Патрабуецца парадкавая дазагрузка. Ляхавіцкім райвыканкамам прынята рашэнне аб правядзенні з 11 лістапада па 11 снежня дадатковага месячніка па прыбіранні і добраўпарадкаванні

Месячнік навядзення чысціні, парадку, азелянення праходзіў на Ляхавіччыне ў кастрычніку. Аналізуючы запланаванае і зробленае, Ляхавіцкім райвыканкамам з улікам спрыяльных умоў надвор’я было прынята рашэнне аб правядзенні з 11 лістапада па 11 снежня дадатковага месячніка па прыбіранні і добраўпарадкаванні. Наколькі плённа і вынікова ў райцэнтры выконваюцца мерапрыемствы па навядзенні парадку, ці эфектыўна выкарыстоўваюцца землі, ішла размова падчас рабочага пасяджэння райвыканкама.
Старшыня райвыканкама Мікалай Мароз у чарговы раз нагадаў, што Кіраўнік дзяржавы паставіў задачу паўсюдна навесці ідэальны парадак да 1 студзеня 2026 года. Так, зроблена за апошні час нямала, але месцы, дзе неабходна папрацаваць, каб стала чысцей і ўтульней, яшчэ ёсць.
У кастрычніку працоўныя калектывы прыбіралі не толькі падведамасныя тэрыторыі, але і наводзілі парадак у парках Рэпіхава, Грушаўка, добраўпарадкавалі тэрыторыі мемарыяльных комплексаў, месцаў баявой і воінскай славы, займаліся санітарнай абрэзкай расліннасці. Актыўна папрацавалі землякі падчас добраахвотнай акцыі «Дай лесу новае жыццё!». Начальнік райінспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Іна Траяноўская расказала, што з удзелам спецыялістаў райвыканкама, аддзела па адукацыі, сектара культуры, камунальнай службы, навучэнцаў і работнікаў агракаледжа,
ДРБУ-200, райінспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя высаджана 60 дрэў і кустоў у гарадскім парку адпачынку, 150 дрэў і кустоў на вуліцах Дружнай, Русінавіцкай у райцэнтры, 50 дрэў у прыдарожнай паласе аўтадарогі ад чыгуначнага пераезда Кавалі. У якасці работы над памылкамі ліквідаваны несанкцыянаваныя сметнікі. Такую работу правялі ЗАТ «Белпрампрыбор» каля фермы «Галаўнінцы», УП «Дзітвабуд» і СУП «Ліпнянка» ў Тухавічах, Ляхавіцкі кансервавы завод рэкуль-
тываваў унутрыгаспадарчы кар’ер. ААТ «Жарабковічы» правяло работы па тампанажу водазаборнай свідравіны ў Гайнінцы. Лясгасаўцы прыбралі ад будаўнічых адходаў тэрыторыі дзяржлесфонду ў раёне вёскі Навасёлкі Крывошынскага сельсавета. Дарэчы, райінспекцыя прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя правяла 150 абследаванняў тэрыторый раёна, выяўлена 76 парушэнняў, выдадзена 14 прадпісанняў. За парушэнні прыродаахоўнага заканадаўства адносна юрыдычных і фізічных асоб аформлена 78 адміністрацыйных спраў, накладзена штрафаў амаль на 32 тысячы рублёў. Выяўлена 11 фактаў нанясення шкоды навакольнаму асяроддзю на 12 тысяч рублёў. Штрафы віноўнікі заплацілі.
Начальнік аддзела землеўпарадкавання райвыканкама Наталля Крымская спынілася на тым, як наводзіцца парадак на землях раёна, наколькі эфектыўныя праводзімыя мерапрыемствы. Адносна шасці землекарыстальнікаў судом Ляхавіцкага раёна вынесена пастанова аб прыцягненні іх да адміністрацыйнай адказнасці ў выглядзе штрафу.
Не ўсе грамадзяне, якім выдзяляліся зямельныя ўчасткі, аказаліся дбайнымі гаспадарамі. Так, адабраны тры зямельныя ўчасткі ў райцэнтры – па вуліцах Клімука, Заходняй, Кветкавай. Гэтыя
тэрыторыі ўключаны ў пералік свабодных і прадастаўлены іншым грамадзянам, якія маюць патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў. Пасля правядзення сходаў з жыхарамі дамоў № 7 і 9 па вуліцы Чкалава, № 21 па 17-га Верасня ў райцэнтры грамадзяне вызвалілі самавольна занятыя гаспадарчыя пабудовы. Праведзены
суботнік сумесна з камунгасам на зносе гэтых аб’ектаў.
Прадаўжаецца работа па легалізацыі самавольна занятых зямельных участкаў. Па стане на 31 кастрычніка толькі ў Ляхавічах легалізавана
38 зямельных участкаў. Вызвалена і вернута ў склад
земляў населеных пунктаў раёна 105 зямельных участкаў.
Галіна КАНЬКО.

