Зручны графік для свяцічан

Выкарыстана ілюстрацыя

За апошнія тыдні кіраўніцтва раёна арганізавала сходы грамадзян у некалькіх населеных пунктах. Мэта такіх сустрэч, у тым ліку, дапамагчы вяскоўцам вырашыць пэўныя бытавыя праблемы, зрабіць іх жыццё больш простым і зручным. Зразумела, не на кожную просьбу, прапанову ці запыт можна адказаць адразу, многія сітуацыі патрабуюць вывучэння, часам усебаковага.

Напрыклад, падчас сходу грамадзян па вырашэнні пытанняў мясцовага ўзроўню ў вёсцы Свяціца ад тутэйшай жыхаркі Святланы Юрасёвай паступіла прапанова змяніць графік руху рэйсавага аўтобуса «Баранавічы – Свяціца». Жанчына працуе ў Крывошынскім псіханеўралагічным доме-інтэрнаце для састарэлых і інвалідаў. Дабрацца рэйсавым аўтобусам да месца працы не атрымліваецца, ён прыходзіць у 8.45, а працоўны дзень пачынаецца ў 8.00.
Сітуацыю з гэтым зваротам пракаменціравала намеснік старшыні райвыканкама  Святлана ЮРЛЕВІЧ:
– Па выніках сходу ў Свяціцы Крывошынскі сельвыканкам атрымаў даручэнне зрабіць падрабязны аналіз запатрабаванасці змены графіка руху рэйсавага аўтобуса «Баранавічы – Свяціца». Да вывучэння пытання падышлі скрупулёзна. Так, напрыклад, падлічылі, што рэйсам, які прыбывае ў Крывошын (у накірунку Свяціцы) у 7.20 – 7.25, на працу ў аблбальніцу, лясніцтва, школу, аддзяленне банка, дом-інтэрнат, магазіны прыязджае 20-30 чалавек, чый працоўны дзень пачынаецца ў 8.00. Калі гэты аўтобус вяртаецца са Свяціцы, то ў 8.45 забірае 10-15 работнікаў аблбальніцы, якія адпрацавалі змену. Яны едуць дадому: хтосьці ў Ляхавічы, а нехта і ў Баранавічы. Усіх гэтых людзей існуючы графік руху аўтобуса задавальняе.
Для таго, каб гэты рэйс прыбываў у Крывошын да 8.00, як прасіла Святлана Аляксееўна, графік трэба змясціць на гадзіну раней. Наўрад ці тым работнікам, якіх прыгадвалі вышэй, будзе зручна прыбываць у Крывошын у 6.20…
Як патлумачыў старшыня Крывошынскага сельвыканкама Юрый Чаранкевіч, акрамя таго, прыкладна ў гэты ж час у вёску прыходзіць аўтобус «Баранавічы – Ліпск» адпраўленнем з Ліпска ў Ляхавічы ў 6.40. Гэтым маршрутам едуць на работу, у паліклініку, па асабістых пытаннях жыхары дзевяці навакольных вёсак. Зразумела, што два аўтобусы адначасова наўрад ці будуць забяспечаны дастатковым пасажырапатокам.
Такім чынам, мяняць графік аўтобуса немэтазгодна, бо гэта парушыць інтарэсы многіх іншых людзей.
Дарэчы, кіраўніцтва дома-інтэрната пры неабходнасці для зручнасці сваіх работнікаў, што прыязджаюць са Свяціцы, гатова ўстанавіць ім працоўны дзень з 9.00 да 18.00.