Тут жыве спорт. Русінавічы, Свяціца – і разлік завершаны. У названых населеных пунктах знаходзяцца фізкультурна-аздараўленчыя комплексы структуры СДЮШАР Ляхавіцкага раёна

Русінавічы, Свяціца – і разлік завершаны. У названых населеных пунктах знаходзяцца фізкультурна-аздараўленчыя комплексы структуры СДЮШАР Ляхавіцкага раёна. Але, калі русінавіцкі аб’ект належыць школе поўнасцю і на правах уласнасці, то ў Свяціцы пад свой інтарэс яна арандуе шэраг памяшканняў мясцовага СДК.
Фізкультуры і спорту ў гэтых сценах заўсёды было многа. Аднак жа і колькасць жыхароў вёскі ў яшчэ параўнальна нядаўнія часы была адметна большай, чым сённяшнія прыкладна чатыры з паловай сотні чалавек. Іншым быў дэмаграфічны расклад, у фавары знаходзіліся кардынальна іншыя «гаджэты».

Дзмітрый Курыловіч.
Свяціцкая «трэнажорка».

Наваселле пачынаецца з рамонту
– Наша спартыўная зала прыходзіла ў заняпад. Цёк дах, стала разбурацца падлога. Каб не дапусціць горшага, са спартыўным збудаваннем неабходна было неадкладна нешта рабіць. Дырэктар СДЮШАР раёна Валянціна Русакевіч прапанавала мне пасаду інструктара-метадыста па спорце фізкультурна-аздараўленчага комплексу. Зразумела, што «стартаваць» неабходна было з даху, грошай на рамонт якога не хапала. Яна ж знайшла спонсара, быў набыты гідраізол. Прыкладна за месяц работнікі спартшколы правялі частковы рамонт пакрыцця даху – ухілілі месцы падцякання. Я і мой зяць як спецыяліст-страхар дапамагалі, чым маглі. Завяршыўшы з дахам, вырашылі зрабіць спартзалу прыгожай, – распавядае інструктар-метадыст і трэнер па гандболе ФАК Дзмітрый Курыловіч.
Што значыць прыгожая спартыўная зала? Узяўшы на ўзбраенне досыць арыгінальную тэхніку жывапісу, з дапамогай мясцовага мастака і школьнікаў ажывілі сцены залы: алімпійская сімволіка, эскізна-дынамічныя выявы гандбаліста, футбаліста, цяжкаатлета, гімнасткі… Не сумна і ў тэму.
Але, у першую чаргу, увага была звернута на функцыянал гульнявой залы ФАКа, «трэнажоркі», памяшканняў і абсталявання для заняткаў малым тэнісам, дартсам, шашкамі-шахматамі. Для аматараў апошніх, напрыклад, выдзелены асобны пакойчык – светлы і ўтульны, аснашчаны неабходнымі для «чорна-белых» гульняў камплектамі абсталявання. Шмат кветак, стэлажы з кубкамі, галерэя грамат як пацвярджэнне факта ранейшай пераможнасці свяціцкага спорту.

Тут чакаюць шашкі-шахматы.

На ўсе рукі  фізрук
55 – важкая лічба. Тым больш, што размова не пра ўзрост чалавека, а яго агульны працоўны стаж. Іменна такі юбілей адзначыць сёлета «дырэктар» мясцовага ФАКа Дзмітрый Курыловіч. Свяцічанін большую частку сваёй працоўнай біяграфіі прысвяціў роднай вёсцы, Ляхавіцкаму раёну. Стартаваў будаўніком і не дома, але рамана з гэтай прафесіяй не атрымалася. Хацелася іншага: каб прысутнічаў
элемент творчасці, была магчымасць прымаць рашэнні, вучыцца, а пасля і вучыць, практыкавацца ў новым. Дзякуючы характару, настойлівасці і здольнасцям амаль што так і атрымалася. Пасля вучобы настаўнічаў у вёс-ках Заполле, Цыгань, Тухавічы. У Свяціцу вярнуўся ў сярэдзіне 70-х мінулага стагоддзя.
– Ваенрук, фізрук, трэнер пагандболе. Восем гадоў узначаль-
ваў мясцовы сельвыканкам. Спадзяюся, што хоць нешта карыс-
нае ды зрабіў для сваіх землякоў, – гучыць з вуснаў Дзмітрыя Іосіфавіча.
Адзначаю, што ў яго «офісе», як і ў сумежным шахматна-шашачным пакойчыку, багата кветак.
– У мяне добры памочнік – тэхработнік Ганна Буйкевіч. Працуе даўно, дысцыплінаваная, адказная, вельмі акуратная. Любіць і ўмее ладзіць з кветкамі. Уся гэта прыгажосць з’яўляецца адзіна яе заслугай, – характарызуе сваю падначаленую інструктар-метадыст.
Звяртаю ўвагу на дастатковую колькасць мячоў, размешчаных у розных лакацыях кабінета – якіх хочаш калібраў, да камплекту не хапае хіба толькі «дыні» для гульні ў рэгбі.
– Больш за ўсё гандбольных. Частка з іх – штук 10-15 – прай-шла праз рукі ігракоў ГК «БНТУ-БелАЗ». На ФАК трапіла ў якасці спонсарскай дапамогі, аказанай адным з, на той час, ігракоў каманды. Ну і наша ўстанова як структура СДЮШАР раёна развівае іменна гэты від
спорту, – тлумачыць суразмоўца.

Спартыўная галерэя.

Як прыручыць мяч
На базе Свяціцкага ФАКа – падраздзялення спартыўнай школы Ляхавіцкага раёна – працуюць дзіцяча-юнацкія групы па гандболе і футболе. Наведвальнікамі, як некалі казалі, «секцый» з’яўляюцца мясцовыя хлопчыкі і дзяўчынкі школьнага ўзросту. На футбол у фармаце групы падрыхтоўкі запрасілі толькі ў мінулым верасні. Да работы з падлеткамі на правах трэнера-сумяшчальніка прыступіў выкладчык фізічнай культуры і здароўя Ліпскай СШ Васілій Малевіч. Магчыма, не будзе лішнім нагадаць, што з некаторага часу Ліпская школа стала і навучальнай установай для вучняў са Свяціцы. Гандбольную ж групу, якая функцыянуе з адкрыцця ФАКа, вядзе сам Дзмітрый Курыловіч. Мясцовыя хлопчыкі і дзяўчынкі прыходзяць у залу і вучацца «прыручаць» мяч тройчы на тыдзень. Кожны гандбольны ўрок доўжыцца дзве гадзіны. Практыкуюцца індывідуальныя і заняткі ў падгрупах, праводзяцца камандныя спарынгі, тэарэтычныя заняткі і г. д. Не хапае спаборніцтваў, кажа трэнер.

Дом, дзе жыве  актыўнасць
Пяць дзён на тыдзень Свяціцкі фізкультурна-аздараўленчы комплекс адчынены для публікі. Калі ласка, прыходзьце і рабіце выбар. Можна пакідаць дроцікі, паперакідваць цераз сетку мяч для пінг-понга. Пра гульні на 64-клетачных дошках ужо гаварылі, а пра трэнажорную залу зараз і вельмі коратка, хоць тая заслугоўвае ўвагі. Што там ёсць дзе і чым нагрузіць любую з груп мышцаў – факт. У невялікім, але не цесным пакоі скампанавана да паўтара дзясятка трэнажораў. Цэнтральную лакацыю займае баксёрская груша, ёсць пудовая гіра, тэхніку працы з якой Дзмітрый Курыловіч дэманстраваў асабіста. Ну і гульнявыя віды спорту, якія ўсюды і заўсёды карыстаюцца асаблівай папулярнасцю і запатрабаванасцю. У фізкультурна-аздараўленчым комплексе прапануюцца гандбол, міні-футбол, валейбол, стаяць баскетбольныя шчыты. І галоўнае – працуюць апантаныя спортам людзі.

Іван КАВАЛЕНКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.