Дзмітрый Бурдук: «Патрабуецца якасная колькасць»

Год якасці, завяршальны ў пяцігодцы — 2010-ы ўжо на лютаўскай дыстанцыі, набліжаецца да сярэдзіны першага квартала. Ад таго, як мы спрацуем сёлета, падкрэсліў Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь, будзе залежаць дасягненне мэт, вызначаных на трэцім Усебеларускім народным сходзе, ступень паляпшэння якасці жыцця народа.

Як справы ў нашым раёне? Як зрабіць больш важкімі ”плюсы” дасягнутага і пераадолець ”мінусы”, што стрымліваюць тэмпы развіцця эканомікі Ляхавіччыны? Калі ёсць праблемы, значыць, ёсць шляхі і магчымасці іх рашэння, перакананы старшыня райвыканкама Дзмітрый Бурдук. Менавіта на праблемах, нявыкарыстаным патэнцыяле развіцця раёна, які неабходна задзейнічаць, засяродзіў увагу ў сваім дакладзе Дзмітрый Бурдук.

Праблема першая: колькасная

Тэмп росту аб’ёмаў вытворчасці – даволі інфармацыйны паказчык. Фактычна ў прамысловасці ён у нас склаў 102,6 працэнта пры прагнозе 111,8, што азначае недавыпуск прадукцыі з усімі вынікаючымі. Старшыня райвыканкама назваў чатыры галоўныя ўмовы, выкананне якіх дазволіць паправіць сітуацыю: забеспячэнне дастатковай для выканання прагнозных паказчыкаў колькасцю сыравіны СААТ “Ляхавіцкі малочны завод” (рашэнне пытання залежыць ад прынцыповасці і зладжанасці ў рабоце райсельгасхарчу і сельскагаспадарчых арганізацый); выхад новага кансервавага цэха ААТ “Ляхавіцкі кансервавы завод” на поўную магутнасць і рэканструкцыя сокавага; мадэрнізацыя  вытворчасці на льнозаводзе і торфабрыкетным заводзе “Ляхавіцкі”; зніжэнне выдаткаў вытворчасці, рацыянальнае выкарыстанне паліўна-энергетычных рэсурсаў, матэрыяльных і грашовых сродкаў. Пры забяспечэнні росту вытворчасці адбудзецца і рост фінансава-эканамічны.

Старшыня райвыканкама Дзмітрый Бурдук уручае ордэн Маці Ніне Смаршчок, паляводу СВК «Ордэна «Знак Пашаны» Кастрычнік».

У аграрным сектары раёна прагнозны паказчык па тэмпу росту валавой прадукцыі выкананы летась толькі СВК  “Дарава”, “Шлях новы”, “Востраў-Агра”, а ў шасці гаспадарках ён не дасягнуў узроўню 2008 года. З заданнем па валавой вытворчасці малака справіліся  ЗАТ “Белпрампрыбор” і СВК “Востраў-Агра”. У РСУП “Нача” дапушчана зніжэнне гэтага паказчыка да ўзроўню 2008 года (95%).

Недаравальнай недапрацоўкай лічыць старшыня райвыканкама і невыкананне гадавога задання па таварнасці малака (87,8%). Прыемнае выключэнне тут толькі ЛДАК і СВК “Дарава”.

Што датычыць ураджайнасці сельгаскультур, то летась паказчыкі ўвогуле былі нядрэннымі, але, улічваючы ўрадлівасць тутэйшых зямель, маглі б быць вышэйшымі ў многіх гаспадарках.

Дзмітрый Бурдук прааналізаваў сітуацыю не толькі ў прамысловасці і сельскай гаспадарцы, але і ў будаўнічай  галіне раёна, жылкамунгасе, на спажывецкім рынку, вызначыў першачарговыя задачы, на якіх трэба сканцэнтравацца камунальнікам, бытавікам, установам аховы здароўя, адукацыі, сацыяльнага забеспячэння, культуры, фізкультуры і спорту. Трэба павялічваць колькасць выпускаемай прадукцыі і паслуг, якія аказваюцца насельніцтву, – гэта ўзаемавыгадная справа. Прапанова павінна апераджаць запыт, ва ўсякім разе – не спазняцца.

Праблема другая: якасная

Не колькасцю адзінай  забяспечваецца выкананне прагнозных паказчыкаў. Не толькі ад колькасці выпушчанага, зробленага залежыць задавальненне попыту. Не менш уплывовай умовай эканамічнага развіцця з’яўляецца высокая якасць прадукцыі, паслуг, работ. Задавальняе яна — значыць, гарантавана запатрабаванасць, значыць, выпушчанае пойдзе да спажыўца, а не завісне на складзе.

Старшыня Брэсцкага абласнога Савета дэпутатаў Сяргей Ашмянцаў: Нельга спыняцца на дасягнутым. Трэба глядзець у заўтра.

Старшыня райвыканкама агучыў нявыкарыстаны патэнцыял і ўпушчаныя магчымасці ў сувязі з гэтым. Адзін з адрасоў – фермы. Страты гаспадарак ад рэалізацыі малака другім гатункам летась склалі 1273 млн. руб.,  ад нізкай таварнасці – 753 млн. руб., а з улікам вяртання малака гаспадаркам недаатрымана 2097 млн. руб. выручкі. Гэта, па словах Дзмітрыя Бурдука, раўнацэнна палове кошту дызельнага паліва, неабходнага для правядзення пасяўной кампаніі. Пераканаўчы аргумент на карысць якасці.

Менавіта яна патрабуецца і ў такіх пытаннях, як работа па аднаўленні статка, стварэнне трывалай кармавой базы, укараненне перадавых тэхналогій у вытворчасць, у тым ліку  і ў першую чаргу, у малочную. Дзмітрый Бурдук запатрабаваў ад кіраўнікоў сельгаспрадпрыемстваў сучаснага падыходу  да мадэрнізацыі абсталявання жывёлагадоўчых ферм. Канстатаваў, што многія з іх не выканалі даведзеныя заданні, а асобныя нават заручыліся рашэннем агульнага сходу гаспадаркі не будаваць новую ферму… Між іншым, сёння гэта сведчыць пра недальнабачнасць і прафесіянальную недастатковасць  кіраўніка працоўнага калектыву. Без мадэрнізацыі вытворчасці немагчыма забяспечыць яе развіццё. А станоўчы вопыт побач – новыя фермы СВК “Ляхавіцкі” і “Шлях новы”.

Наогул, аграрны сектар мае нявыкарастаны рэзерв эканамічнай трываласці, прычым, багаты. У кожным канкрэтным адрасе свае магчымасці. Напрыклад, райаграсервіс мае ўласную станцыю тэхабслугоўвання абсталявання жывёлагадоўчых ферм, а якасць атрыманага на фермах прадпрыемства малака жадае быць многа лепшай, на што звярнуў увагу Дзмітрый Бурдук: ”Чамусьці другім гатункам рэалізуюць яго найчасцей тыя гаспадаркі, якія знахо-дзяцца ў складаным фінансавым становішчы, чым яшчэ больш пагаршаюць яго”, — адзначыў Дзмітрый Міхайлавіч.

Наогул, трэба сур’ёзна задумацца і пра экспарт прадукцыі, забяспечыўшы яе высокую якасць. Гэта дакладна засвойваецца і атрымліваецца  на  малочным, торфабрыкетным заводах, у “Трансэлектракамплекце”, якія актыўна экспартуюць сваю прадукцыю за мяжу. Слушнае пытанне пастаўлена старшынёй райвыканкама на сходзе актыву: а чаму іншыя прадпрыемствы і арганізацыі не прапаноўваюць свае тавары на замежныя рынкі (у прыватнасці, гэта тычыцца льнозавода, райаграсервісу і іншых)?

Адным словам, сёння патрабуецца не толькі колькасць, але ў роўнай ступені і якасць прадукцыі – якасная колькасць.

Праблема, якая вынікае з першых дзвюх

Запатрабаваная прадукцыя знаходзіць свайго спажыўца. Чым больш запатрабаванай прадукцыі, тым больш выручка, прыбытак, вышэй рэнтабельнасць, эканамічная стабільнасць. Плацежаздольныя арганізацыі, прадпрыемства ў стане набываць  новую тэхніку, абсталяванне, якія дазваляюць укараняць у вытворчасць сучасныя тэхналогіі. Становішча робіцца яшчэ больш трывалым, эканоміка больш стабільнай. І тады не трэба з працягнутай рукой  прасіць фінансавай дапамогі, каб памяняць адслужыўшыя ўсе магчымыя тэрміны трактар, камбайн, станок… Зарабіў і купіў, і развівайся, мацней – гэта і ёсць “хатняе заданне” для любога вытворчага калектыву. Усё азначанае магчыма толькі, калі вал не ў завале, калі забяспечаны рост аб’ёмаў запатрабаванай, якаснай прадукцыі.

Другая акалічнасць на карысць гэтага – зарплата, якая залежыць ад выпушчанага і рэалізаванага. У нашым раёне летась сярэднямесячная зарплата работнікаў народнай гаспадаркі павялічылася на 15,2 працэнта і склала 773,3 тысячы рублёў. Інфармацыя для роздуму і прыняцця тэрміновых мер, якія зноў жа датычаць забеспячэння тэмпаў і аб’ёмаў росту вытворчасці: да канца 2010 года ўзровень зарплаты па краіне павінен у эквіваленце быць роўным 500 доларам, у тым ліку ў сельскай гаспадарцы – 320.

Пра шкоду самасправаздач

Аналітычны, крытычны, з агучаннем праблем, іх канкрэтных адрасоў  і шляхоў вырашэння, даклад старшыні райвыканкама нацэльваў удзельнікаў сходу на адпаведную размову. У большай ці меншай ступені гэта атрымалася ў начальніка райсельгасхарчу Мікалая Варажуна, які гаварыў аб праблемах аграрнага сектара раёна, і ў дырэктара торфабрыкетнага завода “Ляхавіцкі” Васілія Іванова. Дарэчы, Васілій Кузьміч засяродзіў увагу на нестыкоўках у графіку закупак торфабрыкету: летам, як кажуць, пуста, а зімой, асабліва апошняй, — ажыятаж. Вінаваты тыя, на думку дырэктара, хто адрапартаваў пра гатоўнасць да ацяпляльнага сезона, а фактычна не падрыхтаваўся да яго. У выніку завод сарваў графік паставак па міжнародных дагаворах дзеля таго, каб задаволіць значна ўзросшыя патрэбы ўнутранага рынку. Правамоцнае пытанне пастаўлена Васіліем Івановым: пра вызначэнне канкрэтных аб’ёмаў выкарыстання торфу і расшырэння кола спажыўцоў, каб працэс рэалізацыі быў пастаянным. Аргумент на карысць гэтай прапановы: вытворчасць можа працаваць рытмічна ў тым выпадку, калі збыт прадукцыі ідзе пастаянна.

Праблему “заказчык — выканальнік” закрануў начальнік ПМК-13 Міхаіл Шэйда. На жаль, там, дзе ўсё павінна быць даўно і надзейна адпрацавана да дробязяў і ўзгоднена, узнікаюць перашкоды. У выніку, зацягваюцца тэрміны будаўніцтва, што вядзе да аўралаў і, адпаведна, адбіваецца на якасці.

Гэта, мусіць, і ўсе праблемы, узнятыя ўдзельнікамі сходу. Астатнія выступаючыя аддалі перавагу манатонным самасправаздачам, хаця маглі засяродзіць увагу на тым, што баліць і на тым, як вырашыць узнікшыя пытанні. Тым больш, была магчымасць звярнуцца за парадай і дапамогай да старшыні абласнога Савета дэпутатаў Сяргея Ашмянцава, які ўдзельнічаў у сходзе. І размова павінна быць дзелавой.

Пра карысць здаровага самалюбства

Сяргей Ашмянцаў назваў сённяшнія раённыя вытворчыя паказчыкі нормай жыцця, якая павінна стаць адпраўной кропкай да больш высокіх дасягненняў. Ва ўсіх галінах народнай гаспадаркі для гэтага ёсць рэзервы. Сяргей Дзмітрыевіч гаварыў, што імкненнем да новага, нераўнадушнасцю, наватарствам павінен вызначацца сучасны кіраўнік, якому даверана развіццё і працоўнага калектыву, і вытворчасці. Чаму, напрыклад,  такія розныя часам вынікі ў гаспадарках, якія ўзначальваюць старшыні Аляксандр Вітко і Віталій Бусько, – СВК “Ляхавіцкі” і “Жарабковічы”? Нават надой на карову сёння ў першага 17,1 кілаграма малака за дзень, у другога – на 6 кілаграмаў менш. Абодва вопытныя кіраўнікі, ведаюць вытворчасць. Але… Навейшыя тэхналогіі ў той самай малочнай галіне, усебаковы клопат пра статак і пра ўмовы працы жывёлаводаў – заўсёдная практыка “Ляхавіцкага” і з дакладнасцю да наадварот – у ”Жарабковіцкім”. “Бяздзейнічаць нельга!” – звярнуўся Сяргей Ашмянцаў да ўдзельнікаў сходу.

Не прадае гаспадарка малако вышэйшым гатункам – чаму адмаўляецца зарабіць грошы правераным шляхам – “малочным”? Нізкая шчыльнасць жывёлы ў раёне – чаму не скарыстоўваецца магчымасць росту вытворчасці, тым больш, што няма жывёлы – не будзе прадукцыі? Грошы трэба зарабіць, а не чакаць, што іх нехта дасць, падкрэсліў Сяргей Дзмітрыевіч. Ён адзначыў канкрэтныя напрамкі, па якіх раёну трэба актыўна працаваць, каб дасягнуць належных вынікаў.

Зусім не пашкодзіць тут нагадаць пра карысць здаровага самалюбства: яно паспрыяе напалу таварыскага працоўнага саперніцтва і якасна новым вынікам.

Аптымістычны сюжэт

Але не толькі пра вытворчыя паказчыкі ішла размова на сходзе актыву. Пачаўся ён вельмі аптымістычным сюжэтам. Старшыня райвыканкама Дзмітрый Бурдук уручыў ордэн Маці паляводу СВК  “Ордэна “Знак Пашаны” Кастрычнік” Ніне Смаршчок. Гэтай высокай узнагароды шматдзетная маці ўдастоена Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 11 студзеня 2010 года. Пяцёра дзетак – пяцёра сонейкаў, шчасце, памножанае на пяць. Яны растуць, вучацца, сталеюць у любві і клопатах мамы і таты, у любві і клопатах дзяржавы. Жыццесцвярджальныя і біяграфія, і дэмаграфія!

Вольга БАРАДЗІНА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *