Наш патрыятызм і дзяржпадтрымка. Землякі абмяркоўваюць падзеі Усебеларускага народнага сходу

Землякі абмяркоўваюць падзеі Усебеларускага народнага сходу

Арцём КІРУТА, начальнік адасобленай групы ваенкамата:
– На VІ Усебеларускім народным сходзе закранута нямала розных тэм, важных для кожнага беларуса, для кожнай сям’і, для ўсёй краіны. Размова ішла і пра падтрымку сем’яў, і пра дэмаграфічную бяспеку, развіццё медыцыны і адукацыі, культуры.
Сярод удзельнікаў сходу было нямала людзей у ваеннай форме, якія лічаць адной з галоўных задач патрыятычнае выхаванне падрастаючага пакалення. Краіне патрэбны прафесіяналы сваёй справы, моцныя духам і фізічна маладыя людзі, якія любяць сваю Радзіму. Трэба і далей умацоўваць прэстыж ваеннай прафесіі. Перакананы, што гэтаму паспрыяе і правядзенне разнастайных мерапрыемстваў патрыятычнай накіраванасці накшталт нядаўніх, прымеркаваных да Дня памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў і Дня абаронцаў Айчыны. Мы, сённяшнія пакаленні, павінны цаніць і шанаваць тое, што здабывалі нашы бацькі, дзяды і прадзеды, абараняючы незалежнасць краіны, будуючы мірную і суверэнную Беларусь.
У нас цудоўная моладзь. З ёй неабходна працаваць, у тым ліку ў накірунку выхавання патрыятызму, паказваць і даказваць, што без самааддачы, працавітасці дасягнуць вынікаў ні ў вучобе, ні ў рабоце немагчыма.
Здаецца, не засталося ніводнай тэмы, якую б не закрануў Кіраўнік дзяржавы. Важна не згубіць тое, што зроблена мінулымі пакаленнямі, і прымножыць тое станоўчае, што ёсць. Зараз будучыня нашай краіны, як ніколі, залежыць ад кожнага з нас, ад нашай свядомасці, ад грамадзянскай пазіцыі. Перш чым нешта патрабаваць у плане паляпшэння жыцця ад іншых, кожны павінен задумацца, што ён сам дзеля гэтага зрабіў.

Мікалай ПІЛІНЕВІЧ, стараста вёскі Вялікая Лотва:
– Мінулі два тыдні, як завяршыўся Усебеларускі народны сход, але мы з аднавяскоўцамі па-ранейшаму абмяркоўваем убачанае і пачутае.
Уважліва слухаў выступленне Прэзідэнта і падтрымліваю кожнае яго слова. Відавочна, што Кіраўнік дзяржавы клапоціцца і хвалюецца пра свой народ, сваю краіну.
Як неабыякавага грамадзяніна мяне цікавіла, якія меры будуць прымацца, каб Беларусь была такой жа спакойнай, як і да жніўня мінулага года. Кіраўнік дзяржавы даў катэгарычны адказ усім, хто жадае ўнесці раскол  у наша грамадства – ніякія каляровыя рэвалюцыі ў Беларусі не пройдуць. Мы мірны народ, мірная краіна, і так павінна заставацца заўсёды.
Таксама на сходзе гаварылі пра развіццё рэгіёнаў, значыць, будуць паляпшацца і ўмовы жыцця ў сельскай мясцовасці.
Лічу, што сход вызначае не толькі сённяшняе жыццё, але і заўтрашні дзень – нас, дзяцей, унукаў.
Дзяржава надае вялікую ўвагу паляпшэнню якасці жыцця пенсіянераў, людзей з абмежаванымі магчымасцямі. І як было неаднойчы сказана на сходзе, такая сацыяльная палітыка будзе прадаўжацца. Я даўно на заслужаным адпачынку, таму мяне хвалююць пенсійныя пытанні.
З захапленнем слухаў і выступленні маладых – дастойная ўсё ж у нас змена! І, бадай, самае галоўнае, што гучала ў кожнай пра-
мове, – беларускаму народу трэба быць  адзіным – тады ўсё ў нас атрымаецца.