Поўны куфэрак салодкасцяў. Рабіць падарункі яшчэ больш прыемна, чым атрымліваць іх, у гэтым упэўнены валанцёры Чырвонага Крыжа

Старшыня раённай арганізацыі Таварыства Чырвонага
Крыжа Жанна Лешык і валанцёры з гімназіі Алеся Бялко
і Яна Астаповіч (на здымку) ужо збіраюць навагоднія сюрпрызы для рабят з малазабяспечаных сем’яў

Напэўна, многія, у тым ліку дарослыя, згадзяцца, што няма большага чараўніцтва, чым тое незабыўнае імгненне, калі бяжыш пад упрыгожаную ёлачку, каб пад яе галінкамі знайсці навагодні падарунак. Якія гэта ўсё ж прыемныя клопаты – рыхтаваць падарункі.

– Адказная і ў той жа час складаная місія – сабраць падарунак для дзяцей медыцынскіх работнікаў. Наша прафсаюзная пярвічка падыходзіць да гэтага працэсу з асаблівай увагай. Сёлета набываем больш за 800 цукерачных падарункаў. Калі ў мінулыя гады частку з іх уручалі дзецям на пераднавагоднім ранішніку, то ў гэтым годзе ў сувязі з пандэміяй каранавіруса такое масавае мерапрыемства праводзіць не будзем – не маем права рызыкаваць здароўем і дзяцей, і работнікаў. Але ж свята ёсць свята, тым больш такое цудоўнае – Новы год! Таму ролю прафсаюзнага Дзеда Мароза выканаюць бацькі дзяцей медработнікаў, – гаворыць старшыня прафсаюзнай пярвічкі  УАЗ «Ляхавіцкая ЦРБ» Сяргей Памазанскі.
Традыцыйна навагодні ранішнік для дзяцей з мнагадзетных, няпоўных сем’яў, чые бацькі працуюць у сельгаспрадпрыемствах і арганізацыях перапрацоўчай прамысловасці АПК, арганізоўвае і раённая арганізацыя прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу.
– Ужо заказалі 332 падарункі для ўручэння дзеткам з усяго раёна. Што тычыцца непасрэдна пярвічак, то тут свой выбар у кожнага. Многія паспяхова супрацоўнічаюць з магазінамі «Верас», «Паштавік», некаторыя самастойна камплектуюць падарункі, – расказвае старшыня раённай арганізацыі работнікаў АПК Ірына Чура.
Падрыхтоўка да святаў ідзе поўным ходам. Дзеці, хто самастойна, хто з дапамогай бацькоў, пішуць пісьмы Дзеду Марозу. А для тых, хто выступае ў ролі Дзеда Мароза ці добрага чараўніка і спаўняе жаданні, снежань і ўвогуле становіцца месяцам «забегу» на доўгія дыстанцыі па магазінах, кірмашах, гандлёвых цэнтрах у пошуках заказаў, падарункаў. Карэспандэнты «ЛВ» паспрабавалі высветліць, ці ёсць альтэрнатыва ў набыцці навагодніх падарункаў, і наколькі прапанова задавальняе попыт.
Пачнём са смачнага, дакладней з саладзенькага. Пакет, у якім, акрамя цукерак і пліткі шакаладу, абавязкова павінны былі прысутнічаць некалькі мандарынак і зефірынка – неад’емны атрыбут навагодніх святаў у савецкія часы.
Цяпер жа якіх толькі формаў каробак для ўпакоўкі цукерачных падарункаў не прыдумана – у выглядзе куфэрка, кніг, гадзіннікаў, церамкоў, фігур казачных персанажаў. Розная і фактура матэрыялаў – кардон, папера, пластык… Гатовыя, упакаваныя ў яркую святочную абгортку навагоднія падарункі можна купіць у любым прадуктовым магазіне райпо, вялікі выбар у «Верасе», «Суседзях», «Еўраапце», «Санце», «Усходнім» – кошт ад 5 да 20 рублёў за адзін набор.
– Імкнёмся задаволіць запыты ўсіх, хто звяртаецца да нас з заяўкай на камплектаванне салодкіх падарункаў. Заказваем цукеркі, пячэнне, вафлі розных вытворцаў. Сярод айчынных найбольш запатрабаваны «Камунарка», «Спартак», «Ідэал», «Чырвоны харчавік», «Слодыч», расійскія «Яшкіна» і іншыя. Прыемна, што ў нас ужо ёсць пастаянныя кліенты-арганізацыі, якім мы фарміруем цукерачныя камплекты, – лясгас, ДРБУ-200, райЦГіЭ, райаграсэрвіс, аддзяленне аховы і іншыя, – расказвае вядучы таваразнаўца райпо Таццяна Беляновіч.
Таксама па папярэдніх заказах працуе і магазін «Паштавік» РУП «Белпошта».
Як і салодкасцяў, у гандлёвых кропках багаты выбар і іншых разнастайных падарункаў, сярод фаварытаў – фігуркі і выявы бычка – галоўнага сімвала наступаючага 2021 года,а таксама Дзеда Мароза і Снягуркі на паштоўках, каляндарыках і г. д. Сярод лідараў продажу – навагоднія цацкі, мішура, хлапушкі, серпанцін, гірлянды, маскі. Даволі высокі попыт і на традыцыйныя падарункі: парфумерыю, касметыку – для дарослых, цацкі, інтэрактыўныя гульні – для дзяцей.
Кожны магазін стараецца як мага больш разнастаіць асартымент, выкладвае навагоднія падарункі на самае бачнае месца, некаторыя пачалі праводзіць перадсвяточны распродаж са зніжэннем цэн – усё для таго, каб прыцягнуць пакупніка.
Жадаеце, каб ваш магазін у перадсвяточныя дні карыстаўся найбольшай папулярнасцю? Размясціце рэкламу ў «ЛВ» і сацыяльных сетках раёнкі. Яна не застанецца незаўважанай нашымі чытачамі.

Галіна КАНЬКО.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.