Крытыку пачулі! У месячнік добраўпарадкавання раённая газета і яе электронныя рэсурсы расказваюць, што зроблена ў розных кутках Ляхавіцкага раёна
У месячнік добраўпарадкавання раённая газета і яе электронныя рэсурсы расказваюць, што зроблена ў розных кутках раёна. Прычым не заўсёды са станоўчага боку. «ЛВ» прапануе зазірнуць у некаторыя месцы, дзе сёлета ў сакавіку – красавіку рознымі службамі былі выяўлены адрасы безгаспадарчасці. І параўнаць з тым, што сёння.
Пра тэрыторыю гаражнага кааператыва «Поспех» на вуліцы Чкалава ў райцэнтры «ЛВ» узгадваў не аднойчы. Вось і сёлета 6 сакавіка падчас чарговага маніторынгу супрацоўнікі райЦГіЭ убачылі непрыемную карціну: каля агароджы складзіраваны рэшткі будаўнічых адходаў, смецця (фота 1). Пасля атрымання прадпісання пра неабходнасць навесці парадак «Поспех» зрабіў работу над памылкамі. Фотааб’ектыў 20 сакавіка зафіксаваў тут зусім іншую карціну: парадак наведзены (фота 2).
Аналагічная сітуацыя з горамі смецця і адходаў назіралася 17 сакавіка на тэрыторыі за гаспадарчымі пабудовамі на землях агульнага карыстання ў вёсцы Літве (фота 3). Тры дні спатрэбілася Конькаўскаму сельвыканкаму, каб ачысціць участак ад несанкцыянаванага сметніка (фота 4).
Не толькі зацікаўленыя службы знаходзяць адрасы безгаспадарчасці, даволі часта пра іх паведамляюць і
неабыякавыя землякі. Так, на небяспечны ўчастак пешаходнай дарожкі на вуліцы Дзесюкевіча ў райцэнтры паскардзіліся гараджане. Яшчэ 2 красавіка ўчастак пешаходнай дарожкі недалёка ад магазіна «Хіт» быў небяспечным і неэстэтычным: паламаная плітка, ямы вакол калодзежа (фота 5).
А літаральна на заўтра сітуацыя істотна змянілася ў лепшы бок: плітачнае пакрыццё адноўлена (фота 6).
– Вялося будаўніцтва валаконна-аптычных сетак у квартале жылой забудовы па вуліцах Дзесюкевіча, Першамайскай, Мінскай. Пасля завяршэння гэтых работ падрадная арганізацыя выканала аднаўленчыя работы, –
патлумачыў начальнік Ляхавіцкага ўчастка электрасувязі Анатолій Лукашэвіч.
Калі вы сталі сведкамі такіх пераўтварэнняў ад «было» і да «ёсць», падзяліцеся фотаздымкамі і інфармацыяй з «ЛВ».
Галіна КАНЬКО.







