Свае на раёне. Сёння адзначаецца Дзень утварэння службы ўчастковых інспектараў міліцыі. З прафесійным святам участковых інспектараў Ляхавіцкага РАУС

Участковыя інспектары – важнае звяно ў сістэме прафілактыкі правапарушэнняў, і іх праца – залог спакою ў кожным кутку нашага раёна. Галоўная задача ўчастковага інспектара – вырашаць праблемы яшчэ да таго, як яны перарастуць у сур’ёзныя парушэнні закона.
– Тэрыторыю Ляхавіччыны абслугоўваюць 11 участковых інспектараў, з якіх восем – у сельскай мясцовасці. Дзякуючы прафесіяналізму і аператыўнай дзейнасці ўчастковых большасць зваротаў грамадзян вырашаецца на месцы, – адзначае начальнік аддзела аховы правапарадку і прафілактыкі РАУС Сяргей Хмарук. Падпалкоўнік міліцыі службу ведае дасканала: з адзінаццаці гадоў службы ў РАУС шэсць быў участковым у Жарабковіцкім сельсавеце, займаў пасаду старшага ўчастковага інспектара і ўжо чатыры гады ўзначальвае ААПП. Прафесіянал сваёй справы і намеснік начальніка ААПП Сяргей Ісаханаў. Важная частка яго 26-гадовага прафесійнага жыцця – служба ўчастковым інспектарам, якой прысвяціў каля двух дзесяцігоддзяў. Кампетэнтны і адказны, умее знайсці агульную мову з рознымі катэгорыямі насельніцтва і заўсёды застаецца аўтарытэтным прадстаўніком органаў унутраных спраў.
Сёння ў РАУС маецца вакансія ўчастковага інспектара, і ў моладзі ёсць шанц стаць супрацоўнікам міліцыі і падтрымліваць правапарадак, забяспечваць бяспеку землякоў.
– Галоўная задача міліцыянера – не пакараць чалавека за правапарушэнне, а даць зразумець, што ёсць закон, які ўстанаўлівае правы і адказнасць, і яны для ўсіх аднолькавыя, – тлумачыць участковы інспектар Аляксандр Хоміч пра свой падыход да службы. Прынцыповасць у спалучэнні са спагадлівасцю і сумленнасцю дазволіла яму заслужыць павагу сярод жыхароў Начаўскага і Жарабковіцкага сельсаветаў. Да прафесійнага свята за высокія паказчыкі аператыўна-службовай дзейнасці капітан міліцыі Аляксандр Хоміч адзначаны грашовым заахвочваннем.
Сярод вопытных участковых і Сяргей Куніцкі, тэрыторыя адказнасці якога – Навасёлкаўскі сельсавет, Віталій Малевіч, які абслугоўвае частку Альхоўскага, Ганчароўскага і Крывошынскага сельсаветаў. Сярод тых, з каго Сяргей Хмарук рэкамендуе браць прыклад навічкам, – старшы інспектар па дазвольнай рабоце ААПП Іван Карповіч, які працаваў «на ўчастку» без малога 22 гады. Вызначаецца ён не толькі працоўнымі паказчыкамі, але і спартыўнымі дасягненнямі. Штораз вынікова абараняе гонар райаддзела, а на рэспубліканскім узроўні – УУС Брэсцкага аблвыканкама. Іван Карповіч падзяліўся фактам, што выконваць законы дапамагае і раёнка. Два гады назад падчас «Арсенала» вяскоўка здала зброю, бо прачытала пра гэта ў «Весніку».
На варце справядлівасці і закону ўчастковыя інспектары Ігар Усік, Кірыл Паплаўскі і Сяргей Негарожын, тэрыторыя адказнасці якіх – райцэнтр. Сяргей Негарожын папоўніў калектыў РАУС пасля заканчэння Акадэміі МУС у жніўні. За кароткі час зарэкамендаваў сябе супрацоўнікам перспектыўным і паспеў заслужыць падзяку людзей за тое, што ліквідаваў у доме прытон і адправіў у ЛПП двух хранічных алкаголікаў. Участак Негарожына – каля паўтары тысячы домаўладанняў, што знаходзяцца па вуліцах Будаўнікоў, Южакова (цотны бок), Спартыўнай, Радужнай, Ручайнай і іншых. Яго не палохаюць сямейна-бытавыя канфлікты, праца з асобамі, якія знаходзяцца на розных відах уліку, з жаданнем дзеліцца парадамі і з падрастаючым пакаленнем. Самае складанае, па словах маладога спецыяліста – праца з дакументамі, але дапамагае ў гэтым
веданне нарматыўнай і прававой базы.
У ролі настаўніка для навічка – прафесіянал Аляксандр Хоміч, якому некалі перадаваў азы прафесіі Міхаіл Сцепанькоў.
– Галоўная місія ўчастковых застаецца нязменнай на працягу многіх дзесяцігоддзяў – прафілактыка правапарушэнняў і іх спыненне. Людзі павінны ведаць, што заўсёды могуць разлічваць на міліцыю.
За пяцігоддзе адбылося істотнае абнаўленне аўтапарка, што дазваляе ўчастковым інспектарам на высокім узроўні выконваць пастаўленыя задачы. Сёлета ўчастковыя інспектары накіравалі ў ЛПП 38 хранічных алкаголікаў, асуджана ў лячэбна-працоўны прафілакторый 40 асоб, якія пакутуюць алкагольнай залежнасцю. Выяўлена дзевяць фактаў самагонаварэння, да адміністрацыйнай адказнасці прыцягнуты 133 сямейныя скандалісты, – расказвае Сяргей Хмарук.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.



