Урок на праваслаўную тэму. Заняткі ў раённым цэнтры па духоўна-маральным выхаванні праходзілі для школьнікаў Малагарадзішчанскага і Дараўскага ВПК

На гэты раз заняткі ў раённым цэнтры па духоўна-маральным выхаванні праходзілі для школьнікаў Малагарадзішчанскага і Дараўскага ВПК. Знаёміліся з вытокамі праваслаўя малой радзімы.

Дыялог-размову вялі са школьнікамі настаяцелі храма Ражджаства Іаана Прадцечы (вёска Пранчакі) Сяргей Кузняцоў, храма Святога Духа (аграгарадок Падлессе) Канстанцін Шалудзько, храма Святой Троіцы (аграгарадок Дарава) Іаан Ніканчук. Замацавалі веды падчас віктарыны «Праваслаўе Ляхавіцкага раёна».

Пад кіраўніцтвам сацыяльнага педагога Вольгі Злакаманавай усе разам склалі формулу «Слухаць. Чуць. Паслушанне». Сустрэчу працягнулі спартыўныя гульні з удзелам настаяцеляў. Завочнае падарожжа па Полацкім саборы Святой Сафіі, якое арганізавала бібліятэкар Анастасія Ніканчук, быццам увачавідкі дазволіла адчуць непаўторную атмасферу старажытнага храма, пашырыла веды дзяцей і дарослых па гісторыі праваслаўя Беларусі. Падагульненнем заняткаў стала выданне кніжкі-раскладкі «Мая малая праваслаўная радзіма», куды ўвайшлі гісторыі пра восем праваслаўных храмаў нашага раёна. Рабятам было прапанавана падзяліцца на групы і прадумаць яе змест і афармленне старонак .

Святлана БІРУКОВА, намеснік дырэктара Дараўскага ВПК, кіраўнік рэсурснага цэнтра.