Памяць у сэрцы. Валанцёры БРСМ і члены Маладзёжнага парламента ўсклалі кветкі да помніка вызваліцелям на плошчы Перамогі ў Ляхавічах

Сёлета Вялікай Перамозе споўнілася 75 гадоў. 1418 невыносна доўгіх і страшных дзён доўжылася Вялікая Айчынная вайна. Нашы дзяды і прадзеды ваявалі не проста за перамогу – за жыццё, за будучыню сваю і сваіх нашчадкаў. Свабодай, квітнеючымі вясной садамі, мірным небам мы абавязаны салдатам той страшнай вайны. Памяць пра яе назаўжды застаецца ў чалавечых сэрцах, каб засцерагчы іх ад падобных памылак.

У мінулы чацвер валанцёры БРСМ і члены Маладзёжнага парламента ўсклалі кветкі да помніка вызваліцелям на плошчы Перамогі ў райцэнтры. Мерапрыемства праходзіла ў рамках рэспубліканскага патрыятычнага праекта «Памяць сэрца». Яны ўшанавалі памяць усіх загінулых хвілінай маўчання і запалілі лампады, якія выставілі ў форме сэрца – сімвал таго, што подзвіг нашых продкаў назаўжды ў сэрцы нашчадкаў.

– Хто не памятае сваёй гісторыі, той не мае будучыні. Усё далей гады Вялікай Айчыннай вайны – час найвялікшых выпрабаванняў, незаменных страт і людскіх пакут. Але з кожным годам становіцца ўсё больш відавочна, што гэта былі гады бяспрыкладна моцнага духу, салідарнасці і бескарыслівасці. Гераізм быў не толькі на полі бою са зброяй у руках, у партызанскіх атрадах і падполлі, а на заводах і фабрыках, дзе людзі кругласутачна працавалі за станкамі, на палях, дзе ашчадна вырошчвалі хлеб. Наша вялікае шчасце, што мы ведаем пра вайну толькі з фільмаў і літаратурных твораў. Але памятаць пра яе, пра ўсіх, хто загінуў, – наш абавязак, – гаворыць першы сакратар райкама БРСМ, старшыня Маладзёжнага парламента пры Ляхавіцкім райсавеце дэпутатаў Яўгеній Сініла.

Ірына КУЗЬМІЧ.
Фота аўтара.