Наша роднае – народнае. Рэтрафотатэка «ЛВ»

Ляхавіччына заўжды славілася таленавітымі самабытнымі майстрамі – рамеснікамі, музыкантамі, мастакамі. Вышыванкі, ад якіх вачэй не адарваць, вытанчанае саломапляценне, арыгінальнае бондарства, цудоўныя вырабы разьбяроў па дрэве, яркія гліняныя цацкі і экалагічны посуд, саматканыя ручнікі, дыванкі, упрыгожанні з ільну – усю гэту прыгажосць з любоўю і натхненнем стваралі нашы землякі яшчэ ў мінулым стагоддзі.

Але гэта не толькі гісторыя. І сёння ў раёне нямала людзей, апантаных творчай справай сваіх продкаў, якія прадаўжаюць слаўныя традыцыі, беражліва перадаюць новым пакаленням сакрэты майстэрства старадаўніх беларускіх рамёстваў. Амаль у кожным сельскім Доме культуры ёсць куткі, стэнды, разгортваюцца выставы, дзе асноўныя экспанаты – такія вырабы народных майстроў. А спецыфіка работы Мыслабажскага і Адахаўшчынскага Дамоў народнай творчасці, Дараўскага Дома рамёстваў увогуле ў асноўным арыентавана на захаванне традыцый. Нездарма на разнастайных выставах, у вялікіх і малых гарадах, на фестывалях і фэстах каля такіх экспазіцый заўжды шмат людзей – яны не могуць не падабацца, бо ў кожны выраб укладзена часцінка душы яго аўтара.

Народная творчасць – гэта не толькі рамяство, але і фальклорнае мастацтва: мілагучныя пранікнёныя песні, іскрамётны гумар, паданні і казкі. Слухаць іх можна бясконца. Не дзіўна, што літаральна ні адзін канцэрт не абыходзіцца без песень, прыдуманых яго вялікасцю народам, а кожнае выступленне калектываў і выканаўцаў з такім рэпертуарам абавязкова суправаджаецца авацыямі ўдзячных слухачоў.
Шаноўныя чытачы, спадзяёмся, што чарговы выпуск рэтрафотатэкі «ЛВ» не пакіне вас абыякавымі. А кожны фотаздымак не толькі загучыць настальгічнымі ноткамі, але і натхніць на творчасць. І раптам вы адкрыеце ў сабе талент, напрыклад, вышывальшчыка?
А пакуль атрымайце асалоду і зазірніце ў мінулае.