Маёр міліцыі па імені Вера

Ёй надзвычай пасавала міліцэйская форма. Заўсёды тактоўная, прыветная і добразычлівая Вера Пятрова, нясла службу на адказнай пасадзе начальніка пашпартнага стала (так раней называлася аддзяленне па грамадзянстве і міграцыі РАУС). Здолела арганізаваць усё дакладна, граматна, адпаведна заканадаўству.
А пачынала сваю службу ў органах унутраных спраў зусім маладзенькая Верачка, у якой заўважылі прыгожы каліграфічны почырк. Раней гэта мела вялікае значэнне, бо галоўны дакумент выпісвалі супрацоўнікі пашпартнага стала. Тады яна і пазнаёмілася бліжэй з міліцэйскай службай. Спадабалася дакладнасць, строгая дысцыпліна, парадак. Праўда, спачатку крыху саромелася, бо ў райаддзеле працавалі выключна мужчыны. Але, як аказалася, работа ў такім калектыве была вельмі прыемнай: паважлівыя адносіны не толькі як да калегі, але і як да жанчыны, заўсёдная гатоўнасць дапамагчы. Калі ж ўбачылі, наколькі сур’ёзна Вера Адамаўна ставіцца да сваіх абавязкаў, нават паступіла вучыцца ў міліцэйскую акадэмію, то, негалосна, усе «залічылі» яе «сваёй назаўсёды».
З гадамі прыходзіў вопыт у рабоце, прызнанне. У дамашнім архіве Вера Адамаўна беражліва захоўвае шматлікія граматы і падзякі за выдатную службу, сярод якіх — ад Міністэрства ўнутраных спраў СССР, медаль «За бездакорную службу» і іншыя. І ў яе жыцці быў «зоркапад»: маёр міліцыі — заслужанае званне, якое абавязвала працаваць самааддана і пасавала гэтай прыгожай жанчыне.
Амаль 40 гадоў Вера Пятрова працавала ў раённым аддзеле унутраных спраў. Сёння яна на заслужаным адпачынку і, як жартуе, знайшоўся, нарэшце час, каб поўнасцю акунуцца ў сямейныя клопаты: выраслі дзеці, унучка, ёсць праўнучак. Але і ў чацвёртым пакаленні Пятровы з замілаваннем глядзяць на сваю паважаную бабулю, расказваюць ёй пра свае поспехі, радасці і ганарацца: не ў кожнага прабабуля маёр міліцыі!
Гэтымі днямі Вера Пятрова адзначае юбілей. Напэўна, яна атрымае шмат цёплых віншаванняў не толькі ад сваіх родных, але і ад былых калег. Далучаемся і жадаем моцнага здароўя, шчасця, радасці.
Аліна ЛАПІЧ.
Фота  Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *