А дома ўсё яшчэ і танней . Ляхавіцкія медыкі складаюць канкурэнцыю вядомым медцэнтрам

Знаёмая расказала: каб праверыць страўнік, запісалася ў адзін з медыцынскіх цэнтраў у Баранавічах на эндаскапічнае абследаванне. Якое ж было здзіўленне, калі доктарам аказаўся ўрач, які праводзіць такую ж працэдуру ў Ляхавіцкай ЦРБ. Нічога дзіўнага, што кваліфікаваныя прафесіяналы запатрабаваны ў прыватных медыцынскіх клініках і цэнтрах. Некаторыя ўрачы паспяхова сумяшчаюць работу на пастаянным месцы і магчымасць папрактыкавацца і падзарабіць у прыватнай медыцыне.

Справа ў іншым. Незразумела, навошта траціць лішні час, каб паехаць у тыя ж Баранавічы, плаціць дадаткова за паліва (пры ўмове, што ёсць уласны аўтамабіль) ці за білет (калі едзеш на цягніку ці аўтобусе), калі можна праверыць здароўе і па месцы жыхарства ў тых жа самых спецыялістаў. Гэта адзін бок пытання. Ёсць і другі, не менш важны, а для кагосьці нават вызначальны. Размова пра кошт. Возьмем для прыкладу тую ж эзафагагастраскапію, больш зразумелую пад назвай «глытнуць зонд». Кошт на такую дыягнастычную працэдуру ў дзяржаўным медцэнтры ў Баранавічах – 40,71 рубля (сюды ўваходзіць абследаванне і ўзяцце біяпсійнага матэрыялу), у адным з прыватных – 53 рублі. Плюс, як узгадвалася вышэй, – затраты на паездку ў суседні горад. У нашай райбальніцы такая ж паслуга «заважыць» для вашага кашалька 25,5 рубля.
Яшчэ адно папулярнае і запатрабаванае абследаванне –
УГД брушной поласці і нырак. Параўнайце цэны: 21,8 рубля ў дзяржаўным медцэнтры, 35 і  45 рублёў – у прыватных, у нашай райбальніцы – 15,9 рубля.
Парадкам, а то і ў разы меншы кошт і на іншыя медыцынскія працэдуры і маніпуляцыі: УГД малочных залозаў ці прастаты –
7,94 рубля, адзін сеанс масажу шыйна-груднога аддзела пазваночніка – 1,98 рубля, падводнага душа-масажу – 3 рублі, ванны мінеральныя – 1,12 рубля.
Наступны крок – кансультацыя спецыяліста. І ў гэтым накірунку істотныя адрозненні ў цэнах.
У прыватным цэнтры Баранавічаў, напрыклад, кансультацыя хірурга каштуе 25 рублёў, у Ляхавіцкай райбальніцы хірурга вышэй-
шай кваліфікацыйнай катэгорыі – 11,1 рубля, першай катэгорыі –
7,63 рубля.
– Каб максімальна задаволіць патрэбы пацыентаў, прадугледзелі ўсе спосабы аплаты: наяўнымі грашыма праз касу ЦРБ, банкаўскай карткай, у тым ліку праз АРІП – у зручны час і ў зручным месцы, у тым ліку праз інтэрнэт-банкінг ці мабільны банкінг, – гаворыць галоўны  бухгалтар Ляхавіцкай ЦРБ Вольга Равяка.
Канешне, цана – адзін з вызначальных крытэрыяў. Але, што тычыцца здароўя, магчыма, куды важней кампетэнтнасць, прафесіяналізм урача, які праводзіць дыягностыку, абследаванне ці прызначае лячэнне. Чамусьці мы прывыклі лічыць, што ў іншых гарадах, асабліва сталіцы або абласных цэнтрах, урачы куды лепшыя.


– У нас выдатныя спецыялісты, прафесіяналы, якія пастаянна ўдасканальваюцца. У Ляхавіцкай райбальніцы дастаткова сучаснага медыцынскага абсталявання: апараты для ультрагукавога даследавання (толькі летась устаноўлены два вышэйшага класа), эндаскапічнага. У нас можна прайсці УГД брушной поласці, сэрца, малочнай і шчытападобнай залозаў, прастаты, сасудаў, эндаскапію, рэнтгенаграфію. Выдаляем розныя новаўтварэнні на скуры накшталт радзімак, папіломаў і г. д. Акрамя таго, вялікі пералік разнастайных фізіяпрацэдур: водныя, цеплалячэнне, лазаралячэнне, магнітатэрапія і іншыя. Па жаданні пацыент можа запісацца на платную кансультацыю да ўрача любога профілю, які працуе ва ўстановах аховы здароўя раёна, – адзначае галоўны ўрач Ляхавіцкай ЦРБ Георгій Хлябовіч.
– У сувязі з тым, што ў апошнія дзесяцігоддзі павялічваецца
колькасць анкалагічных захворванняў, звязаных з тоўстым кішэчнікам, рэкамендуецца ўсім грамадзянам старэйшым за
50 гадоў праходзіць раз у дзесяць гадоў калонаскапію, нават калі няма ніякіх сімптомаў захворвання тоўстага кішэчніка ці скаргаў пацыента. Рабіць такую працэдуру можна па накіраванні ўрача. Ляхавіцкі раён з 2018 года ўваходзіць у рэспубліканскую праграму па скрынінгу каларэктальнага раку. Паўдзельнічаць у такой праграме можа кожны жадаючы ва ўзросце ад 50 да 60 гадоў. Дастаткова звярнуцца да ўрача агульнай практыкі на сваім участку, – гаворыць урач-анколаг ЦРБ Уладзіслаў Цалевіч.
І зноў пра кошт. У Ляхавіцкай ЦРБ калонаскапія з наркозам на платнай аснове каштуе прыкладна 75 рублёў, у медцэнтры ў Баранавічах – каля 160 рублёў.
– Калонаскапія па праву лічыцца лепшым метадам на сённяшні дзень для дыягностыкі захворванняў тоўстага кішэчніка – запаленчых, язвавых, пухлінных. Іншыя метады дыягностыкі менш інфарматыўныя і дакладныя.Калонаскапія пад наркозам пазбавіць пацыента ад непрыемных адчуванняў падчас працэдуры. На ўсё – размова з эндаскапістам, які праводзіць абследаванне, і з рэаніматолагам, які робіць наркоз, міні-анкеціраванне, падрыхтоўка да працэдуры і сама працэдура – пойдзе прыкладна гадзіна. Але такі час варты, каб праверыць арганізм і папярэдзіць развіццё злаякасных пухлін, – дапаўняе ўрач-эндаскапіст, загадчык эндаскапічнага кабінета Павел Тупальскі. – Вельмі інфарматыўны і апарат для даследавання захворванняў стрававода, страўніка і дванаццаціперснай кішкі – відэаэзафагагастраскоп. Не трэба яго баяцца. Нічога страшнага ў такой працэдуры няма. Галоўнае –
слухаць парады эндаскапіста, расслабіцца. Каля дзясятка хвілін –
і ўрач атрымае дакладную інфармацыю пра вашы органы стрававання, паставіць дыягназ і нават з дапамогай спецыяльных інструментаў возьме біяпсійны матэрыял для далейшага да-
следавання і ўдакладнення дыягназу. Прайсці такую працэдуру можна па накіраванні ўрача, а таксама на платнай аснове.


– Пандэмія каранавіруса ўнесла істотныя карэтывы ў работу ўстаноў аховы здароўя. Ляхавіцкая райбальніца таксама часова абмяжоўвала планавую шпіталізацыю, перыядамі не працавалі фізіятэрапеўтычнае аддзяленне, стаматалогія, не аказваліся іншыя віды паслуг. Адзначу, што каранавірус, як і той жа грып, напэўна, стане нашым спадарожнікам надоўга, але жыццё пры гэтым не спыняецца, як і ўвага да свайго здароўя. Тым больш
цяпер, калі сітуацыя з COVID-19 стабілізуецца, актывізуем работу сярод насельніцтва па дыспансерызацыі. Актывуем квоты на праходжанне абследаванняў. Патлумачу: кожнаму ўрачу выдаецца пэўная колькасць талонаў для накіравання пацыентаў на ультрагукавое да-следаванне органаў, эндаскапію. Калі ж чалавек хоча прайсці такога кшталту абследаванне па асабістым жаданні, ён можа скарыстацца платнымі паслугамі, – адзначае Георгій Хлябовіч.
Не навіна, што якасць аказання стаматалагічных паслуг у Ляхавіцкай ЦРБ на высокім узроўні. Тычыцца гэта як тэрапіі –
лячэння зубоў, так і артапедыі – пратэзавання. Плюс цэны – невысокія ў параўнанні з іншымі гарадамі. Нездарма палячыць зубы ці зрабіць новыя да нашых медыкаў прыязджаюць з Ганцавічаў, Баранавічаў, Мінска і нават замежныя грамадзяне.
– Зноў жа каранавірус паўплываў на работу стаматалогіі. Людзі баяцца падхапіць інфекцыю і адкладваюць на потым візіт да стаматолага. Цяпер можна павольней уздыхнуць і запісацца на прыём. Чарга пакуль невялікая, але варта паспяшацца, каб потым не чакаць, – удакладняе галоўны ўрач ЦРБ.
Так што, не спяшайцеся за платнымі медыцынскімі абследаваннямі і кансультацыямі ў іншыя гарады. Зазірніце на сайт ЦРБ, азнаёмцеся з відамі медыцынскіх паслуг і прэйскурантам на іх.
А для інтарэсу параўнайце кошт з іншымі ўстановамі і зрабіце выбар на карысць прымальнай цаны і якасці. Менавіта такое абслугоўванне вам прапануюць у Ляхавіцкай райбальніцы.

Галіна КАНЬКО.
Фота з архіва ЦРБ.