Падарожжа батарэйкі. А вы ведаеце, што адна пальчыкавая батарэйка можа забрудзіць 400 літраў вады ці 20 «квадратаў» зямлі?
Ва ўсім свеце праблема экалогіі стаіць даволі востра. Над спосабамі, як мінімізаваць шкоднае ўздзеянне на навакольнае асяроддзе смецця, аўтамабільных і прамысловых выкідаў, працуюць не толькі эколагі. Адзін з эфектыўных спосабаў – сартаванне адходаў. Ляхавіччына ў гэтай справе не выключэнне: у кожнай частцы горада і ў многіх вёсках ёсць кантэйнеры для паасобнага збору пластыку, шкла, паперы для далейшай перапрацоўкі.
Але не любыя адходы можна проста выкінуць з бытавым смеццем, іх утылізацыяй займаюцца спецыяльныя прадпрыемствы і службы.

Кожны з нас, напэўна, карыстаўся батарэйкамі. Пульты, гадзіннікі, цацкі, тэлефоны, маса іншых рэчаў – у доме заўсёды ёсць нешта, што працуе на батарэйках. А яны маюць уласцівасць выпрацоўваць свой рэсурс.
На ўпакоўцы батарэек практычна заўсёды прысутнічае знак у выглядзе перакрэсленага смеццевага кантэйнера, які нагадвае, што іх нельга выкідваць разам з астатнімі бытавымі адходамі.
– Ва ўсіх батарэйках утрымліваюцца таксічныя элементы, якія пры пападанні ў глебу і ваду наносяць непапраўную шкоду здароўю чалавека. Выкінутая ў смеццевае вядро батарэйка пападае на звалку, дзе ў працэсе карозіі або ў выніку гарэння вылучае шкодныя рэчывы. Далей таксіны разам з вадой і ежай трапляюць да нас на стол. Атрутныя элементы маюць уласцівасць назапашвацца ў арганізме, таму нават у невялікай колькасці могуць выклікаць анкалагічныя і іншыя сур’ёзныя захворванні, – гаворыць начальнік раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Іна Траяноўская.

Па даных прыродаахоўнай службы, у Ляхавіцкім раёне размешчана дзесяць кантэйнераў, дзе можна пакінуць выкарыстаныя батарэйкі. Спецыяльныя скрыні размешчаны ў шэрагу гарадскіх магазінаў, у тым ліку ў магазіне гаспадарчых тавараў райпо, «Міле», «Востраве чысціні» і г. д.
Важна, што пра такую глабальную праблему, як перапрацоўка смецця і змяншэнне забруджвання навакольнага асяроддзя, задумваюцца і юныя ляхавічане. У СШ № 2 у рамках дэкады прыродазнаўства прайшла акцыя «Здай батарэйку – захавай прыроду». Ініцыятарамі яе выступілі самі навучэнцы. На першым паверсе школы была размешчана ёмістасць, у якой кожны жадаючы мог пакінуць адпрацаваныя батарэйкі. Пасля завяршэння акцыі іх здалі на ўтылізацыю.
– Прыемна, што рабяты выс-тупілі з ініцыятывай, а астатнія іх падтрымалі: і настаўнікі, і навучэнцы, і бацькі. Ёмістасць напоўнілася, а гэта значыць, мы зрабілі хоць і адносна невялікі, але крок у ачышчэнні нашай планеты, – гаворыць намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Таццяна Доруш.
Ірына КУЗЬМІЧ.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

