Калі лёд у сіле. Каб пазбегнуць надзвычайных сітуацый, варта выконваць правілы і меры асабістай бяспекі

Лёд на рацэ толькі пачаў набіраць таўшчыню, а найбольш адчайныя рыбакі ўжо выйшлі на падлёдную лоўлю. Штогод грэбаванне бяспекай і залішняя самаўпэўненасць становяцца прычынай трагедыі. Рызыкуюць жыццём рыбакі, гуляюць без нагляду бацькоў каля вадаёма дзеці. Часта ахвярай вады становяцца нецвярозыя. Каб пазбегнуць надзвычайных сітуацый, варта выконваць правілы і меры асабістай бяспекі.

Як нагадаў старшыня раённага савета Асвода Віктар Прыхач, пераход па лёдзе магчымы пры яго таўшчыні не менш за сем сантыметраў, а пры знаходжанні на лёдзе групы людзей –
не менш за дзесяць сантыметраў. Рухацца варта на адлегласці 5-6 метраў адзін ад аднаго.
Трывалым лічыцца празрысты лёд з сіняватым або зеленаватым адценнем пры таўшчыні каля 12 сантыметраў. Падчас адлігі, калі ідзе дождж, лёд звычайна пакрываецца вадой, а затым замярзае, асабліва пасля снегападу. Пры гэтым становіцца белым ці матавым, а часам набывае жаўтаваты колер. Такі лёд нетрывалы, нягледзячы на яго таўшчыню.
На лёд нельга выходзіць у цёмны час сутак і пры дрэннай бачнасці (туман, снегапад, дождж). Пры пераходзе праз раку варта карыстацца абсталяванай пераправай. Перад тым як спусціцца на лёд, неабходна ўважліва агледзецца і намеціць маршрут. Нельга правяраць трываласць лёду ўдарам нагі. Калі пасля першага моцнага ўдару лыжнай палкай з’явіцца хоць трохі вады, –
гэта азначае, што лёд тонкі, па ім хадзіць нельга.
Рыбакам варта памятаць, што не рэкамендуецца рабіць лункі ў замерзлай вадзе на адлегласці менш за 5-6 метраў адна ад адной. На рыбалцы з сабой неабходна мець выратавальную камізэльку, а таксама вяроўку даўжынёй 15-20 мет-раў з пятлёй на адным канцы і грузам  400-500 грамаў на другім.
ЗАБАРАНЯЕЦЦА выходзіць на лёд у стане алкагольнага ап’янення, скакаць і бегаць па лёдзе, збірацца вялікай колькасцю людзей у адной кропцы, выходзіць на тонкі лёд, які ўтварыўся на рацэ з хуткай плынню.
Выратавальнікі рэкамендуюць зімой на вадаёмах паводзіць сябе вельмі асцярожна. Што рабіць, калі праваліліся пад лёд?
– Па-першае, не панікаваць, не рабіць рэзкіх рухаў, а шырока раскінуць рукі ў бакі і паспрабаваць зачапіцца за край лёду, каб не пагрузіцца з галавой.
Па магчымасці перабрацца да краю палонкі, каб цячэнне не панесла далей. Паспрабаваць асцярожна, без рэзкіх рухаў, легчы на ​​край лёду, закінуць на яго адну, а затым і другую нагу. Калі лёд вытрымаў, павольна адкаціцца ад краю і паўзці да берага. Рухацца трэба ў той бок, адкуль прыйшлі, – падкрэслівае намеснік начальніка РАНС Дзмітрый Берташ.
Каб аказаць першую дапамогу пацярпеламу, трэба ўзяць доўгую палку, дошку або вяроўку (можна звязаць разам шалікі, рамяні ці вопратку) і асцярожна падпаўзці да палонкі, шырока раскінуўшы рукі. За 3-4 метры працягнуць пацярпеламу шост ці любы іншы падручны сродак. Падаваць руку небяспечна, бо павялічваецца нагрузка на лёд і можна праваліцца. Асцярожна выцягнуць пацярпелага на лёд і разам з ім паўзком выбрацца з небяспечнай тэрыторыі. Даставіць чалавека ў цёплае памяшканне, зняць вопратку, па магчымасці пераапрануць у сухое.
Асвод і РАНС нагадваюць, што строгае выкананне правілаў бяспекі на лёдзе –  галоўная ўмова прадухілення няшчасных выпадкаў падчас ледаставу. Нават шчодры ўлоў не варты жыцця.