Спазнай край бегам, ці «Жырандоля» прэзентуе рэгіён

Спартыўныя дарогі Першага рэгіёна 3 кастрычніка вялі ў парк-атэль «Яркі» ў вёсцы Колбавічы Баранавіцкага раёна.
Тут прайшоў лёгкаатлетычны трэйл «Жырандоля III», які сабраў аматараў бегу не толькі з Брэстчыны, але і з іншых абласцей. На дыстанцыю выйшлі як юныя спартсмены, так і вопытныя аматары бегу.
На маршруце лёгкаатлетычнага трэйла адбылася і прэзентацыя пілотнага міжрэгіянальнага турыстычнага праекта па развіцці Баранавічаў, Баранавіцкага, Ганцавіцкага і Ляхавіцкага раёнаў. Сутнасць праекта закладзена ў слоган – #СпазнайКрайБегам, у якім кожны новы старт адкрывае яго ўдзельнікам унікальныя лакацыі Першага рэгіёна.

– Прэзентацыя пілотнага праекта выклікала жывы водгук у гасцей. Яны падыходзілі, цікавіліся маршрутамі і магчымасцямі адпачынку ў родным краі. А яшчэ з інтарэсам удзельнічалі ў віктарыне, звязанай з раёнамі. У пытаннях фігурыравалі і нашы ляхавіцкія брэнды і славутасці – птушка-ляхавічка, рака Ведзьма, сядзіба ў Грушаўцы і іншыя. За правільныя адказы прадугледжваліся прызы –
сувенірная прадукцыя з сімволікай раёна. Прыемна, што многія выказвалі ўдзячнасць за пытанні і адзначалі, што даведаліся і тое, што не ведалі пра свае родныя мясціны. Можна смела сцвярджаць, што праект запатрабаваны і актуальны. Значыць, будзем і далей развіваць яго і запрашаць турыстаў у нашы мясціны, – падкрэсліла намеснік начальніка аддзела эканомікі райвыканкама Таццяна Шчука.
Дарэчы, на Ляхавіччыне турыстычны шлях «Жырандолі» праходзіць праз сядзібу Бохвіцаў, экспазіцыю рарытэтнай тэхнікі ў аўтацэнтры «Вікторыя», а таксама Грушаўку і яе капліцу. Назва трэйла пайшла ад пілотнай турыстычнай зоны «Жырандоля», якой дала назву люстра майстра з Крошына Паўлюка Багрыма. Яе ўзор уключае раслінныя
элементы, дзе перапляліся ляхавіцкі лён і журавіны з Ганцавіцкага раёна. Тут і помнік вераб’ю, а гэта ўжо Баранавічы. Адметна, што лакацыі лёгкаатлетычнага забегу штогод мяняюцца. Усё для таго, каб насельніцтва не толькі занялося спортам, а яшчэ і натхнілася краявідамі і выбрала турыстычны напрамак на любы густ. Летась удзельнікаў запрашалі ў парк жывёл «Дыпрыз», а раней была лыжаролерная траса ў аграгарадку Мір. У 2027 годзе пройдзе чацвёрты трэйл. Дзе? Арганізатары пакуль трымаюць інтрыгу.
Як жа выступілі ляхавічане на лёгкаатлетычным  трэйле? На дыстанцыі пяць кіламетраў ва ўзроставай катэгорыі 14–17 гадоў першай фінішавала Мілена Янушкевіч, ва ўзроставай катэгорыі 18–29 гадоў золата ў Валянціны Тышкоўскай.
На дыстанцыі дзесяць кіламетраў ва ўзроставай катэгорыі 30–39 гадоў у абсалюце серабро заваявала Лізавета Замацеўская, а Людміла Сокал увайшла ў дзясятку самых хуткіх жанчын і заняла восьмае месца.
Тры кіламетры прабеглі навучэнцы СШ № 1 і № 2 Раман Сокал і Нэлі Шчука, якія ўвайшлі ў дваццатку лепшых.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.