Клапатлівая медыцына. Праграма для развіцця. ПРАШУ СЛОВА!

Праз некалькі тыдняў Усебеларускі народны сход канчаткова вызначыцца з тым, па якім шляху нашай краіне належыць развівацца ў бліжэйшую пяцігодку. Прадстаўленыя днямі асноўныя палажэнні праекта Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь на 2021-2025 гады сталі прадметам актыўнага абмеркавання.
Да яго далучыліся і нашы землякі.

Клапатлівая медыцына

Георгій ХЛЯБОВІЧ, галоўны ўрач УАЗ «Ляхавіцкая ЦРБ»:
– Як кіраўніка медыцынскіх устаноў раёна, у першую чаргу, зацікавілі тыя падраздзелы праекта Праграмы, што тычацца ўмацавання дэмаграфічнага патэнцыялу і здароўя насельніцтва.
Адзін з акцэнтаў – забеспячэнне ўсеагульнага ахопу насельніцтва паслугамі першаснай меддапамогі. У гэтым напрамку ў нас зроблена ўжо нямала. Так, Ляхавіцкі раён стаў першым на Брэстчыне, дзе ўкаранілі прынцып работы ўрача агульнай практыкі, такім чынам, тэрапеўты, якія прайшлі перападрыхтоўку, могуць прафесійна аказваць дапамогу і як вузкія спецыялісты. Больш даступнай стала медыцынская дапамога для вяскоўцаў. Запатрабаваны ў сельскага насельніцтва штотыднёвыя выезды комплексных брыгад спецыялістаў-медыкаў у аддаленыя населеныя пункты і арганізаваныя там комплексныя прыёмы. Дарэчы, у перспектыве плануецца арганізацыя работы мабільнага ФАПа. У планах таксама рамонт галоўнага корпуса райбальніцы, абнаўленне матэрыяльна-тэхнічнай базы гарадскіх і сельскіх устаноў аховы здароўя.
Пандэмія каранавіруса паказала, наколькі важна своечасова праводзіць прафілактычныя мерапрыемствы. На гэта таксама звернута ўвага ў праекце Праграмы. Плануецца ўдасканальваць механізм дыспансерызацыі і медыцынскіх скрынінгаў. Сярод першачарговых мер – папярэджванне распаўсюджвання хвароб і інфекцый, мінімізацыя наступстваў каранавіруснай інфекцыі ў тых, хто перахварэў, іх рэабілітацыя, прафілактыка далейшых заражэнняў.
Уплывовае слова павінна сказаць імунізацыя. У бліжэйшы час вакцынацыя супраць каранавіруса пачнецца і ў Ляхавіцкім раёне.
Між іншым, дзякуючы таму, што летась 40 працэнтаў жыхароў раёна зрабілі прышчэпкі супраць грыпу, у раёне на нізкім узроўні было
захворванне вострымі рэспіраторнымі інфекцыямі, у тым ліку і грыпам.
Важная тэма – лічбавізацыя медыцыны. Даволі насычанымі выдаліся апошнія гады ў плане інфарматызацыі ўстаноў аховы здароўя Ляхавіцкага раёна. Лакальная сетка паліклінікі, пераход на электронную карту пацыента, выдача электронных рэцэптаў, магчымасць запісацца на ўрачэбны прыём, у тым ліку і праз інтэрнэт – толькі частка зробленага. У планах на бліжэйшую пяцігодку – інфарматызацыя стацыянара раённай бальніцы.
Рэспубліканскі праект «Клапатлівая паліклініка», што будзе рэалізоўвацца ў краіне, прадугледжвае яшчэ больш змяненняў у рабоце рэгістратур.
Толькі са станоўчага боку ацэньваю і планы наконт пашырэння аб’ёмаў мэтавага навучання будучых урачоў і прадстаўнікоў сярэд-
няга медыцынскага персаналу, што паспрыяе вырашэнню кадравага пытання. За апошнія тры гады і на Ляхавіччыне істотнае кадравае папаўненне – ва ўстановы аховы здароўя прыйшлі 74 маладыя спецыялісты. Будзем працаваць над кадравым забеспячэннем і далей.