Клятва на вернасць Радзіме. Клятву на вернасць Радзіме вымавілі і ваеннаслужачыя роты пункта прыёму новага папаўнення воінскай часці 29969

…Клянуся быць адданым свайму народу, свята трымацца Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, выконваць патрабаваннi воiнскiх статутаў i загады камандзіраў і начальнікаў… 12 снежня ва ўрачыстай абстаноўцы ў злучэннях і воінскіх часцях па ўсёй краіне прайшло пасвячэнне навабранцаў у ваеннаслужачыя Узброеных Сіл Беларусі.

Клятву на вернасць Радзіме вымавілі і ваеннаслужачыя роты пункта прыёму новага папаўнення воінскай часці 29969, якія праходзілі курс пачатковай ваеннай падрыхтоўкі на тэрыторыі Ляхавіцкага раёна. Прысяга адбылася ў воінскай  часці 25886 8-й радыётэхнічнай брыгады, што дыслацыруецца ў горадзе Баранавічы.
Навабранцы доўга і старанна рыхтаваліся да гэтага дня – побач былі не толькі камандзіры, але і родныя, блізкія, якія прыбылі на ўрачыстую цырымонію з розных куткоў Беларусі. Камандзір брыгады палкоўнік Ігар Цішчанка падзякаваў бацькам ваеннаслужачых за сыноў, якіх выхавалі сапраўднымі мужчынамі. Выказаў упэўненасць, што яны стануць надзейнымі абаронцамі Айчыны. Камандзір павіншаваў новае папаўненне з памятнай падзеяй, а ўсю воінскую часць – з дастойным папаўненнем.
Сярод ганаровых гасцей – начальнік радыётэхнічных войскаў камандавання Ваенна-паветранымі сіламі і войскамі супрацьпаветранай абароны палкоўнік Уладзімір Ермаловіч. Ён павіншаваў новае папаўненне з прыняццем ваеннай прысягі і выказаў упэўненасць, што салдаты з гонарам і годнасцю выканаюць свой воінскі абавязак.


Благаславіў абаронцаў Айчыны свяшчэннік храма святога Вялікамучаніка Георгія Перамаганосца айцец Уладзімір і пажадаў маладым воінам на ратным шляху цярпення.
Мама салдата Максіма Бондара Вольга  Зайцава, каб стаць сведкай удзелу сына ў ваенным рытуале, дабіралася з Магілёва больш за пяць гадзін. Па яе словах, кожны мужчына павінен прайсці службу і выканаць свой канстытуцыйны абавязак. Яна шчыра, ад імя ўсіх прысутных маці павіншавала тых, хто стаяў у страі, на пляцы, са святам, падзякавала камандзірам і афіцэрам за гасцінны прыём бацькоў. Адзначыла, што сын памужнеў, і яму пасуе ваенная форма.

Андрэй ПАЛЯШУК, намеснік начальніка ППНП   па ідэалагічнай рабоце в/ч 29969.