Важкае слова супраць агню. На Ляхавіччыне прайшлі рэйдавыя прафілактычныя мерапрыемствы з мэтай папярэджання ўзгаранняў у экасістэмах, недапушчэння выпальвання сухой расліннасці

На мінулым тыдні ў Заліпенні выратавальнікі аператыўна патушылі ўзгаранне сухой расліннасці. Агонь разгуляўся на пустуючым участку побач
з жылымі дамамі. Сёння месца пажару выглядае чорнай плямай, якая, на шчасце, не захапіла будынкі.

З мэтай папярэджання ўзгаранняў у экасістэмах, недапушчэння выпальвання сухой расліннасці і развядзення вогнішчаў у неўстаноўленых месцах на Ляхавіччыне з 4 па 6 красавіка прайшлі рэйдавыя прафілактычныя мерапрыемствы. У адзін з такіх рэйдаў з зацікаўленымі службамі адправіўся і карэспандэнт «ЛВ». Прадстаўнікі РАНС, раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі, райінспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя накіраваліся ў населеныя пункты Крывошынскага сельсавета, дзе да іх далучыўся старшыня сельвыканкама Сяргей Баргамон. Крывошынскі сельсавет сёлета ў лідарах па ўзгараннях сухой расліннасці – з пачатку пажаранебяспечнага перыяду выратавальнікі выязджалі сюды 22 разы. 

З пачатку года на Ляхавіччыне зарэгістравана 79 загаранняў у экасістэмах на плошчы каля 13 гектараў – удвая больш, чым летась. І гэта нагода сур’ёзна задумацца

На маршруце рэйдавай групы – вёска Заліпенне, дзе 3 красавіка
і было зарэгістравана ўзгаранне сухой травы. Старшыня сельвыканкама Сяргей Баргамон тлумачыць, што аб’язджаў тэрыторыю сельсавета і заўважыў пажар. Хто стаў аўтарам вогненнага здарэння – невядома. У населеным пункце пару жылых дамоў, і паміж імі сухая трава ўтварае суцэльны дыван. Любая іскра можа прывесці да бяды.


Сярод вясковых сядзіб дагледжанасцю і парадкам выдзяляецца дом 78-гадовай Надзеі Рыгораўны. Старшыня сельвыканкама тлумачыць, што па гэтым адрасе не ўзнікае праблем з пажарнай бяспекай. Гаспадыня разам з сынам якраз займаліся афарбоўкай дома. Старшы інжынер РАНС Віталій Сідаркевіч папярэджвае пра забарону выпальвання сухой расліннасці. У адказ пенсіянерка выказвае пажаданні, каб сельвыканкам своечасова абкошваў пустуючыя ўчасткі. Але бяспека – справа калектыўная, і супрацоўнікам сельвыканкама без дапамогі насельніцтва не справіцца. Ды і ў выпадку ўзгарання травы агонь не выбірае напрамак руху. У Год добраўпарадкавання і пяцігодку якасці важна аб’яднаць агульныя намаганні дзеля навядзення чысціні і парадку.
Наступны прыпынак – каля дома Міхаіла Салодкага, з якім рэйдавая група таксама праводзіць інструктаж па пажарнай бяспецы і ўручае тэматычную памятку. Вясковец адзначае, што дзеля дваіх дзяцей асабіста зацікаўлены ў стварэнні бяспечных умоў жыцця.
У Навасёлках першае пытанне да вяскоўцаў было наконт выпальвання сухой травы. Супрацоўнік РАНС адзначае, што галоўная прычына пажараў – неабачлівае абыходжанне з агнём. Людзі недаацэньваюць небяспеку і плацяць за гэта сваёй маёмасцю, а, часам, і жыццём.
Выпальванне сухой расліннасці забаронена законам. Перад
развядзеннем вогнішча трэба загадзя падрыхтаваць месца
і ачысціць яго ад сухой расліннасці. Вогнішча трэба раскладваць на бяспечнай адлегласці ад будынкаў і толькі ў бязветранае надвор’е пад пастаянным наглядам. Важна падрыхтаваць і першасныя сродкі пажаратушэння.
Старшы інжынер РАНС разам з памочнікам урача-гігіеніста райЦГіЭ Данутай Багдановіч у суправаджэнні 75-гадовага гаспадара дома Мікалая Міхайлавіча заходзяць у двор, дзе чысціня і
парадак. А за сельгаспабудовай пасля зносу будынка засталіся рэшткі будаўнічых адходаў.
Прадстаўнік санслужбы дае тэрмін прыбраць іх да 20 красавіка.
Пенсіянеры-вяскоўцы перадаюць праз старшыню сельвыканкама просьбу да кіраўніка мясцовага сельгаспрадпрыемства на заворванне агародаў на платнай аснове.
Старшыня сельвыканкама Сяргей Баргамон расказвае, што вакол вёскі прасціраецца немалая тэрыторыя з сухой травой, якая не раз гарэла. Дзеля папярэджання ўзгаранняў у экасістэмах плануецца дыскаванне палосаў вакол усёй вёскі. А недалёка ад Заліпення, каля лесу, з гэтай жа мэтай уладкаваны мінералізаваныя палосы. Сяргей
Баргамон дзеліцца, што Год добраўпарадкавання на тэрыторыі сельсавета праходзіць актыўна, і нямала робіцца дзеля навядзення
чысціні і парадку. Так, жыхары Галаўнінцаў сабралі больш за
2 500 рублёў для выдалення аварыйных дрэў на могілках, і работы актыўна вядуцца.
Галоўны спецыяліст райінспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Аляксандр Курловіч падчас рэйду настойліва тлумачыў вяскоўцам пра недапушчэнне выпальвання сухой расліннасці, бо гэта праблема мае сур’ёзныя наступствы для навакольнага асяроддзя, жыцця і здароўя людзей. Райінспекцыя нагадвае, што за незаконнае выпальванне сухой расліннасці, травы
на корані, а таксама ржышча і пажніўных рэшткаў на палях або непрыняцце мер па ліквідацыі выпальванняў вінаватыя асобы прыцягваюцца да адміністрацыйнай адказнасці ў выглядзе штрафу ў памеры ад 10 да 30 базавых велічынь. Адміністрацыйная адказнасць прадугледжана і за развядзенне вогнішчаў у забароненых месцах (асабліва ахоўныя прыродныя тэрыторыі, тэрыторыі населеных пунктаў, зоны масавага адпачынку паблізу водных аб’ектаў і г. д.).
Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота аўтара.