуга мясцовага прафкама, які даўно заваяваў аўтарытэт і сярод сваіх работнікаў, і ў прафсаюзным асяроддзі.

Святлана СТЫКУЦЬ.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.