Сямейныя традыцыі і вернасць Айчыне. 30 красавіка адбылася чарговая адпраўка на службу прызыўнікоў з Ляхавічаў

БОЛЬШ ФОТА ТУТ

З 23 красавіка ў Беларусі стартавала планавая адпраўка грамадзян, прызваных на тэрміновую ваенную службу, у злучэнні і воінскія часці Узброеных Сіл.

30 красавіка адбылася чарговая адпраўка на службу прызыўнікоў з райцэнтра. Трое нашых землякоў – ляхавічане Ілья Малевіч і Рынат Арлоўскі, а таксама жыхар вёскі Крывошын Павел Каспяровіч паўтара года будуць праходзіць службу на 61-й знішчальнай авіяцыйнай базе.
На месца адпраўкі – у адасобленую групу Ляхавіцкага раёна ваеннага камісарыята г. Баранавічы, Баранавіцкага і Ляхавіцкага раёнаў – прызыўнікоў прыйшлі правесці іх родныя і блізкія. Не хаваючы хвалявання, бацькі і іншыя праваджаючыя прызналіся: ганарацца тым, што іх сыны, браты і ўнукі будуць служыць у мірнай краіне на роднай зямлі, і вельмі чакаюць іх дадому памужнелымі і моцнымі.

У кожнага з прызыўнікоў – свая жыццёвая гісторыя. Ілья Малевіч працаваў рамонтнікам на «Атланце». Калі прыйшоў час аддаць канстытуцыйны абавязак, родныя далі яму наказ служыць годна, як бацька, дзядзька і іншыя мужчыны ў сям’і. Бацька Юра нясе службу старшым інструктарам-выратавальнікам на ПАСП № 11 Ляхавіцкага РАНС у Шчэрбаве і з’яўляецца для сына прыкладам вернасці абавязку. Ілья ганарыцца сямейнай традыцыяй і гатовы яе прадоўжыць. Ён старшы ў мнагадзетнай сям’і, і праводзіць будучага салдата прыйшлі брат Мікіта, сястра Мілана і бацькі.
– Радзіму трэба ўмець абараняць! Як і сваю сям’ю і сваіх блізкіх. Кожны павінен выканаць свой абавязак перад Айчынай, – перакананы Юрый Малевіч.
Рынат Арлоўскі пасля заканчэння Ляхавіцкага аграрнага каледжа займаў пасаду заатэхніка ў ААТ «Шлях новы» і падкрэслівае, што да службы гатовы. Усе сябры ўжо адслужылі, таму ён для сябе вырашыў: армія – важны этап для кожнага мужчыны. Рынат ганарыцца тым, што будзе несці службу на 61-й знішчальнай авіяцыйнай базе. Яшчэ падчас вучобы ў каледжы ён быў на авіябазе на экскурсіі. Праўда, тады нават не разлічваў, што менавіта авіябаза стане месцам яго службы. Маці будучага салдата Алена Арлоўская дзеліцца, што Рынат – яе адзіны сын, таму вельмі перажывае за яго. Ганарыцца, што ён будзе абаронцам Айчыны і супакойвацца, што служыць будзе ў мірнай краіне, у арміі без дзедаўшчыны. Бабуля Ала Аркадзьеўна 26 гадоў назад праводзіла адсюль у армію сына, а сёння – унука. Усе мужчыны ў гэтай сям’і служылі.
– Армія заўсёды была школай жыцця. Лічу, калі хлопец не спазнаў гэту навуку, не можа лічыцца сапраўдным мужчынам. Служба выхоўвае характар, адказнасць і павагу да Радзімы, – пераканана бабуля прызыўніка Ала Арлоўская.
Павел Каспяровіч да прызыву працаваў поварам, і мірная прафе-
сія – добрае дапаўненне да ваенна-ўліковай спецыяльнасці. Бацька Паўла быў у арміі мотастралком і сёння падкрэслівае: армія вучыць, дысцыплінуе і выпрацоўвае сапраўдны характар.
– Ганарымся нашым Паўлам. Яго залатыя рукі ўмеюць і смачна накарміць, і святочны стол накрыць. Але цяпер для яго настаў час іншай справы – абараняць Радзіму. Мы будзем вельмі чакаць яго вяртання дадому, – падзяліліся з карэспандэнтам «ЛВ» родныя Паўла.
Начальнік адасобленай групы Ляхавіцкага раёна ваеннага камісарыята г. Баранавічы, Баранавіцкага і Ляхавіцкага раёнаў Арцём Кірута падкрэсліў, што ў вясенні прызыў з Ляхавіччыны ў рады Узброеных Сіл, іншых войскаў і воінскіх фарміраванняў адправяцца каля 45 чалавек.
– Кожны прызыўнік прайшоў неабходную медыцынскую камісію і прафесійны адбор. Гэта маладыя людзі, якія разумеюць важнасць абароны Айчыны. Упэўнены, што служба ва Узброеных Сілах стане для іх школай мужнасці і сапраўднай жыццёвай загартоўкі, – адзначае Арцём Кірута.
Для кожнага з нашых землякоў-навабранцаў, прызваных на службу ва Узброеныя Сілы, зусім хутка пачнецца новы этап у жыцці – 23 мая яны прымуць ваенную прысягу на вернасць Айчыне.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.