Па рэспіраторным этыкеце. Для нашых чытачоў – парады тых, хто на перадавой барацьбы з каранавірусам у нашым раёне – урачоў Ляхавіцкай ЦРБ

З каранавірусам мы жывём з пачатку года. Але і сёння далёка не кожны гатовы сустрэцца з ім, як гаворыцца, у твар. І хоць за апошні час медыцына робіць важкія і значныя крокі да перамогі над каварным COVID-19, усё ж пытанняў застаецца нямала. Тычацца яны спосабаў перадачы інфекцыі, метадаў прафілактыкі, у тым ліку неабходнасці ўвядзення масачнага рэжыму, алгарытмаў лячэння, эфектыўнасці тых ці іншых лекавых сродкаў і г. д. Адно відавочна –
неабходна прыслухоўвацца да рэкамендацый медыкаў, ні ў якім разе не лячыцца па інтэрнэце і не геройстваваць – хадзіць на работу з тэмпературай ці прыкметамі вострай рэспіраторнай інфекцыі, наведваць грамадскія месцы – гэтым не толькі шкодзіце ўласнаму здароўю, але і спрыяеце распаўсюджванню віруса.

Андрэй ПУЦІЛАЎ, загадчык аддзялення агульнай урачэбнай практыкі паліклінікі:
– Маска, маска і яшчэ раз маска. Плюс захоўванне сацыяльнага дыстанцыравання, рэспіраторнага этыкету, частая апрацоўка рук –
пакуль не прыдумана больш дзейсных мер прафілактыкі. Прычым насіць маску неабходна не толькі чалавеку з прыкметамі ВРВІ, але і здароваму. Нездарма цяпер, калі назіраецца кавідны ўсплеск, нямала рэгіёнаў, дзе разам з абмежавальнымі мерамі па распаўсюджванні інфекцыі ўводзяць абавязковы масачны рэжым.
Асноўны прынцып сацыяльнага дыстанцыравання наступны: чалавек арганізуе сваё жыццё такім чынам, каб па максімуму скараціць кантакты. У прыватнасці, не выходзьце з дому, калі ў гэтым няма асаблівай патрэбы (работа, пакупка прадуктаў харчавання і лякарстваў, атрыманне медыцынскіх і іншых жыццёва важных паслуг), захоўвайце 1,5-2-мет-ровую адлегласць адзін ад аднаго, па магчымасці карыстайцеся паслугамі дастаўкі тавараў. Варта абмежаваць наведванне заняткаў у гуртках, трэнажорных залах. Асабліва асцярожнымі трэба быць грамадзянам з так званай высокай групы рызыкі: пажылым, асобам з хранічнымі захворваннямі сардэчна-сасудзістай, імуннай, эндакрыннай сістэм, органаў дыхання, анкалагічнымі захворваннямі, атлусценнем. Пазбягаючы грамадскіх месцаў, выконваючы ўсе правілы перасцярогі, вы запавольваеце перадачу інфекцыі, адпаведна стрымліваецца выбуховае распаўсюджванне віруса. Гэта, у сваю чаргу, надзвычай важна, каб разгрузіць медыкаў, і ў іх заставалася больш часу ўдзяляць увагу пацыентам.

Арцём КАБУШКА, загадчык інфекцыйнага аддзялення райбальніцы:
– Канешне, за час свайго існавання COVID-19 мяняецца.Нагадаю яго асноўныя сімптомы: павышэнне тэмпературы цела іншы раз да 38-39 градусаў, кашаль, задышка, болі ў горле, слабасць, немагчымасць адчуваць пахі, змяненні смаку, праблемы са страўнікава-кішачным трактам (ваніты, дыярэя), могуць быць кан’юнктывіт, высыпанні на целе. Пры з’яўленні гэтых сімптомаў абавязкова звяртайцеся за медыцынскай дапамогай: калі стан дазваляе, паспяшайцеся на прыём у паліклініку. Аднак, пажадана захоўваць хатнюю самаізаляцыю – выклікаць урача на дом. Для гэтага неабходна звярнуцца ў рэгістратуру па тэлефоне 6-39-04 ці ў кол-цэнтр па нумары 6-39-03 для ўзгаднення парадку атрымання кваліфікаванай меддапамогі. Пры ўзнікненні пытанняў ці пагаршэнні стану, калі хварэеце каранавірусам, тэлефануйце напрамую ў кантактную групу «антыкавід» па нумары 2-15-53.
Што тычыцца інфекцыйнага аддзялення, то мы забяспечаны ўсім неабходным і падбіраем лячэнне канкрэтна для кожнага пацыента ў залежнасці ад цячэння хваробы, а таксама ад наяўнасці ў яго спадарожных захворванняў.

Анатолій ПАНЬКО, загадчык паліклінікі:
– Здараецца, што некаторыя пацыенты ўжо на першым прыёме патрабуюць, каб у іх узялі аналіз на каранавірус. Адзначу, што парадак і тэрміны абследавання на інфекцыю COVID-19 вызначаюцца загадамі Міністэрства аховы здароўя і праводзяцца па накіраванні ўрача. У залежнасці ад цяжкасці хваробы, яе тэрмінаў, наяўнасці прыкмет пнеўманіі і каранавіруса праводзяцца агульнаклінічныя даследаванні, рэнтгенаграфія органаў грудной клеткі, бярэцца мазок з носа і горла метадам ПЦР ці аналіз імуналагічным метадам. Пацыент з дыягнаставаным каранавірусам, які лечыцца амбулаторна, павінен знаходзіцца на самаізаляцыі 14 дзён. Працягласць лістка непрацаздольнасці вызначаецца ўрачом і павінна быць не меншай за 14 дзён. Пацыенты, якія праходзілі лячэнне пнеўманіі з цяжкім цячэннем у стацыянары, павінны знаходзіцца на самаізаляцыі на працягу 21 дня з моманту захворвання. Кантакты першага ўзроўню пры адсутнасці прыкмет ВРІ не абследуюцца і знаходзяцца на самаізаляцыі і пад назіраннем медыкаў на працягу 10 сутак. Калі прыкметы захворвання ёсць, то кантакт абследуецца або метадам ПЦР на сёмыя суткі з даты апошніх зносін з хворым, ці на дзявятыя суткі – экспрэс-тэсціраваннем. Выбар метаду даследавання прызначае ўрач.
І яшчэ важны момант. Калі асобам старэйшым за 60 гадоў патрабуецца медыцынскі агляд у сувязі з пагаршэннем здароўя, патэлефануйце ў рэгістратуру і пакіньце даныя (прозвішча, адрас). На працягу дня з вамі звяжацца медработнік і ўзгадніць час візіту на дом. Па аналагічным алгарытме можна звярнуцца за выпіскай рэцэпта на лекавыя сродкі для пастаяннага прыёму – рэцэпт вам даставяць на дом ці перададуць у аптэку.
Пры жаданні можна прайсці экспрэс-тэсціраванне платна. Пры адсутнасці павышанай тэмпературы цела ці прыкмет ВРІ неабходна звярнуцца ў бухгалтэрыю бальніцы, аплаціць працэдуру, потым у 29-м працэдурным кабінеце паліклінікі з 12 да 13 гадзін вам зробяць неабходнае даследаванне. Можна звярнуцца і ў іншы час (да 16 гадзін кожнага буднага дня). Вынік такога экспрэс-тэста будзе гатовы ў дзень звароту, і забраць яго можна ў рэгістратуры. Пры станоўчым выніку з вамі абавязкова звяжацца медработнік для вызначэння далейшага алгарытму дзеяння. Дадам, што ПЦР-даследаванне па жаданні пацыента не праводзіцца, у тым ліку і платна.

Гутарыла Галіна КАНЬКО.

У ТЭМУ

Калі вам праводзіцца лячэнне інфекцыі COVID-19, пры ўзнікненні пытанняў або пагаршэнні самаадчування можна звярнуцца напрамую ў кантактную групу «антыкавід» па тэлефоне 2-15-53 з 8.10 да 17.30.
Тэлефоны рэгістратуры: 6-39-04 з 8.00 да 19.30, 6-39-03 з 15.30 да 19.30.
Тэлефоны кол-цэнтра: 6-39-03 і 8-044-535-13-95 з 8.00 да 15.30.