Каб салдат не застаўся безыменным. Асаблівую цікавасць выклікае гісторыя воінскага пахавання № 118, размешчанага ў аграгарадку Падлессе Ляхавіцкага раёна
Мінулае не знікае бясследна – яно жыве ў дакументах, у зямлі, якая захоўвае тых, хто не вярнуўся з вайны, і ў памяці сем’яў, якія і праз дзесяцігоддзі шукаюць сваіх герояў. Галоўны абавязак нашчадкаў перад тымі, хто ахвяраваў жыццём дзеля мірнай будучыні, – аднавіць імёны загінулых салдат і дакладна вызначыць месцы іх пахаванняў.

Пошукавыя атрады, краязнаўцы і валанцёры вядуць маштабную работу: па крупінках збіраюць звесткі, прозвішчы і імёны салдат. Важна ліквідаваць белыя плямы і разабрацца ва ўсіх супярэчнасцях. Кожны ўдакладнены факт, знойдзенае пахаванне набліжае нас да таго, каб праўда пра вайну стала максімальна поўнай. І гэта даніна павагі, памяць пра ўсіх, каго забрала вайна.
«ЛВ» пісаў пра тое, што з мінулага года на Ляхавіччыне праводзіцца маштабная работа па інвентарызацыі помнікаў і ваенных пахаванняў на тэрыторыі раёна.
– Падчас архіўна-даследчай работы высвятляюцца новыя факты, ухіляецца падвоены ўлік загінулых, устанаўліваюцца новыя імёны ваеннаслужачых, пахаваных на тэрыторыі Ляхавіччыны. Работа гэта вядзецца не толькі ўнутры раёна, але і ва ўзаемадзеянні з іншымі абласцямі. І гэта зразумела: вайна і складаныя ўмовы не спрыялі каліграфічнаму напісанню дакументаў і акуратнаму вядзенню спраў. З адкрыццём архіваў з’явіліся вялікія магчымасці для ўдакладнення даных. Сёння пры даследаванні помнікаў і воінскіх пахаванняў аддзел ідэалагічнай работы не толькі вывучае і звярае кожнае імя па разнастайных архіўных звестках і электронных рэсурсах, але і дапаўняе даныя месцам прызыву, службы, смерці і іншае. Пэўныя звесткі сабралі гісторыкі раёна. Прасочваем і воінскія падраздзяленні, якія праходзілі праз наш раён. Далей адпраўляем на ўзгадненне ва Упраўленне па ўвекавечванні памяці абаронцаў Айчыны і ахвяр войнаў Узброеных Сіл. На сёння актуальныя даныя змешчаны менавіта ў аўтаматызаваным банку даных «Кніга Памяці Рэспублікі Беларусь». Паводле абноўленых даных сельсаветы ўжо змянілі мемарыяльныя пліты на помніках у Дараве, Турках, Задвор’і, Свяціцы, Падсаколлі. Атрыманы ўзгадненні па воінскіх пахаваннях у Востраве, Крывошыне, Падлессі, дзе таксама будуць заменены мемарыяльныя пліты, – адзначае намеснік начальніка аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі райвыканкама Ларыса Юшкевіч.
Падлессе – кропка на карце памяці
Асаблівую цікавасць выклікае гісторыя воінскага пахавання № 118, размешчанага ў аграгарадку Падлессе (на здымку). Яно мае статус гісторыка-культурнай каштоўнасці.
Летам 1944 года ішлі жорсткія баі за вызваленне тэрыторыі раёна ад фашысцкіх захопнікаў. Недалёка ад вёскі Шавялі размяшчаўся ваенны хірургічны шпіталь, куды дастаўлялі параненых з усяго наваколля. Нягледзячы на намаганні ваенных медыкаў, многія салдаты паміралі ад ран, гангрэны… Іх хавалі ў агульных магілах. Пасля вайны загінулых пры вызваленні Падлесся і бліжэйшых вёсак перапахавалі ў брацкай магіле.
У выніку даследавання воінскага пахавання № 118 у Падлессі ўдакладнены звесткі ў адносінах да 92 чалавек. Так, са спісу пахаваных выключаны і ўнесены ў спісы пахаваных у брацкай магіле ў Ляхавічах чатыры чырвонаармейцы: Глеб Міхайлавіч Галубчыкаў (1912 г. н.), Пётр Трафімавіч Максіменка (1914 г. н.), Пётр Дзям’янавіч Пракапчук (1913 г. н.) і Рыгор Кандратавіч Рудэнка (1898 г. н.). Яны загінулі пры вызваленні Ляхавічаў 6 ліпеня 1944 года.
Падчас архіўна-даследчай дзейнасці спіс пахаваных у воінскім пахаванні ў Падлессі папоўніўся чатырма новымі імёнамі. Гэта Рахім Савельевіч Халітаў (1907 г. н.), Сямён Іванавіч Сопін (1924 г.н.), Анатолій Васільевіч Марунін (1925 г. н.) і Мікалай Іванавіч Косцін (1924 г. н.).
На помніку – 138 імёнаў, з якіх 46 – невядомыя. Рускія, беларусы, грузіны … Некаторым з іх было ўсяго 19 гадоў. Яны вызвалялі Ляхавіччыну і засталіся навечна ў зямлі, якую абаранялі цаной уласнага жыцця. Да воінскага пахавання не зарастае сцежка. Сюды ідуць навучэнцы мясцовай школы, землякі, родныя, каб ускласці кветкі, ушанаваць памяць і чарговы раз сказаць: «Мы памятаем. Мы шануем!».
Пакланіцца памяці прадзеда шмат гадоў прыязджае ў Падлессе праўнук Аляксей Мамонаў. Тут пахаваны яго прадзед – камандзір аддзялення другой стралковай роты 133-га гвардзейскага стралковага палка 44-й гвардзейскай стралковай Чырванасцяжнай дывізіі гвардыі сяржант Гаўрыл Карнеевіч Бяспалаў. Родныя доўга шукалі свайго роднага чалавека, і прабабуля дала наказ унукам і праўнукам – знайсці яго. Аляксей выканаў запавет прабабулі: штогод ён разам з сям’ёй ускладае на мармуровую пліту вянок…
– Задача падрастаючага пакалення – увекавечыць памяць пра тых, хто здабыў Вялікую Перамогу, і дапамагчы родным знайсці сваіх герояў. Пакуль мы памятаем – яны жывуць, – падкрэслівае Ларыса Юшкевіч.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

