«Рэпіхава» з яблыневым садам. У Крывошынскім сацыяльным пансіянаце «Рэпіхава» ідзе рамонт. Што зроблена

Сёння на Брэстчыне функцыянуе 11 сацыяльных пансіянатаў на 2 578 месцаў. Час паказаў запатрабаванасць такіх устаноў, таму колькасць месцаў у іх плануецца павялічваць. Адначасова будзе ўмацоўвацца матэрыяльная база пансіянатаў. Людзі, якія па волі лёсу трапілі ў стацыянарную сацыяльную ўстанову, павінны жыць камфортна.

Сёння ў Крывошынскім сацыяльным пансіянаце «Рэпіхава» пражывае 205 чалавек. Установа рыхтуецца «пашырацца». Пасля бягучага рамонту першы паверх былога будынка псіхіятрычнай бальніцы стане жылым корпусам. Зроблена нямала: укладзена плітка ў санвузлах, мяняюцца камунікацыі (водаправод і каналізацыя), сантэхніка, падлогавае пакрыццё ў калідорах і палатах, абноўлена столь, пафарбаваны сцены. Пасля завяр- шэння рамонту ў добраўпарадкаваных палатах змогуць пражываць больш за 50 чалавек. Сродкі выдаткаваны з абласнога бюджэту, а кошт работ перавышае 600 тысяч рублёў. У палатах размесцяць новую мэблю: шафы, сталы, ложкі, набытыя за кошт сродкаў Брэсцкага аблвыканкама. Летась на гэтыя мэты было выдзелена 60 тысяч рублёў. Дарэчы, поўнасцю змяніла выгляд прахадная.
На тэрыторыі былой псіхіятрычнай бальніцы вядуцца работы па выдаленні аварыйных дрэў. Яны ўяўлялі небяспеку для людзей, якія ідуць гэтым маршрутам, у тым ліку накіроўваючыся ў амбулаторыю.
– На месцы дрэў, прызнаных аварыйнымі, высадзім новыя. Замест аднаго пасадзім тры. Улічваючы спецыфіку нашай установы, дзеля гаючага паветра з’явяцца дрэвы хвойнай пароды. Плануем адрадзіць і яблыневы сад, які тут быў раней, – увёў у курс справы дырэктар «Рэпіхава» Яўгеній Сініла.
Акрамя добраўпарадкавання тэрыторыі, у планах і ўстаноўка новай
агароджы на тэрыторыі былой псіхіятрычнай бальніцы плошчай
каля 700 квадратных метраў.
Дзякуючы пастаяннай падтрымцы дзяржавы пражываючыя з псіханеўралагічнымі захворваннямі не адзінокія – адчуваюць сябе абароненымі і патрэбнымі, ахопленымі ўвагай і медабслугоўваннем. Для іх ствараюцца камфортныя ўмовы, набліжаныя да дамашніх.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.

