Нялёгкая работа – здабываць торф з балота. Палявы сезон-2020 торфаздабытчыкі ААТ «ТБЗ Ляхавіцкі» завяршылі ў адпаведнасці са сваім класічна-тэхналагічным раскладам

Са штабеля – у вагоны і – на «вялікую зямлю».

Зрэшты, сам сезон здабычы торфу застаўся ў мінулым – разам з апошнім летнім месяцам. За рамкі жніўня ён, канешне, можа і выходзіць, хоць правілам гэта не з’яўляецца. Хутчэй, выключэннем з яго, свайго роду форс-мажорам. Сёлета палявы сезон-2020 торфаздабытчыкі ААТ «ТБЗ Ляхавіцкі» завяршылі ў адпаведнасці са сваім класічна-тэхналагічным раскладам.

Брыкет на экспарт.

Расклад зімовы – рамонтны і адпускны
Змена акцэнтаў адбылася яшчэ некалькі месяцаў назад. Караван торфаздабываючай тэхнікі стаў на паўзу да канца красавіка – пачатку мая. Палі здабычы «адпраўлены» ў міжсезонны адпачынак, для іх прадугледжаны аздараўленчыя працэдуры. Адпускны перыяд наступіў і для многіх работнікаў участка торфаздабычы.
– На даны момант на работах заняты 18 чалавек: абслугоўваюць помпавую станцыю, займаюцца рамонтам тэхнікі, у рамках яе падрыхтоўкі да будучага сезона торфаздабычы ажыццяўляюць некаторыя іншыя падрады. Астатнія, а па штатным раскладзе нас каля трох з паловай дзясяткаў, знаходзяцца ў сваім законным штогадовым адпачынку. Улетку, як разумееце, курортаў у торфаздабытчыкаў не бывае – гарачы час, – расказаў начальнік вытворчага ўчастка ТБЗ «Ляхавіцкі» Андрэй Церах.
З ім мы сустрэліся ў «яго» ўгоддзях – палях торфаздабычы. Ашчадна-роўна парэзаныя на вытворчыя карты, здаецца, што яны не маюць межаў, а сваімі краямі разрываюць гарызонты ўсіх чатырох напрамкаў свету. Андрэй Аляксандравіч выступае з тлумачэннямі, расказвае, удакладняе. Многае з таго, што для спецыяліста банальнасць, для карэспандэнтаў з’яўляецца новым вопытам, выклікае жывую цікавасць.
Акрамя трактароў і прычапной торфаздабываючай тэхнікі, шлейф якой дастаткова шырокі і ў рознай ступені няпросты, у перыяд міжсезоння работнікам участка сумесна са спецыялістамі іншых службаў і цахоў завода належыць правесці рамонт вось гэтых самых палёў. Выканаць комплекс работ, які звычайна ўключае чыстку сеткі меліярацыйных каналаў, прафіляванне паверхні картаў, рамонт мастоў і пераездаў у выпадку такой неабходнасці і некаторыя іншыя моманты. Што да тэхнікі, то больш-менш простыя рэгламенты выконваюцца на месцы – у размешчанай непасрэдна на ўчастку палявой майстэрні. За складанымі, патрабуючымі выкарыстання спецыялізаванага абсталявання рамонтамі даводзіцца ехаць на асноўную базу. Ва ўмовах рамонтна-механічнага цэха спецыялісты прадпрыемства ў стане паставіць «на ногі» любы і ці не ў любым тэхнічным стане трактар, торфаздабываючую машыну, нават цеплавоз.

Начальнік вытворчага ўчастка Андрэй Церах і машыніст цеплавоза Іван Рабцэвіч.

Новыя землі
Сумарна «палявыя ўгоддзі» ААТ «ТБЗ «Ляхавіцкі» складаюць прыкладна 650 гектараў. Некаторыя з участкаў эксплуатуюцца ўжо дастаткова працяглы час, іншыя сталі даступнымі для здабычы дзясятак – паўтара гадоў назад. Але ж закон дыялектыкі –
усё мае свой рэсурс. Калі выпрацаваныя палі трапляюць пад выбракоўку, ім на змену прыходзяць іншыя, папярэдне адваяваныя ў балота і лесу тарфяныя залежы. Зараз на ТБЗ «Ляхавіцкі» рыхтуюць да эксплуатацыі два новыя ўчасткі тарфяной залежы. Як расказаў Андрэй Церах, першы з іх, што знаходзіцца ў межах 50-ці гектараў, дасць прамысловы торф ужо ў сезоне-2021. Асноўныя і найбольш працаёмістыя этапы падрыхтоўчых работ – асушэнне залежы і зводка лесу – ужо завершаны. Пасля вывазкі драўніннай расліннасці, прафіліроўкі паверхні картаў і некаторага іншага на новыя землі можна будзе выходзіць з торфаздабываючай тэхнікай.
На прыкладна паўсотні гектарах тухавіцкіх тарфяных земляў гэтым часам самы аншлаг падрыхтоўчых клопатаў. Працуе нанятая ў суседнім раёне спецыялізаваная на сваім відзе работ арганізацыя. З пэўнай часткі тэрыторыі лес ужо зведзены, вытралеваны і вывезены. На астатняй усё яшчэ гаспадарыць вольха, а полем торфаздабычы гэты ўчастак стане не раней, чым праз сезон. Прынцып дастатковай паступовасці і рэгулярнасці ў дзеянні.

Рэйкі, рэйкі, шпалы, шпалы
Яна нязменны, абавязковы, таму што абсалютна неабходны атрыбут любой падобнай вытворчай структуры. Свайго роду эксклюзіў, паколькі, акрамя торфапрадпрыемства, мы мала дзе яшчэ можам пазнаёміцца з вузкакалейнай чыгункай. Яна аснова, а часта –
адзіны шлях, па якім фрэзерны торф з палёў здабычы дастаўляецца, так бы мовіць, на «вялікую зямлю». Найчасцей гэта брыкетны цэх, хоць і не толькі. Плячо дастаўкі можа адрознівацца, але ў сярэднім вагаецца вакол адрэзка ў дзясятак кіламетраў.
Працэс гэты рэгулярна-пастаянны, хоць і неаднолькава інтэнсіўны на працягу года, залежыць ад інтэнсіўнасці работы перапрацоўчых магутнасцяў. Апошнія, у сваю чаргу, «прывязаны» да попыту на сваю прадукцыю. Халодная пара года звычайна «разагравае» ўсё кола брыкетнай вытворчасці. У тым ліку і работу транспартнага цэха, які адказны за рэйкі, шпалы, вагоны, цеплавозы, пагрузчыкі і іншае.
Наша з Андрэем Церахам размова адбылася дзён дзесяць назад. З яе даведваемся, што сённяшнім часам з балота на завод адгружаецца прыкладна 80 вагонаў фрэзернага торфу ў суткі.
– Гэта і для перапрацоўкі ў брыкет, і на таварную сушонку, і для ўнутранага – на мэты ўласнай кацельні – спажывання, – адзначае начальнік участка здабычы.
Тым часам чарговы чыгуначны састаў-торфавоз дабірае апошнія дзясяткі тон сыравіны. Яшчэ некалькі часу пад пагрузкай, і ТУ-6 з дзясяткам вагонаў у хвасце пад няхуткі стук жалезных колаў адпраўляецца ў шлях дамоў.

Машыніст франтальнага пагрузчыка Аляксандр Алексіч.

Торф спецыяльнага  прызначэння
За торфам для вырошчвання шампіньёнаў баранавіцкія грыбаводы сталі звяртацца ў Тухавічы параўнальна нядаўна. Ледзь ці не кожная тона адбіраецца непасрэдна на месцы з удзелам і пад кантролем прадстаўніка фірмы. Што у аснове адбору? Будзем лічыць гэты момант сакрэтам фірмы. А вось той факт, што падобны накірунак дзейнасці з’яўляецца для ТБЗ «Ляхавіцкі» нядрэннай «падпрацоўкай» – ніякі не сакрэт. Інакш у чым сэнс?

Іван КАВАЛЕНКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.