Рэвізіяй выяўлена

За 2009 год аддзяленнем па Ляхавіцкім раёне Галоўнага ўпраўлення Міністэрства фінансаў Рэспублікі Беларусь па Брэсцкай вобласці праведзена 9 праверак і рэвізій, у ходзе якіх устаноўлены факты парушэння фінансавай дысцыпліны і безгаспадарчасці. Выяўлена шкоды ў суме 160205,7 тысячы рублёў, выкарыстанне сродкаў не па мэтавым прызначэнні і незаконнага атрымання сродкаў — 19099 тысяч рублёў. Адноўлена шкоды 103515,7 тысячы рублёў, нямэтавага выкарыстання – 23105,2 тысячы рублёў. Дадаткова паступіла плацяжоў у бюджэт у размеры 4853,3 тысячы рублёў. Па выніках праведзеных праверак і рэвізій да дысцыплінарнай адказнасці прыцягнута 17 асоб, накладзена адміністрацыйных штрафаў на суму 23657 тысяч рублёў.
Праверкі і рэвізіі праводзіліся летась па пісьмах праваахоў- ных органаў і заяў суб’ектаў гаспадарання ў рамках дзеяння Указа Прэзідэнта «Аб некаторых мерах па ўдасканаленні кантрольнай і нагляднай дзейнасці ў Рэспубліцы Беларусь».
Найбольшая колькасць парушэнняў, як паказалі праверкі, выяўлена ў КУП па аказанні паслуг «Ляхавіцкі РКБА». Напрыклад, устаноўлена недастача кампрэсарнай устаноўкі КУ-10М коштам 2800 тысяч рублёў. Былыя дырэктар КБА С. Мельнічэнка і галоўны інжынер В. Вайтовіч асуджаны да абмежавання волі тэрмінам на 18 месяцаў з пазбаўленнем права займаць кіруючыя пасады на працягу 5 гадоў кожны.
У снежні 2008-студзені 2009 года дапушчана нямэтавае выкарыстанне сродкаў у суме 18152,4 тысячы рублёў, атрыманых ад продажу памяшкання. Гэта сума была накіравана на пагашэнне крэдыторскай запазычанасці камбіната бытавога абслугоўвання, а не на рэканструкцыю, тэхнічнае перааснашчэнне і мадэрнізацыю вытворчасці, асваенне тэхналогій і выпуск новых відаў прадукцыі, што прадугледжана рашэннем райвыканкама. Пераплата зарплаты за правераны перыяд склала 1265,2 тысячы рублёў. Пры адсутнасці прыбытку з верасня 2008 па жнівень 2009 года выплачана матэрыяльнай дапамогі і прэмій да прафесійных святаў і юбілейных дат на суму 1088,3 тысячы рублёў. У структуры КБА адсутнічае такое падраздзяленне як участак, аднак, са жніўня па кастрычнік летась выплачана зарплаты начальніку неіснуючага ўчастка ў размеры 1654,2 тысячы рублёў. Інвентарызацыяй устаноўлена недастача, а таксама няўлічанае абсталяванне пральні. Выяўлены факты скажэння статыстычнай справаздачнасці.
Філіялам КУП «Брэстаблдарбуд» ДРБУ № 200 дапушчана завышэнне кошту выкананых работ па ўтрыманні і рамонце мясцовых аўтамабільных дарог на суму 3266,7 тысячы рублёў. Завышэнне кошту работ на асфальтаванні і добраўпарадкаванні тэрыторыі машыннага двара і пад’езда да малочнатаварнай фермы да аграгарадка Начаўскага склала 2559,2 тысячы рублёў. Пры неадпрацоўцы графікаў вытворчасці работ і аплаты фактычна нявыкананых работ ДРБУ залішне атрымана бюджэтных сродкаў у суме 10,8 млн. рублёў на аб’екце «Лесагаспадарчая дарога № 2». Сумы завышэння адноўлены вінаватымі асобамі. Судом Ляхавіцкага раёна яны прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці.
Праверкай КУМВП ЖКГ «Ляхавіцкая ЖКГ» устаноўлены факты ўключэння падрадчыкам УП «Ляхавіцкая СПМК-18» у разлікі кошту выкананых работ на капітальным рамонце з мадэрнізацыяй жылога дома № 10 па вул. Южакова ў Ляхавічах сум зямельнага падатку ў завышаных памерах. Гэта пацягнула завышэнне кошту выкананых работ за май-жнівень мінулага года. На гэту суму зменшана запазычанасць ЖКГ перад падрадчыкам.
Усе выяўленыя падчас праверак і рэвізій парушэнні з’яўляюцца падставай задумацца, наколькі строгая фінансавая дысцыпліна ў арганізацыі і што любое яе парушэнне – гэта парушэнне закона.
Андрэй НАВАГРАН,
рэвізор аддзялення
па Ляхавіцкім раёне ГУ МФ
па Брэсцкай вобласці.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *