Здаць пустыя бутэлькі і атрымаць у абмен грошы для ляхавічан па-ранейшаму застаецца праблемай

Напэўна, многія з вас, шаноўныя чытачы, памятаюць тыя часы, калі, здаўшы патрэбную колькасць макулатуры, можна было нарэшце купіць томік твораў Пушкіна, Дзюма, Мележа… А яшчэ — як па вуліцах горада і вёсак ездзіў нарыхтоўшчык і збіраў анучы ў абмен на дэфіцытныя ў той час тавары. Здача шклатары лічылася выгаднай справай. У школах арганізоўваліся спаборніцтвы па зборы макулатуры і металалому: з якім азартам дзеці цягнулі з дамоў і кватэр старыя падшыўкі газет, паперу, іншы раз у ход ішлі нават рэшткі шпалераў, якія бацькі захоўвалі «на ўсякі выпадак». Затое, як потым прыемна было за перамогу атрымаць падарунак для ўсяго класа — экскурсію ў Брэсцкую крэпасць-герой ці Мінск.
Да гэтых рэтра-ўспамінаў падштурхнула пісьмо, якое прыйшло ў рэдакцыю ад ляхавічанкі. Жанчына, якая, на жаль, не назвала сваё імя, узняла актуальнае пытанне: куды дзяваць другасную сыравіну? «У кожным доме збіраюцца старыя газеты, часопісы, вучнёўскія сшыткі, пустая шклатара, пластыкавыя бутэлькі. У гарадскіх магазінах вісяць аб’явы пра прыём другаснай сыравіны, але ўказаны нізкія цэны. Напрыклад, у Мінску яны вышэйшыя. Але справа не толькі ў кошце, але і ў тым, наколькі рэальна ўсё гэта здаць у нарыхтоўчы ларок, які знаходзіцца ў нашым райцэнтры на вуліцы Раганава, 17. Не раз даводзілася назіраць карціну: стаяць людзі каля зачыненых дзвярэй пункта прыёму шклатары. Але толькі дарма губляюць час — прыёмшчыца так і не прыйшла на работу. Замест яе пастаянна вісіць запіска: працую да 12.00. Нічога, што гадзіннік паказвае 10 гадзін раніцы. Пастаяць людзі, пагутараць, паабураюцца — пайшлі здаваць бутэлькі «ўласніку», які купляе іх па 300 рублёў за штуку — усе без разбору”.
Праблема сапраўды важная. Тым больш, што работа нарыхтоўчага пункта па вуліцы Раганава рэгулярна выклікае нараканні. Звяртаўся да праблемы і «ЛВ». Датычылася гэта здачы лішкаў сельгаспрадукцыі (ягад, агародніны, садавіны) летам і шклатары — зімой. Дарэчы, карэспандэнт раёнкі таксама неаднойчы замест адчыненых дзвярэй натыкаўся на замок і запіску з графікам работы, які яўна не адпавядаў рэальнаму стану спраў.
…Пятніца, 5 красавіка, 10.30. Каля нарыхтоўчага пункта нікога. Ды і сам ён зачынены. Нават паперы з тлумачэннем, чаму не працуе пункт, няма. Тэлефаную ў райпо. На другім канцы проваду добра чуваць, як работнікі гандлёвага аддзела вылучаюць розныя версіі адсутнасці нарыхтоўшчыка на працоўным месцы, пакуль, у рэшце рэшт, у адказ пачулася: «Хутка яна прыйдзе на работу, прыносіла ў райпо справаздачу».
Хвілін праз 20 прыёмшчыца і сапраўды з’явілася на сваё працоўнае месца, і работа закіпела: жадаючыя змаглі нарэшце здаць бутэлькі. Няўжо кожны раз, калі чалавек прыходзіць у нарыхтоўчы пункт, павінен, як разведчык, шукаць прыёмшчыцу? Пры добрых памкненнях здаць другасную сыравіну чалавек натыкаецца на мноства складанасцяў. Ці кожны захоча іх пераадольваць? І ці павінны мы гэта рабіць?
Што датычыцца кошту, які ўстанаўліваецца на шклатару, то, як патлумачыла эканаміст па цэнах райпо Іна Якубец, закупачная цана ўстанаўліваецца прадпрыемствам з улікам кан’юнктуры рынку і, безумоўна, яна ніжэйшая за тую, па якой райпо здае шклатару непасрэдна на заводы, з якімі заключаны дагаворы.
Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

One thought on “Здаць пустыя бутэлькі і атрымаць у абмен грошы для ляхавічан па-ранейшаму застаецца праблемай

  • 10/04/2013 в 04:52
    Permalink

    Раньше сдача бутылок, макулатуры считалась обычным делом. Это был неплохой способ не только для взрослых протянуть до зарплаты, но и для детей возможность купить мороженое или конфеты или подкопить на что-то более значимое. Сегодня это всё в прошлом.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *