ААТ «Шлях новы». Год паспяховасці

Сёння ААТ «Шлях новы» адно з буйнейшых прадпрыемстваў раёна. А для больш як 350 чалавек «Шлях новы» – гэта месца працы, дзе штодня «куюцца» тыя самыя надоі і прывагі, тоны сабранага ўраджаю.

Работнікі адміністрацыйнага будынка.Механізатары Віктар Жмурко і Андрэй Юруць.

Сёлетні сельскагаспадарчы год у плане рэкордаў можна смела назваць паспяховым для ААТ «Шлях новы». Розныя зводкі, рэйтынгі, выніковыя табліцы, дошкі гонару – у топе раённых лідараў абавязкова будуць адрасы, імёны, дасягненні «Шляху новага». А за гэтымі лічбамі – нястомная праца сапраўдных рупліўцаў, людзей, што працуюць на зямлі, ведаюць не па словах цану хлеба на стале беларуса.

Механізатары Віктар Жмурко і Андрэй Юруць.

І хоць сельскагаспадарчы год падводзіць вынікі, часу на перадышку няма. Шэсць малочнатаварных фермаў, тры фермы па вырошчванні маладняку БРЖ, два сельскагаспадарчыя ўчасткі, дзве рамонтна-механічныя майстэрні – у кожнай структурнай адзінцы кіпіць работа.
Сёння тутэйшыя рупліўцы рыхтуюць тэхніку да наступнага жніўнага сезона. І загадваюць, што вынікі ўборачнай-2024 перавысяць сёлетнія 11 699 тон збожжавых і зернебабовых, спадзяюцца перасягнуць сваю сёлетнюю зусім неблагую ўраджайнасць амаль 60 цэнтнераў з гектара. А яшчэ самым актыўным чынам ідзе корманарыхтоўка. На 1 лістапада нарыхтавана 1 224 тоны сена, 32 900 тон сіласу, амаль 12 000 тон зернесенажу.

Маладыя спецыялісты МТФ «Літва» Данііл Янушкевіч,
Іна Малевіч, Дзмітрый Серафімовіч.


У «Шляху новым» цвёрда ўпэўнены, што адзін з кампанентаў поспеху – мадэрнізацыя.
Напярэдадні Дня народнага адзінства стартавала новае жыццё ў МТФ «Літва». Два кароўнікі боксавага ўтрымання ўтульна размясцілі амаль
500 галоў буйной рагатай жывёлы. На шляху да высокіх удояў тут працуе каманда з 30 чалавек на чале з брыгадзірам Наталляй Махнач.
Сёлета яшчэ адзін сельгасаб’ект вытворчасці абнавіўся. Сваімі ўласнымі сіламі і на сродкі таварыства мадэрнізавана  ферма па вырошчванні рамонтнага маладняку «Малое Падлессе», разлічаная на амаль 500 галоў. Павышаны кантроль за рацыёнам харчавання, добрыя ўмовы ўтрымання, дэталёвая работа над папярэджаннем захворванняў – усё гэта працуе на прадукцыйнасць.
Сёння ферму «Малое Падлессе» ўзначальвае брыгадзір Галіна Мацуль.
За 10 месяцаў гэтага года вытворчасць малака склала 10 617 тон. Да паказчыкаў мінулага года плюс склаў больш за 2 000 тон. Удой на карову дасягнуў 4 047 (плюс 795 кілаграмаў да ўзроўню мінулага года). Амаль 9,5 тысячы тон малака рэалізавана на Ляхавіцкі малочны завод, у тым ліку гатункамі экстра і вышэйшым 80,8 працэнта.
Растуць паказчыкі ў вырошчванні БРЖ. Да мінулагодняга паказчыка дадалі 148 тон, у выніку атрымалі 675 тон. Сярэднясутачныя прывагі па гаспадарцы на сёння складаюць больш за 600 грамаў.
Сэрца сельскагаспадарчага працэсу тэхнічна б’ецца ў рамонтна-механічных майстэрнях. Тутэйшыя механізатары імкнуцца зрабіць усё, каб тэхніка заўсёды была ў стапрацэнтнай гатоўнасці. А тут ёсць аб чым клапаціцца: аўтапарк таварыства налічвае каля сотні адзінак. Гэты год для «Шляху новага» адзначыўся і важкім тэхнічным абнаўленнем: новенькія аўтамабільныя прычэпы, МАЗы, сеялка,
збожжаўборачныя камбайны, жняяркі, прэс-падборшчыкі… – далёка не поўны пералік навінак.
У планах гаспадаркі будаўніцтва прафілакторыя для цялят на МТФ «Навасёлкі» і «Сакуны». На МТФ «Літва» чакаецца ўзвядзенне будынка для сухастою і раздою. Рэканструкцыя цялятніка ў хуткім часе плануецца на МТФ «Навасёлкі».
Дарэчы, каманда таварыства не баіцца глядзець у вочы новаму – мадэрнізуе вытворчую базу, укараняе новыя метады і тэхналогіі, эксперыментуе і робіць гэта паспяхова. Галоўнае, не забывае пра тое, што вырашаюць усё ж кадры – а тут ёсць на каго раўняцца і вучыцца. Працоўны стаж некаторых работнікаў імкнецца да паўстагоддзя. А сёлета, напрыклад, у каманду «Шляху новага» дабавілася 8 працаўнікоў у статусе маладых спецыялістаў. Кожны сёння на сваім месцы, сустрэлі як належыць – з усімі бонусамі і падтрымкамі.
– Важна, каб нашы кадры заставаліся з намі. Для гэтага мы іх стымулюем і, канешне, дапамагаем вырашыць жыллёвыя моманты. Тым, хто здымае жыллё гаспадаркі, часткова кампенсуем расходы. Сямейным парам, напрыклад, выдзяляем жыллё гаспадаркі. Прыемны бонус – пасля адпрацоўкі 10 гадоў квадратныя метры можна выкупіць, – гаворыць намеснік дырэктара ААТ Таццяна Гатоўчыц.
Увогуле ў «Шляху новым» грамадска-культурнаму жыццю –
павышаная ўвага. Экскурсіі і паездкі па мясцінах роднай Беларусі, на хакейныя матчы і канцэрты – неад’емная частка жыцця тутэйшых працаўнікоў.

Брыгадзір фермы «Малое Падлессе» Галіна Мацуль (у цэнтры), жывёлаводы Ірына Буйкевіч і Міхаіл Чарняўскі.
Механізатары Сяргей Васько, Аляксандр Камінскі, Алег Клімовіч.


– Сёння вынікі ААТ «Шлях новы» – гэта заслуга тых, хто аддана працуе на карысць гаспадаркі, раёна, нашага Першага рэгіёна, а значыць,
і краіны. У няпростыя для таварыства часы людзі паверылі ў нашы планы, даверыліся шляху, па якім прапанавалі ісці, таму перад кожным адчуваем адказнасць і абавязак не падвесці. Гаспадарка для многіх стала сямейнай справай. І толькі так мы можам разлічваць на поспех. Разам і ў даверы – наша формула. Дзякуй тым, хто з заснавання сельгаспрадпрыемства «каваў» годнае імя «Шляху новага». Са святам кожнага, хто сэрцам адданы роднай зямлі! – словы віншавання ад дырэктара гаспадаркі Андрэя Коктыша.

Маргарыта КУХТА-МАСЛОЎСКАЯ.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Аператары машыннага даення Таццяна Пінчук і Ганна Марчык.