Выхадныя з краязнаўчым ухілам. Апошнія выхадныя восені навучэнцы школ Ляхавіччыны правялі актыўна і прадукцыйна

Мінулую суботу навучэнцы школ горада і раёна правялі актыўна і прадукцыйна. Адны вырашалі, хто з іх самы вынослівы і моцны, другія – хто самы кемлівы і знаходлівы.

28 лістапада на базе СШ №1 адбылося першынство раёна па арыентаванні ў зале памяці Леаніда Чаранкевіча. Леанід Вікенцьевіч ураджэнец вёскі Крывошын, які ўсё сваё жыццё займаўся турызмам і краязнаўствам. Менавіта ён стаяў ля вытокаў стварэння музея ў Крывошынскай СШ імя Г. С. Здановіча, быў першым кіраўніком музея.

У першынстве прынялі ўдзел дзесяць каманд з устаноў адукацыі раёна. Спаборніцтвы праходзілі па дзвюх узроставых катэгорыях. У малодшай перамагла каманда цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі (трэнер Генадзій Бычкоўскі ), другое месца ў каманды гімназіі (трэнер Уладзімір Туркін), на трэцім месцы каманда СШ № 2 (трэнер Дзмітрый Крупайла).

У старэйшай узроставай групе пераможцам стала каманда СШ № 1 (трэнер Міхаіл Бубноў), другое месца ў каманды Конькаўскага ВПК «дзіцячы сад – сярэдняя школа» (трэнер Вячаслаў Ксёнжык), трэцяе месца заняла каманда Начаўскай СШ (трэнер Алег Іваноўскі).
У гэты ж дзень баталіі, праўда інтэлектуальныя, разгарнуліся і ў ЦДАДіМ. Тут прайшла раённая краяз-наўчая алімпіяда школьнікаў. Рабятам за дзве гадзіны трэба было адказаць на 71 пытанне, якое тычылася Брэстчыны і Ляхавіцкага раёна.

Месцы размеркаваліся наступным чынам: першае ў адзінаццацікласніка СШ № 2 Паўла Андрыевіча, другое заняла навучэнка 11 класа Ліпскай школы Марыя Дыдышка, трэцяе раздзялілі дзесяцікласніца Алена Грышкевіч з  СШ № 1, адзінаццацікласнікі Міхаіл
Чалядка з Начаўскай СШ і гімназіст Юрый Траяноўскі.

Ірына КУЗЬМІЧ.