Час праявіць нераўнадушнасць. У Ляхавічах працягваюць работу грамадскія прыёмныя

Грамадскія прыёмныя, работа якіх накіравана на мадэляванне краіны будучыні, усе прапановы, заўвагі, змяненні ў Канстытуцыю абавязкова занатуюць, а пытанні, што гучаць падчас прыёмаў не застануцца без увагі. У панядзелак на тэлефонныя званкі грамадскай прыёмнай адказвала начальнік аддзела землеўпарадкавання райвыканкама Святлана Махнач.

– У землякоў ёсць выдатная магчымасць праявіць сваю грамадзянскую пазіцыю, сказаць сваё слова ў пытанні вырашэння будучыні краіны. Кожнае меркаванне, прапанова – як цаглінка ў будаўніцтве надзейнага дома – нашай беларускай дзяржавы. І гэтыя надзейнасць і ўпэўненасць залежаць ад нас, беларусаў. Таму сваю нераўнадушнасць можна выказаць падчас работы грамадскіх прыёмных, што сталі ўжо традыцыйнымі ў нашай паўсядзённасці, – адзначыла Святлана Уладзіміраўна.
Першы званок ад ляхавічанкі ўзняў пытанне магчымасці атрымання зямельнага ўчастка пад будаўніцтва ў Ляхавічах. У землякоў сёння ёсць варыянты для таго, каб уладкаваць жыццё ва ўласным доме. Каб атрымаць зямельны ўчастак, трэба стаяць на ўліку маючых патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў. Затым з даведкай, якая гэта пацвярджае, звярнуцца ў аддзел землеўпарадкавання райвыканкама. Калі ў наяўнасці ёсць зямельныя ўчасткі, спецыялісты службы падкажуць далейшы механізм іх атрымання.
Ці ёсць у райцэнтры ўчасткі, дзе магчыма разгарнуць будаўнічую пляцоўку?
– Сёння ў горадзе налічваецца 23 участкі пад будаўніцтва. Дарэчы, самы папулярны за апошні час мікрараён – Патапавіцкі – свабодных пляцовак пакуль не мае, – адзначае Святлана Махнач.
Атрымаць участак пад будаўніцтва – гэта, як гаворыцца, лягчэйшая са спраў. Галоўнае, каб гэтыя зямельныя «соткі» ў хуткім часе ператварыліся ў будаўнічую пляцоўку, а не прыйшлі ў запусценне. Зямельны ўчастак можа быць адабраны, калі грамадзянін фактычна не асвоіў яго на працягу аднаго года з дня дзяржаўнай рэгістра-
цыі зямельнага ўчастка і ўзнікнення права на яго. Вызначаны таксама і тэрмін будаўніцтва жылых дамоў, які складае тры гады. Нюансаў хапае.
Сярод прапаноў прагучала магчымасць падаўжэння тэрміну будаўніцтва. Хаця ў гэтай справе ёсць такое паняцце, як кансервацыя будаўніцтва: калі матэрыяльнае становішча ўладальнікаў участка складанае, узвядзенне можна адкласці на пэўны тэрмін.
Жыллёвае пытанне заўсёды адно з самых складаных. Але ж дзяржава імкнецца ў гэтым плане знайсці шляхі, каб пытанне «жыллёвай» важнасці вырашыць па магчымасці на карысць тых, хто мае ў гэтым патрэбу.

Маргарыта КУХТА.