Ліпскі дыялог. У аграгарадку Ліпск Ляхавіцкага раёна адбыўся сход грамадзян па вырашэнні пытанняў мясцовага значэння

Больш фота тут

Напрыканцы мінулага стагоддзя жыццё ў Ліпску кіпела. Шмат жыхароў, літаральна кожная сям’я мела вялікую хатнюю гаспадарку. Тады не было назвы «аграгарадок», але Ліпск – цэнтральная сядзіба калгаса «Шлях Ільіча» – такім з’яўляўся па сутнасці. Некалькі магазінаў, свая кулінарыя, гасцініца, урачэбная амбулаторыя і «зубны» кабінет, аддзяленне паштовай сувязі, школа-дзесяцігодка, двухпавярховы дзіцячы садок з поўнай загрузкай, сельскі Дом культуры і яго галоўная адметнасць – народны хор (дарэчы, сёлета ён адзначыць 65-гадовы юбілей). Па суботах на дыскатэку збіралася столькі моладзі, што ледзьве ўмяшчала танцавальная зала. Праз вёску за дзень праходзіла па шэсць рэйсавых аўтобусаў.
Цяперашні Ліпск зусім іншы. Магазінаў два – райпоўскі і прыватны, кулінарыю даўно зачынілі, у СДК холадна і зусім нешматлюдна. У дзіцячым садку ўсяго дзве групы, а ў школе, разлічанай на 300 вучняў, іх усяго 92. Мясцовая, аб’яднаная з «Востравам», гаспадарка
КСУП «Ліпнянка» – адзін з аўтсайдараў аграрнай галіны раёна. З кожным годам змяншаецца і колькасць тутэйшых жыхароў.
Але ліпчане – народ працавіты, адданы сваёй малой радзіме, і заслугоўваюць, каб гэты прыгожы край развіваўся, а людзі жылі дастойна. Якая будучыня ў Ліпска і яго жыхароў? Ці рэальныя змены да лепшага? Хто дапаможа тутэйшаму сельгаспрадпрыемству выправіць сітуацыю? Гэтыя і іншыя тэмы ўздымаліся падчас сходу грамадзян па вырашэнні праблем мясцовага значэння. На сустрэчу з аграгараджанамі прыехала кіраўніцтва райвыканкама на чале са старшынёй Мікалаем Марозам, кіраўнік райсавета дэпутатаў Леанід Калбаса, прадстаўнікі розных службаў і арганізацый.

Чаканні і меркаванні
Перад сустрэчай «ЛВ» звярнуўся да некаторых аграгараджан з пытаннем, што яны чакаюць ад сходу.
Наталля БУЙКЕВІЧ, дырэктар Ліпскай СШ:
– Хвалюе, ці змогуць новыя інвестары мясцовай гаспадаркі не толькі захаваць рабочыя месцы ў сельгаспрадпрыемстве, але і павялічыць іх колькасць. Калі моладзь будзе забяспечана работай і дастойнай зарплатай, яна застанецца тут, будуць стварацца сем’і, павялічыцца нараджальнасць. Далейшы ланцужок разлічыць няцяжка: павялічацца групы ў дзіцячым садку і класы ў школе…
У сацыяльна небяспечным становішчы знаходзяцца дзеці ў асноўным у сем’ях, дзе адзін ці абодва бацькі нідзе не працуюць. Так што моцная гаспадарка – гэта, у тым ліку, дабрабыт і парадак у сем’ях.
Наталля СТАЯНАВА, жыхарка Ліпска:
– Хачу рэалізаваць сваю даўнішнюю мару: заняцца развядзеннем коз, гэты рынак пакуль свабодны. Яшчэ збіраюся варыць сыры. Пад вядзенне асабістай падсобнай гаспадаркі «Кантаўкут» мне выдзелілі тры гектары зямлі ў арэнду. Цікавіць, наколькі рэальна ў сельскай мясцовасці заняцца не толькі вытворчасцю, але і перапрацоўкай. Нагледзела пустуючыя будынкі былога гандлёвага цэнтра. Хацелася б іх арандаваць. Планую наняць работнікаў. А пакуль будуюся – рыхтую памяшканні для ўтрымання жывёлы. Я родам з гэтых мясцін, выхоўваю траіх дзяцей і хачу, каб яны засталіся тут жыць.

Хвалюючыя  моманты  ў пытаннях і адказах
Такога аншлагу, як вечарам 3 лютага, Ліпскі СДК не бачыў даўно. Прыйшлі-прыехалі не толькі аграгараджане, але і жыхары бліжэйшых вёсак.
І хоць у зале было холадна, напал эмоцый адчуваўся высокі. Недавер, заклапочанасць вяскоўцаў можна зразумець. Ім столькі ўсяго абяцалі, запэўнівалі, што справы палепшацца, а вынік атрымліваўся адваротны. Сельгаспрадпрыемства апускалася ўсё ніжэй і ў раслінаводстве, і ў жывёлагадоўлі. Адпаведна змяншалася і зарплата. У чым вінаватыя людзі? Яны ж працавалі, як і раней, стараліся. Значыць, не змагло адно, другое кіраўніцтва гаспадаркі, райсельгасхарчу, раёна наладзіць працэс, знайсці рэзервы ці не хацела іх шукаць.
– Сёння разумеем, было памылкай аб’яднаць КСУП «Ліпнянка» і «Востраў-Агра». Не атрымалася з дзвюх гаспадарак стварыць адну моцную. Паспрабуем выправіць сітуацыю. Вялікая надзея на патэнцыяльнага інвестара – СФГ «Вопыт  КАА», – зазначыла першы намеснік старшыні райвыканкама Анастасія Рабцэвіч.
– Няма іншага выхаду, чым прыкласці намаганні і разам падымаць сельгасвытворчасць. Неабходна зрабіць усё магчымае і нават больш, каб наладзіць справы ў аграрным комплексе. Тут добрыя землі, база, памяшканні. Канешне, не хапае тэхнікі для апрацоўкі такіх вялікіх плошчаў. Думаю, калі прыйдзе новы інвестар, які паказаў ужо сябе на справе дбайным гаспадаром, то зможа карэнным чынам выправіць сітуацыю. Планы ў «Вопыт КАА» ўражваюць: ужо да верасня 2021 года адрамантаваць памяшканні фермаў, устанавіць сучаснае даільнае абсталяванне, засяліць у іх 500 кароў, заараць, апрацаваць тутэйшыя землі. Цэнтрам гаспадаркі зноў стане Ліпск. Каб усё рэалізаваць, спатрэбяцца рабочыя рукі. Без вашай дапамогі, шаноўныя вяскоўцы, не справіцца, – падкрэсліў старшыня райвыканкама Мікалай Мароз і дадаў: – Тутэйшыя людзі дастойныя жыць лепш. Задача ўлады – знайсці і выкарыстаць рэсурсы, каб на радзіму сваіх бацькоў і дзядоў вярталася моладзь, стварала сем’і. Трэба адраджаць вёску.
Менавіта тэма адраджэння вёскі стала адной з асноўных падчас сустрэчы. Пра сацыяльна-эканамічнае развіццё рэгіёна расказаў старшыня Крывошынскага сельвыканкама Юрый Чаранкевіч. Сацыяльнае абслугоўванне вяскоўцаў, прафілактыка пажараў і надзвычайных сітуацый таксама ў цэнтры абмеркаванняў. На ўмацаванні здароўя вяскоўцаў, прымаемых мерах па паляпшэнні медыцынскага абслугоўвання насельніцтва акцэнтавалі ўвагу намеснік галоўнага ўрача Ляхавіцкай ЦРБ Міхаіл Куляшоў і загадчык Ліпскай амбулаторыі ўрача агульнай практыкі Андрэй Качан.
Стан злачыннасці на тэрыторыі Крывошынскага сельсавета, прычыны пагаршэння крымінагеннай сітуацыі і павелічэння колькасці правапарушэнняў у падлеткавым асяроддзі, барацьба з самагонаварэннем, як не стаць ахвярай інтэрнэт-махляроў – асноўныя тэмы выступлення першага намесніка начальніка РАУС Андрэя Гіля.
Асаблівы напал эмоцый назіраўся, калі загучалі пытанні ад удзельнікаў сходу. Адразу некалькі тычыліся выдзялення зямлі для вядзення падсобнай гаспадаркі, а таксама пашы для выпасу кароў і коней. Па словах кіраўніка раёна, сельгасугоддзі для вядзення падсобнай гаспадаркі выдзяляюцца згодна з заканадаўствам, але не заўжды заяўнікаў задавальняе атрыманае месца, бо яно не адразу за прысядзібным участкам.
Прагучалі нараканні наконт гандлёвага абслугоўвання. У магазіне райпо з гаспадарчых тавараў – некалькі скрынак цвікоў. Была прапанова адкрыць прамысловы магазін. Скардзіліся вяскоўцы на дрэнную работу аўталаўкі райпо, якая часта прыязджае не па графіку, і не заўжды хапае самых неабходных прадуктаў – хлеба, малака.
Яшчэ адзін праблемны акцэнт – дарожны, у тым ліку ў дачыненні бяспекі: чаму б не ўладкаваць тратуары і веласіпедныя дарожкі ў напрамку з Ліпска ў Крывошын,частка тутэйшых жыхароў ходзіць пешшу ці ездзіць на веласіпедзе. Гучалі скаргі на ўтрыманне дарог: падсыпку, грэйдзіраванне, ямачны рамонт, расчыстку вясковых вуліц ад снегу. Найбольш пытанняў – па якасці водаправоднай вады і неэфектыўнасці работы станцыі абязжалезвання, аказанні іншых камунальных паслуг – адрасавана дырэктару Ляхавіцкай ЖКГ Андрэю Чайкоўскаму.
Закраналіся і іншыя актуальныя для вяскоўцаў тэмы.

Такія сходы патрэбныя
Неаднойчы пасля заканчэння сходу давялося чуць: «дзякуй за сустрэчу», «даўно не было такой слушнай размовы», «добра,
што нас не забываюць», «нездарма прыйшлі»…
– Такія сустрэчы неабходныя і надзвычай выніковыя. Гэта карысная форма работы, пашыраны фармат дыялогу паміж уладай і насельніцтвам. Вось і сёння жыхары Ліпска і бліжэйшых вёсак змаглі выказаць свае пажаданні, падзяліцца набалелым і задаць хвалюючыя пытанні. Кожны пачуты, праблемы будзем вырашаць. Дзякуючы такім сходам, у далейшым змяншаецца колькасць зваротаў грамадзян на прамыя тэлефонныя лініі, асабістыя прыёмы службовымі асобамі і г. д. Такі фармат кансалідуе грамадства, галоўнае, каб людзі не страцілі давер да ўлады, – акрэсліў ідэю сходу Мікалай Мароз.

Галіна КАНЬКО.