Ляхавіччына: зямля чакае паслязімовай рэабілітацыі

За гандлёвым цэнтрам у Жарабковічах. Што бы гэта азначала?

Пасля лютага супраціўлення зіма ўсё ж вымушана была выкінуць белы сцяг капітуляцыі. У выніку красавіцкага наступлення снег застаўся толькі ў глыбокім тыле. Зямля па-веснавому агалілася, адкрыўшы, у тым ліку, невялічкія балячкі ў выглядзе кінутай шкла- ці пластыкавай тары і заметныя язвы ў выглядзе кучак смецця на сваім пры-гнечаным доўгімі халадамі целе. Пасля пятнічнага рэйду, дзе ў кампаніі загсектара ЖКГ аддзела архітэктуры і будаўніцтва райвыканкама Ірыны Грынялевіч і памочніка ўрача-гігіеніста раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі Дануты Багдановіч паўдзельнічаў і карэспандэнт «ЛВ», склалася ўражанне, што некаторыя з «язваў» носяць хранічны характар, здаюцца, як мінімум, мінулагоднімі.
Маршрут пралягаў па тэрыторыях Падлескага, Жарабковіцкага, Навасёлкаўскага сельсаветаў і насіў у значнай ступені азнаямляльны характар. Разведка на мясцовасці: убачыць недахопы, каб вызначыцца з работамі па іх ухіленні. Напрыклад, падчас маючага адбыцца праз пару дзён традыцыйнага суботніка ці на працягу красавіка, які, нагадаем, аб’яўлены месячнікам добраўпарадкавання.

Зубелевічы. «Поўны» прыпынак.

Вельмі ж неахайна выглядае адзін з адрасоў у вёсцы Зубелевічы па вуліцы Маладзёжнай. Верагодна, прыватны гаспадарчы двор, аднак, у безгаспадарчым стане. Раскіданая ў беспарадку салома ў міксце з гноем ужо амаль выплыла на праезную частку вуліцы. Агароджа адсутнічае, хоць і вельмі «просіцца», была б асабліва да месца. Насупраць — лічаныя метры — дзіцячы садок, наведвальнікам якога падобнае суседства настрою, канешне ж, не дабаўляе. У тых жа Зубелевічах на адной са сцен аўтапрыпыначнага павільёна нехта пакінуў, што не зусім проста, свае сляды. У літаральным сэнсе. Адбіткі падэшвы «крутых» чаравікаў дапаўняе красамоўная цёмная пляма — як яшчэ адзін след нечых забаў.
Могілкі ў Жарабковічах хочацца ўмоўна падзяліць на дзве часткі. Адна, дзе цяпер адбываюцца пахаванні, захоўваецца ў дастаткова нармальным у плане добраўпарадкаванасці стане. На старой частцы кустоўе, відавочна, было зрэзана летась. Аднак, не асабліва ашчадна, а тое, што трапіла пад секвестр, застаецца непрыбраным. На некалькі метраў уздоўж аднаго з бакоў агароджы нехта прыладзіўся высыпаць попел. Другога месца, мабыць, не знайшлося.
Зарытаўскі міні-палігон ЦБА адзін з прыкладна двух дзясяткаў дзеючых у раёне. Смеццевыя развалы падабраліся пад самую дарогу. Замест таго, каб выгрузіць смецце там, дзе і павінна, асобныя робяць гэта, літаральна не з’язджаючы з дарогі. Куча смецця там, і там, і там.

Вялікалотаўскія могілкі. Перад агароджай — куча смецця.

У Навасёлках звярнулі ўвагу на кантраст паміж фасаднай і тыльнай тэрыторыяй мясцовага аздараўленчага комплексу. Ззаду, на адкрытых спортпляцоўках валяліся пэт- і шклобутэлькі, прызначаныя для «балення» лаўкі зломаны. У адрозненне ад тэрыторыі насупраць галоўнага фасада НАК, добраўпарадкаванасці якой можна парадавацца ці пазайздросціць.
Прыведзеныя малюнкі «як не павінна» суседнічаюць, аднак, і з прыкладамі добраўпарадкаванасці асобных мясцін і тэрыторый. Такія ёсць у кожным з трох «прасканіраваных» сельсаветаў: тэрыторыя лазні ў Зубелевічах, магазіна ў Зарытаве, могілак у вёсцы Пранчакі і іншае. Ні ў першым, ні ў другім выпадках усяго не пералічыць.
Іван КАВАЛЕНКА.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *