Навацыі старога года. 2022 год у Ляхавіцкім раёне быў адзначаны шэрагам навацый і ўвядзеннем у дзеянне новых жывёлагадоўчых аб’ектаў

У мінулым годзе жывёлагадоўля раёна спрацавала з прыбаўкай. У параўнанні з папярэднім фактычна па ўсіх асноўных накірунках вытворчай дзейнасці адзначаны невялікі рух наперад. Ці рэальна было паскорыцца ў некалькі большай ступені?

Новыя фермы
Ва ўжо старым, але ўсё яшчэ свежым ва ўспамінах 2022 годзе на прасторах ляхавіцкай жывёлагадоўлі адбылося даволі такі многа новага, у тым ліку прынцыпова новага. Назавём некалькі праектаў, якія летась сталі аб’ектыўнай рэальнасцю. Малочнатаварны комплекс «Русінавічы» СВК «Ляхавіцкі» атрымаў поўнае пускавое завяршэнне іменна летась. Улетку быў падрыхтаваны да наваселля і запушчаны ў работу адзін кароўнік. Пачыналі з некалькіх дзясяткаў кароў, каб праз тыдні запоўніць у новых сценах усе прадугле-
джаныя праектным рашэннем прыкладна тры з паловай сотні пастановачных месцаў.
Далей – больш. Першы кароўнік ужо некалькі месяцаў дапамагаў гаспадарцы здымаць фінансавыя вяршкі са сваёй жывёлагадоўлі, як падышла другая чарга. Жывёлагадоўчае памяшканне такіх жа характарыстык, якасці і прызначэння было ўведзена ў строй восенню. Гатовы аб’ект атрымаў назву МТК «Русінавічы-новы» і, здаецца, на сёння з’яўляецца самай высокатэхналагічнай фермай Ляхавіччыны. У чым яе «вышыня»? Справа ў тым, што ў структуры пабудоў «Новага» значыцца асобнае памяшканне для ўтрымання сухастойнай жывёлы. Да якога, у сваю чаргу, прымыкае свая асобная – «раздойная» – даільная зала. Нічога такога ні на адной іншай малочнай ферме раёна пакуль няма.
ААТ «Шлях новы» летась пачаў і завяршыў рэканструкцыю старога жывёлагадоўчага памяшкання, размешчанага на тэрыторыі
МТФ «Навасёлкі». Работы выконваліся выключна сваімі сіламі і на свае ж грошы. Атрымалася дастаткова сімпатычна і функцыянальна. У памяшканне «прыйшло» шмат святла, з’явілася дастаткова прасторы, шырокі праезд з кармавымі сталамі з бакоў. Прызначаны для ўтрымання рамонтнага маладняку буйной рагатай жывёлы будынак цяпер дыхае свежым паветрам.
Блізкае да завяршэння будаўніцтва жывёлагадоўчай фермы на тысячу галоў у аграгарадку Падлессе ААТ «Жарабковічы». Галоўныя падрады і асноўныя віды работ былі выкананы іменна ў 2022-м, а пускавое завяршэнне аб’екта запланавана на бліжэйшы час. Як і ўвод у дзеянне МТФ у СУП «Ліпнянка».
Таксама мінулы год стаў стартавым на шляху ўзвядзення новых кароўнікаў на малочнатаварнай ферме «Літва» ў ААТ «Шлях новы» і новага жывёлагадоўчага памяшкання на тэрыторыі старой начаўскай МТФ «Цэнтр». На гэты час у адносінах апошніх дзвюх будоўляў ужо дастаткова зроблена. Завяршэнне ж запланавана на сярэднетэрміновую перспектыву.

Новыя падыходы ў забеспячэнні кармавога стала
Мінулы сельскагаспадарчы год для раслінаводства склаўся дастаткова багата. Не падвялі збожжавыя, травы, кукуруза – сталі добрай асновай для фарміравання трывалай кармавой базы гаспадарак. Грубыя кармы ў раёне былі нарыхтаваны ў патрэбнай колькасці і, у большасці выпадкаў, такой жа якасці. Значная частка кармоў ураджаю-2022 была ў гэтым жа годзе выкарыстана. Гэта азначае,
што каля двух стойлавых месяцаў старога года малако і мяса раёна трымалася і расло дзякуючы іменна апошнім нарыхтоўкам.
Новым трэндам у стварэнні дастатковай і збалансаванай кармавой базы для статкаў буйной рагатай жывёлы раёна можна лічыць практыку вырошчвання люцэрны. Сотні гектараў гэтай высокабялковай і хуткааднаўляльнай культуры, несумненна, сыгралі на павышэнне прадукцыйнасці жывёльных статкаў сельгасарганізацый раёна. Калі не ўсіх, то большасці, паколькі пасевы люцэрны ў мінулым годзе знайшлі ў гаспадарках трывалае ўкараненне.
Яшчэ адно новае, што таксама можна назваць старым забытым, гэта мінулагодняя практыка нарыхтоўкі плюшчанага зерня кукурузы. Своеасаблівым наватарам гэтай справы ў раёне можна назваць ААТ «Шлях новы». У пачатку мінулай кукурузаўборачнай кампаніі акцыянернае таварыства набыло неабходнае для такога кшталту работы абсталяванне, полімерныя рукавы для ўпакоўкі падрыхтаванага прадукту. І справа пайшла. Сёння дастаткова прыехаць і паглядзець на фасадную тэрыторыю, напрыклад, фермы «Сакуны» – на значнай яе плошчы размешчаны белыя доўгія і аб’ёмныя поліэтыленавыя рукавы. Гэта кармавы запас плюшчанага зерня кукурузы. І ў раёне яны, канешне ж, не адны такія рупліўцы.

Новыя лічбы вытворчай статыстыкі
За новымі фермамі, новымі падыходамі ў фарміраванні кармавой базы на першае месца ўсё ж варта паставіць жывёлаводаў. Іх штодзённую, у любую пару года руплівую працу.
У каровы няма выхадных і святочных, яе нельга пакінуць без увагі ні ўдзень, ні ўначы. Павінна быць накормлена, дагледжана, выгуляна і своечасова падоена. А ўсё пералічанае, як і многае іншае, з’яўляецца прафесійным і чалавечым клопатам працаўнікоў фермаў і жывёлагадоўчых комплексаў, што комплексна і фарміруе глыбіню малочных рэк і мясны дастатак.
За 2022 год сельскагаспадарчыя прадпрыемствы Ляхавіччыны надаілі амаль 56 з паловай тысяч тон малака. Гэта на 2,2 працэнтнага пункта перавышае ўзровень папярэдняга года. Валавое лідарства трывала і са значным плюсам над іншымі гаспадаркамі раёна захавала за сабой ААТ «Жарабковічы». Іх лічба – 18,3 тысячы тон. Удойнасць сярэдняй
каровы раёна ў мінулым годзе раўнялася 5 645 кілаграмам. Аднак, ёсць рэкардсмены ў асобе СВК «Ляхавіцкі», якому не хапіла нейкіх паўтары сотні кілаграмаў да 9-тысячнага паказчыка сярэднегадавой удойнасці. Больш за 95 працэнтаў раённага малака адпавядае якасным гатункам экстра і вышэйшы, што на 3,7 пункта перавышае аналагічнае папярэдняе значэнне. Сутачныя прывагі буйной рагатай жывёлы за год падняліся нязначна.
Як і прадукцыя вырошчвання – 4,3 тысячы тон, ці 102,6 працэнта ў параўнанні з папярэдняй базай.

Іван КАВАЛЕНКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.