Патрыёты з дзіцячага сада. Па-даросламу ўзнёсла і з дзіцячай шчырасцю прайшло прысвячэнне ў юныя патрыёты ў дзіцячым садзе № 3 Ляхавічаў

Па-даросламу ўзнёсла і з дзіцячай шчырасцю прайшло прысвячэнне ў юныя патрыёты ў дзіцячым садзе № 3 райцэнтра. У якасці навабранцаў ваенна-патрыятычнага клуба «Юны патрыёт» – дзесяць выхаванцаў старэйшай групы дашкольнай установы. Гэта другі набор патрыётаў-дашкалят. Першы адбыўся летась напярэдадні 80-годдзя Вялікай Перамогі.
– За год першыя ўдзельнікі клуба прайшлі самую сапраўдную школу патрыятычнага выхавання. З гонарам хлопчыкі і дзяўчынкі ўдзельнічалі ў мітынгу, прысвечаным 80-годдзю Вялікай Перамогі, запісвалі відэавіншаванне да гэтага ўсенароднага свята, а ў чэрвені мінулага года на плошчы Перамогі ў Ляхавічах былі сярод удзельнікаў раённага выпускнога балю – як знак пераемнасці пакаленняў. У садку выхаванцы клуба ўдзельнічалі ў розных акцыях, конкурсах, фестывалях патрыятычнай накіраванасці, якія прасякнуты гонарам за сваю Радзіму Беларусь, за родныя Ляхавічы. Адзначу і падтрымку з боку бацькоў выхаванцаў, якія дапамагаюць і самі актыўна ўдзельнічаюць у такога кшталту мерапрыемствах. Цесна ўзаемадзейнічаем у плане патрыятычнага выхавання з аддзелам па адукацыі, вучэбна-метадычным кабінетам, СШ № 2, – расказвае загадчык дзіцячага сада № 3 Людміла Мяжуева.
Атмасфера падчас прысвячэння панавала ўрачыстая. Маленькія
патрыёты ў дзіцячай «ваеннай» форме надзвычай хваляваліся, але выдатна справіліся з пастаўленай задачай. Урачыста вымаўлялі словы клятвы юных патрыётаў: «…Берагчы гонар дзяржавы – клянёмся! Быць вернымі памяці дзядоў і прадзедаў – клянёмся!…» З натхненнем хлопчыкі і дзяўчынкі спявалі гімн клуба, адказвалі на пытанні віктарыны, а яшчэ прыгожа спявалі і танцавалі.
У такі адказны момант падтрымаць маленькіх патрыётаў прыйшлі іх старэйшыя сябры з СШ № 2 – удзельнікі ваенна-патрыятычнага атрада «Арляняты» і ваенна-патрыятычнага клуба «Фарпост». Ганаровыя госці свята – прадстаўнікі вучэбна-метадычнага кабінета аддзела па адукацыі і СШ № 2 – уручылі маленькім землякам значкі «Юны патрыёт».
Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

